Працоўны колер мая. У Ляхавіцкім раёне ідзе корманарыхтоўка

На календары май, які па максімуму расквеціў навакольны прастор зялёнымі колерамі. Але праўда і тое, што некалькі апошніх дзён ў актыўны наступ пайшоў не менш насычаны жоўты – пачалося цвіценне азімага рапсу.

Але сёння размова не пра рапс, а пра яго крыжакветную «сваячку» – свірэпіцу. Збіраючыся ў мінулы чацвер на адзін з палеткаў ААТ «Жарабковічы», было спадзяванне хоць часткова ўбачыць, як жоўтую паласу свірэпіцы змяняе такая ж па памерах зялёная – азімае жыта. І так ці не да гарызонта на плошчы больш за 200 гектараў.
– Спазніліся. Усе да адзінага гектары ўжо скошаны, на працягу прыкладна двух дзён пракосы правялены і на большай палове палетка ўжо ўбраны. Тое, што яшчэ некалькі дзён назад квітнела яркімі фарбамі, стала ці хутка стане сянажнай масай, – сустрэў нас начальнік трэцяга вытворчага ўчастка ААТ «Жарабковічы» Міхаіл Багацкі.


А на самім полі – працоўная карусель. На параўнальна невялікай пляцоўцы знаходзілася вялікая колькасць сельгастэхнікі. Кожная яе адзінка выконвала сваю тэхналагічна дакладна прапісаную ролю, а зялёны сельскагаспадарчы палетак – іх сцэна. Толькі тут не пастановачная ігра, а нялёгкая – ад васьмі раніцы да васьмі вечара – работа. Усе разумеюць, па-першае, выключную важнасць корманарыхтоўчай кампаніі, па-другое, неабходнасць лавіць моманты: аптымальную гатоўнасць траў, спрыяльнае надвор’е і іншае. А фінальную задачу можна сфармуляваць наступным чынам: траншэя павінна быць запоўнена сянажнай масай і закрыта своечасова. Час – не больш як тры дні, незалежна ад аб’ёму яе напаўняльнасці. Дазволіць сабе, напрыклад, чацвёрты дзень работы над сянажнай траншэяй азначае пагадзіцца на пагаршэнне якасці канчатковага прадукту – сенажу.
– Учора пачалі не з самага ранку. Вымушаны былі чакаць, пакуль скошаныя травы дойдуць да стану неабходнага паказчыка
вільготнасці. Але ўжо са старту хлопцы-нарыхтоўшчыкі паказалі высокі і хуткі клас работы. За няпоўны працоўны дзень у траншэю было закладзена больш за 600 тон масы. Думаю і ўпэўнены, што сёння-заўтра завяршым і з гэтым полем, і з нашай першай у новым сезоне сянажнай траншэяй, – працягвае палявую тэму Міхаіл Багацкі.
А поле пасля зялёнай уборкі жыта-свірэпіцы зноў стане полем. Цяпер ужо кукурузным, і падрыхтоўка яго пад пасеў названай культуры адбываецца тут жа. Адразу ж за крайнім кормаўборачным комплексам, літаральна корпус у корпус на паслякасавічнае поле выйшаў агрэгат-раскідвальнік мінеральных удабрэнняў. За РУМам
пойдуць плугі, пасля – падрыхтоўшчыкі глебы і, як завяршальная фаза веснавых работ, – сеялкі.
А кукуруза стане другім знятым з гэтага ж поля ўраджаем.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.