Жніўны шлях «Шляху новага»

Экіпаж: Васілій Шадура і Аляксандр Камінскі.

Шанцаванне ў сельскагаспадарчай вытворчасці — справа далёка не першая і нават не другая. Значна важнейшыя складальнікі паспяховага гаспадарання зусім іншыя — шчырая і самаадданая праца, агульная зацікаўленасць у выніку работы і дысцыпліна, ашчаднасць і ўкараненне новых тэхналогій.
Ну і, безумоўна, дальнабачнасць і гаспадарлівасць кіраўніцтва, прафесіяналізм спецыялістаў, асабістая адказнасць усіх і кожнага за даручаны ўчастак і агульную справу. Менавіта па такім шляху ўжо каторы год ідзе адно з лепшых сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна — СВК «Шлях новы».
Сёлета пасяўныя плошчы СВК значна павялічыліся: да палёў «Шляху новага» далучылі сельгасугоддзі колішняга СВК «Ордэна «Знак Пашаны «Кастрычнік». Такім чынам, амаль на тысячу гектараў у параўнанні з мінулагодняй лічбай пашырыліся плошчы, занятыя каласавымі культурамі: 2362 гектары — і кааператыў стаў трэцім па велічыні сейбітам у раёне.

Вадзіцелі Юрый Тарабеш і Юрый Малевіч.

Аднымі з першых тутэйшыя хлебаробы прыступілі да жніва. У поле выйшлі 11 камбайнаў, на адвозцы зерня было за-дзейнічана 11 аўтамабіляў, збожжа перапрацоўвалі 3 зернесушыльныя комплексы. Пры ўраджайнасці 46,1 цэнтнера з гектара намалочана 10890 тон збожжа. Канешне, бачылі тут і больш важкія ўраджаі, але і за сёлетнія, з улікам аб’ектыўных абставін, не сорамна. Тым больш, перспектывы ў гаспадаркі шырокія, калі ўлічваць уласныя інвестыцыі на бала-гектар сельгасугоддзяў (гэты паказчык — яскравае сведчанне клопату пра дзень заўтрашні — другі па велічыні ў раёне пасля СВК «Ляхавіцкі»), выдатныя віды на кукурузу і вынікі корманарыхтовак, што дазваляюць прагназаваць добрую зімоўку жывёлы і адпаведныя надоі…
Сёння ў аб’яднанай гаспадарцы працуе больш за 500 чалавек. Сярод іх — пераможцы рэспубліканскіх, абласных і раённых спаборніцтваў на жніве: лепшыя камбайнеры, вадзіцелі, аператары зернесушыльнага комплексу. Іх прозвішчы сёння ўпрыгожваюць нашу газету. Іх сціплыя і адкрытыя ўсмешкі стануць сапраўдным упрыгожваннем сённяшняга свята. Вынікі іх работы робяць гонар не толькі гаспадарцы, але і ўсяму раёну.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Сяргей ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *