Гучала Ляхавіччына на «Радаводзе»

Сталіца Палесся Пінск на два дні ператвараўся ў абласную музычна-мастацкую сталіцу. 20-21 мая Пінск сустракаў гасцей і ўдзельнікаў VIIІ адкрытага абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва «Радавод» (упершыню свята было арганізавана ў 2004 годзе і з таго часу
праводзіцца з перыядычнасцю адзін раз у тры гады).

У «Радаводзе»-2022 удзел узялі больш за 1500 таленавітых прыхільнікаў народнай творчасці, якія не толькі дэманстравалі ўласнае майстэрства, але і вучыліся ў іншых падчас разнастайных вэбінараў, майстар-класаў, аглядаў фальклорнай і аўтэнтычнай творчасці.
Як заўжды, гучна, таленавіта і творча на форуме была прадстаўлена Ляхавіччына. Колькі заслужаных кампліментаў прагучала ў адрас юных майстроў і іх педагогаў з цэнтра дадатковай адукацыі
дзяцей і моладзі.
«Горад майстроў» вабіў разнапланавай вясёлкай вырабаў. Многія з захапленнем спыняліся каля экспазіцыі «Ляхавіцкі карагод», дзе прадстаўлены вырабы з гліны, саломы, ільну, паперы, тканыя ручнікі аўтарства рабят і педагогаў з аб’яднанняў па інтарэсах «Масцярылка» (кіраўнік Святлана Дубіна), «Лянок» (кіраўнік Наталля Махляр), «Юны дызайнер» (кіраўнік Алена Макарэвіч), «Пляценне з паперы» (кіраўнік Наталля Ксёнжык), «Майстрыха» (кіраўнік Рэгіна Піваварчук).
Якая ж смаката! А водар! Такія водгукі гучалі там, дзе праходзіў конкурс-выстава «Бабуліна кухня». Пакарыў многіх сваімі кулінарнымі здольнасцямі юны ляхавічанін Ілья Шайкоўскі. З дапамогай выкладчыка ЦДАДіМ і па сумяшчальніцтве мамы Галіны Шайкоўскай Ілья нагатаваў беларускіх страў: на стале – сачэнь, пражонка, дранікі, піражкі і іншае.
На выдатна прайшла прэзентацыя народнага касцюма 1916 года ляхавіцкага строю. Яго элементы вельмі беражліва збіралі па бабулях і дзядулях, а ў аснове – касцюм, які захавала ад сваёй маці жыхарка Падлесся Валянціна Праневіч. Прэзентацыю падрыхтавала Аляксандра Трыбух з Падлескага ВПК пад кіраўніцтвам педагога Ларысы Глеб.
Таксама дастойна выступілі на свяце фальклорны калектыў «Кужалёк» (кіраўнік Наталля Сідор) СШ № 1 і аб’яднанне па інтарэсах «Спадчына» (кіраўнік Святлана Ушко) гімназіі.
Удзел юных талентаў Ляхавіччыны і выдатныя прэзентацыі-выступленні не засталіся незаўважанымі. Ад гледачоў гучала нямала віншаванняў і падзяк. А журы неаднойчы адзначала высокі ўзровень майстэрства. Пацвярджэнне гэтаму – і шэраг прызавых месцаў і ўзнагарод. Дыпломы І ступені атрымалі Ілья Шайкоўскі ў намінацыі «бабуліна кухня», Аляксандра Трыбух у намінацыі «фальклорны касцюм», Кацярына Вітко ў намінацыі «майстар-клас», Паліна Анісімава ў намінацыі «вацінанка». У іх гонар гучалі апладысменты на ўрачыстай цырымоніі закрыцця «Радавода» і ўзнагароджвання пераможцаў на цэнтральнай плошчы Пінска.
Галіна КАНЬКО.