Абласныя “Дажынкі” фестываляць у Ляхавічах

Старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар заўсёды асабіста
віншуе лепшых хлебаробаў Брэстчыны. Сёлета каравай Брэстчыны заважыў 1067661 тону.
Давайце прачытаем хлебную карту вобласці (на здымку). Першы радок – намалочана тон; другі – ураджайнасць,ц/га (па даных галоўнага статыстычнага  ўпраўлення Брэсцкай вобласці).
Ураджай колеру сонца. Жніўны пастфактум – хлеб наш надзённы. У больш чым мільённатонным караваі Брэстчыны дваццатая частка з любоўю вырашчана, выпеставана, убрана на ляхавіцкіх землях. Не будзем сёння пра надвор’е, якое не заўсёды спрыяла хлебаробу. Справа зроблена: засекі дзяржавы поўняцца збожжам, якое ўвабрала ў сябе разам з цяплом сонечных промняў іншае, не менш уплывовае і жыццёва неабходнае – цяпло і клопат рук працавітых і нястомных. Колькі стагоддзяў у малітве мы паўтараем: Божа, хлеб наш надзённы даждзь нам днесь… І чалавек з мазолістымі далонямі, мудрасцю сялянскай, сэрцам, поўным любові, песціць зямлю да самай яе шчодрасці, каб штодня было ўдосталь хлеба нашага надзённага. Дзякуй, Божа. Дзякуй, хлебароб.
І ці трэба падкрэсліваць рытарычнасць пытання: чаму свята “Дажынак” з часам не губляе сваёй асаблівай узвышанасці і натхняльнай урачыстасці, абсалютнай усенароднасці і яднаючай прыцягальнасці? Словы “жыццё” і “жыта” аднакарэнныя, паняцці — роднасныя. А хлебароб, па сутнасці, у гэтым сімбіёзе галоўная дзеючая асоба. Даўно ўжо гісторыяй, амаль што элементамі фальклору сталі плугі, сявенькі, сярпы, цэпы… Сёння пералічваем як само сабой зразумелае: “КЗС”, “Палессе”, “Ліда”, “ДжонДзір”, “Бізон”. Камп’ютарнае кіраванне, камфортны мікраклімат у кабіне, без лішняга шуму і трасяніны, затое з высокай выпрацоўкай, зайздросным каэфіцыентам карыснага дзеяння, выдатнай якасцю работ – хлебаробу без гэтага ніяк. І ўсё ж менавіта ён – аўтар ураджаю, ён кіруе “разумнай” тэхнікай, ён забяспечвае, ён адказвае – ён, ён, ён! Ад падрыхтоўкі глебы да чыста скошанага ржышча – праз аксамітныя ўсходы, потым – першую іх пазалоту, колас, які наліваецца і спее, зерневы паток з бункера камбайна ў кузаў, маршрут поле-элеватар.
Сёлета ўсё гэта ўжо спраўдзілася, і ў канцы хлебаробскага сюжэта можна паставіць… не – не кропку, а клічнік. Справа вартая гэтага, як вартыя і героі жніва.
Абласныя “Дажынкі” фестываляць у Ляхавічах. Дзежавю: 13 гадоў назад да нас ужо з’язджаліся хлебаробы Брэстчыны на заключнае жніўнае свята. І раён рыхтаваўся да яго па меры магчымасцяў. Але сённяшнія рэаліі – гэта нешта! Абноўленыя, памаладзелыя да неверагоднасці, прыгожыя, сучасныя Ляхавічы сталі такімі, дзякуючы статусу сталіцы абласных “Дажынак-2013”, дзякуючы вельмі важкаму – за 100 мільярдаў рублёў – дзяржаўнаму фінансаванню, якое было выдаткавана з абласнога і раённага бюджэтаў на падрыхтоўку райцэнтра да свята. Але свята доўжыцца ўсяго дзень, а пабудаванае, адрамантаванае, рэканструяванае, добраўпарадкаванае застанецца ў карыстанні людзей надоўга. Менавіта на гэтым не аднойчы засяроджваў увагу старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, наведваючы наш раён і кантралюючы ход падрыхтоўкі да фестывалю-кірмашу. І абавязкова падкрэсліваў, як важна берагчы і прымнажаць тое, што зроблена.
Сёння ў нашай хаце свята – калі ласка ў нашу хату! Нагода – «Дажынкі», прычына – Хлеб. У абдымках верасня, на пачатку восені гучыць гімн жыццю. І мы гартаем старонкі жніва-2013.
Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Гартаем старонкі жніва-2013

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *