Таленты з Ляхавіччыны выклікаюцца на біс

Спецыфіка работы супрацоўнікаў устаноў культуры: калі ўсе мы адпачываем, яны працуюць – ствараюць свята. Выступае артыст на сцэне – ён духоўна, непаўторнай энергетыкай звязаны з кожным гледачом ці слухачом. Бібліятэкар штодзённа абслугоўвае мноства чытачоў, з кожным трэба пагаварыць, кожнаму нешта параіць. Педагогі музычных школ і школ мастацтваў развіваюць таленты і навучаюць мастацтву сваіх вучняў, удасканальваюць іх у спевах, танцах, малюнках. Што датычыцца клубных работнікаў, то жыццё ў дамах культуры, клубах, як гаворыцца, віруе: правядзенне вечарын, тэатралізаваных шоу, аглядаў, конкурсаў і фестываляў, народных абрадавых святаў… Шчырай увагай, добрым словам, душэўнымі адносінамі культработнікі саграюць сэрцы людскія, робяць жыццё больш насычаным, змястоўным і цікавым.
Культурная ніва Ляхавіччыны сёння – 34 клубныя ўстановы (2 у горадзе), 34 бібліятэкі, 3 дзіцячыя школы мастацтваў, якія налічваюць 17 філіялаў па ўсім раёне, кінавідэапрадпрыемства з кінатэатрам “Кастрычнік” (абноўленым, рэканструяваным, мадэрнізаваным), 16 калектываў, якія носяць званні “народны” і “ўзорны”. Моладзь з поспехам дэманструе сваё майстэрства, удзельнічае ў рэспубліканскіх, абласных і раённых фестывалях, конкурсах, выставах. 16 юных талентаў з нашага раёна станавіліся стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Ва ўстановах культуры працуе больш як 300 прафесіяналаў. Сярод іх і калектыў Ураджайнінскага СДК
.

– Ні адно раённае мерапрыемства не абыходзіцца без удзелу калектываў гэтага СДК. Землякі палюбілі самадзейных артыстаў за самабытную манеру выканання, артыстызм, шчырасць і непадробную прагу да творчасці, жаданне ствараць добры настрой іншым, – гаворыць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач.
Сельскаму Дому культуры ва Ураджайнай без малога паўстагоддзя. Але з года ў год ён маладзее: зберагае народнае і не адстае ад часу. Асаблівае месца ў рабоце займае адраджэнне менавіта народнай творчасці.
На жаль, час не пашкадаваў клубнага будынка, і цяпер (хочацца спадзявацца – пакуль) клуб размешчаны пад адным дахам з дзіцячым садам. Аднак, мясцовыя культработнікі не сумуюць, а працягваюць радаваць землякоў сваёй творчасцю. Працуе тут усяго пяцёра чалавек, але, як гаворыцца, бяруць не колькасцю, а якасцю. З таленавітых аднавяскоўцаў створаны 8 мастацкіх калектываў: знакамітая вакальная група “Медуніца”, сольная дарослая група з народнай манерай выканання, дзіцячая эстрадная група, мастацкага чытання, гульні “Забаўляльнік”, рукадзелля, эстраднай песні “Шанц”, “Свет кветак”.
Усе гэтыя калектывы запатрабаваныя – пастаянна ўдзельнічаюць у канцэртах.
— Наша работа – дарыць людзям добры настрой. Мы не проста весялім, радуем, але і выхоўваем, – расказвае нязменная на працягу многіх гадоў загадчыца СДК Ларыса Ясевіч.
Ларыса, як і яе калегі Марыя Пронька, Юрый Паплаўскі, Таццяна Зелянко, – культработнікі і па прызванні, і па адукацыі. Ладзяць дні вёсак, выязныя канцэрты, з нецярпеннем чакалі іх падчас жніва і на палявых станах (7 канцэртных праграм), гульнёвыя дзіцячыя шоу, навагоднія ранішнікі і агеньчыкі, фальклорныя святы накшталт Калядак і Купалля.
Запомнілася вяскоўцам сустрэча з паэтам, тутэйшым ураджэнцам Іванам Трысценем, які нядаўна выпусціў вершаваны зборнік “Вясковыя байкі”, а таксама з мясцовай паэткай Людмілай Цітко.
Творча сябруюць з мясцовым дзіцячым садам, калегамі з Каранеўшчынскага сельскага клуба. Дарэчы, сямейны музычны ансамбль ”Карагод”, які пакарыў абласное журы на фестывалі сямейнай творчасці ”Пад дахам дома твайго”, складзены з культработнікаў Ураджайнінскага СДК і Каранеўшчынскага СК.
“Медуніца” – своеасаблівая візітоўка Ураджайнай. Сярод яе ўдзельнікаў повар СВК “Шлях новы” Вікторыя Суравец, медработнік Навасёлкаўскай урачэбнай амбулаторыі Раіса Шадура, маладая мама Настасся Царык, загадчыца Каранеўшчынскага клуба Алена Сідор. Мастацкі кіраўнік “Медуніцы”, яна ж мастацкі кіраўнік СДК Марыя Пронька – асоба надзвычай таленавітая і творчая. Колькі роляў прымерала да сябе – і лірычных, і гумарыстычных. З усімі справілася! Бібліятэкар Таццяна Зелянко – ініцыятар шматлікіх конкурсаў і праграм, нязменны ўдзельнік песенных калектываў.
Адзіны мужчына ў гэтай культурнай “сям’і” – акампаніятар і саліст Юрый Паплаўскі, як гаворыцца, на вагу золата: без яго ва Ураджайнінскім СДК – аніяк. Нават прыбіральшчыца Наталля Пронька не толькі за чысціню ў адказе – яна і спявае, і танцуе.
Галоўным падарункам да прафесійнага свята ўсім культработнікам будзе шчырая ўсмешка ў зале ад удзячных гледачоў і несціханыя апладысменты за творчасць. Таленты выклікаюцца на біс!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *