Начны госць

16 мая каля дзвюх гадзін ночы грамадзянку З., 1952 г.н., якая пражывае ў адным са шматкватэрных дамоў у г. Ляхавічы, разбудзіў званок дамафона. Жанчына, нічога не падазраючы, адчыніла дзверы пад’езда. Праз некалькі мінут яна пачула, што нехта настойліва звоніць у дзверы яе суседзяў. З цікаўнасці выйшла на пляцоўку, дзе ўбачыла маладога чалавека, якім аказаўся раней неаднаразова судзімы за крадзяжы жыхар г. Баранавічы В., 1987 г.н. У размове той паведаміў, што яшчэ днём быў у кватэры яе суседкі, але цяпер яму не адчыняюць, і ветліва папрасіў дазволу зайсці ў кватэру. Жанчына, нягледзячы на тое, што хлопец быў у стане алкагольнага ап’янення, пусціла яго да сябе.
Пасля гэтага яны на працягу некалькіх мінут мірна размаўлялі, але раптам госця нібы падмянілі, ён груба запатрабаваў: «Давай грошы». З. адказала, што грошай у яе няма. Іх сапраўды не было: жанчына атрымлівае невялікую пенсію. Гэта яшчэ больш раззлавала начнога госця, і ён стаў збіваць гаспадыню кватэры, наносіў удары рукамі і нагамі, працягваючы патрабаваць грошы. Пасля кінуў няшчасную на ложак і стаў шукаць грошы сам. Выварочваў усё з шафы, сталоў, пасля чаго прыгразіў ёй, каб не ўздумала звяртацца ў міліцыю, і пайшоў з кватэры.
Толькі пасля 6 гадзін раніцы жанчыну ў кватэры з мноствам цялесных пашкоджанняў знайшоў сын, які і паведаміў у міліцыю.
Пры аглядзе месца здарэння было ўстаноўлена, што В., які не знайшоў грошай, прыхапіў з кватэры мабільны тэлефон, сонцаахоўныя акуляры, два невялікія складаныя кішэнныя нажы, манеты часоў СССР рознай вартасці і нават пакет семачак.
Падазроны быў затрыманы практычна адразу: знаходзіўся ў суседняй кватэры, там жа выяўлены ўкрадзеныя рэчы.
У адносінах В. узбуджана крымінальная справа па арт. 206 ч. 2 КК Рэспублікі Беларусь (грабёж) і выбрана мера пакарання ў выглядзе заключэння пад варту. На бліжэйшыя некалькі гадоў ён будзе ізаляваны ад грамадства.
Што датычыцца ляхавічанкі З., то ў чарговы раз чалавек пацярпеў па прычыне сваёй даверлівасці. Не адчыняйце дзверы пад’ездаў і кватэр незнаёмым людзям. Пры спробе падазроных асоб пранікнуць у пад’езд ці кватэру паведамляйце ў міліцыю.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, намеснік начальніка РАУС.

One thought on “Начны госць

  • 07/06/2010 в 20:55
    Permalink

    адчыняйце, не адчыняйце… это не выход… законы переписаны не грамотно… таких уродов надо либо стрелять, либо руки им отрубать… P/S/ раней судiмы…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *