Пляжны пашпарт гатовы? На Ляхавіччыне падрыхтоўка зон адпачынку на вадаёмах да купальнага сезона ў самай актыўнай фазе

На Ляхавіччыне падрыхтоўка зон адпачынку на вадаёмах да купальнага сезона ў самай актыўнай фазе. Раённая камісія па праверцы іх гатоўнасці ўжо неаднойчы выязджала на месца
і маніторыла сітуацыю. Асаблівая ўвага надаецца добраўпарадкаванню тэрыторый, наяўнасці кантэйнерных пляцовак і ёмістасцяў для збору цвёрдых камунальных адходаў, пляжнага абсталявання і іншым пытанням. Напрыканцы красавіка прадстаўнікі камісіі пабывалі на пляжах на рацэ Ведзьме і на рацэ Шчары ў аграгарадку Дарава. Што ўбачылі?

Зроблена нямала. Праведзены бягучы рамонт навесаў ад сонца, лавак, кабінак для пераапранання, ачышчана прыбярэжная тэрыторыя. Устаноўлены інфармацыйныя стэнды і г. д.
На гарадской зоне адпачынку пасля зімы ў парадак прыведзены валейбольная і дзіцячыя пляцоўкі.
На тэрыторыі зоны адпачынку на Ведзьме на той момант з-за дажджоў стаяла вада, і камунгас, на балансе якога знаходзіцца тэрыторыя, не меў магчымасці падсыпаць яе пяском. Але на
сёння гэта задача выканана, і паверхня пляжа роўная, без ям. Буйкамі абазначана зона для купання, для дзяцей яна агароджана сеткай.
На Шчары камісія рэкамендавала ўладкаваць зручны выхад з пляжа ў ваду. І насупраць гэтага пункта пастаўлена адзнака  «зроблена».
Для захавання чысціні на месцы і кантэйнеры для смецця, устаноўлены слупкі, якія абмяжоўваюць уезд транспарту на пляж.
Вадалазы яшчэ загадзя абследавалі і ачысцілі дно вадаёмаў. Засталося «выпалаць» прыбярэжную паласу ад чароту  і іншай воднай расліннасці. Па словах начальніка ўчастка добраўпарадкавання КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Уладзіміра Несцяровіча, і з гэтай задачай у бліжэйшы час справяцца, а яшчэ завершаць рамонт альтанкі на Ведзьме.
Супрацоўнікі райЦГіЭ ўзялі пробы вады з вадаёмаў зон адпачынку і накіравалі іх у лабараторыю Баранавіцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, але пакуль вынікі даследаванняў не завершаны. Афіцыйныя зоны адпачынку атрымаюць пашпарты гатоўнасці пры ўмове выканання санітарна-эпідэміялагічных і іншых патрабаванняў.
Дарэчы, санэпідслужба праводзіць лабараторны кантроль вады паверхневых водных аб’ектаў падчас усяго купальнага сезона.
Старшыня раённай арганізацыі Асвода Віктар Прыхач расказаў «ЛВ», што з 4 мая на гарадской зоне адпачынку сваю вахту нясе матрос-выратавальнік.
Арганізацыя бяспечнага купання не здымаецца з парадку дня, адзначыла старшыня камісіі па падрыхтоўцы зон адпачынку да сезона намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч.
Часта можна ўбачыць, як уздоўж лініі пляжа прагульваюцца ляхавічане са сваімі чатырохлапымі сябрамі. Згодна з рашэннем райвыканкама, выгул сабак дазволены толькі ў вызначаных месцах, у якія пляж Ведзьмы не ўключаны. Выгул дамашніх сабак дазволены на тэрыторыі ў канцы вуліцы Будаўнікоў паміж Кальцавой і Клецкай, а таксама на тэрыторыі ўздоўж гаражнага масіву паміж вуліцамі Кастрычніцкай і Арлоўскага.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.