У Ляхавіцкім раёне пачаўся традыцыйны дабрачынны марафон “Калядны падарунак”, які праводзіцца ў межах рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці»

«Рабіць дабро так проста!».

Пастаянныя ўвага і клопат – тое, без чаго дзяцінства не можа быць па-сапраўднаму шчаслівым. Але калі большасці хлопчыкаў і дзяўчынак гэта ў дастатковай ступені можа забяспечыць уласная сям’я, то для некаторых рабят толькі сямейнага клопату недастаткова. Ёсць асаблівыя дзеці, якім патрэбна павышаная ўвага і не толькі дома: дзеці з парушэннямі слыху, зроку, інтэлектуальнага развіцця, маўлення, з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці, з псіхапатычнымі формамі паводзін і іншыя.

У Ляхавіцкім раёне па стане на пачатак гэтага года пражывала 5238 дзяцей, з іх прыкладна дзясятая частка – з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Для таго, каб гэтым рабятам адчуваць сябе паўнапраўнымі членамі грамадства, ім неабходна сацыяльная рэабілітацыя. А для нашых маленькіх землякоў з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці, якія вучацца і выхоўваюцца ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (установа размешчана ў Ляхавічах па адрасе вул. Дзесюкевіча, 25), для паўнацэннай жыццядзейнасці неабходна ствараць безбар’ернае асяроддзе: спецыяльна абсталяваныя пад’язныя шляхі, пандусы, пад’ёмнікі, поручні, рэабілітацыйнае абсталяванне. Для дзетак, якія дрэнна чуюць, бачаць, перамяшчаюцца на інваліднай калясцы, такое асяроддзе дае ў прамым сэнсе слова бязмежныя магчымасці!

Разам пачаць будаваць безбар’ернае асяроддзе землякам-ляхавічанам прапануюць арганізатары дабрачыннага марафону “Калядны падарунак” – раённы выканаўчы камітэт, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённая арганізацыя ГА “Белая Русь”, ЦКРНіР. Марафон – адзін са складальнікаў рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” – праходзіць на Ляхавіччыне з 9 снежня па 17 студзеня пад дэвізам “Рабіць дабро – так проста!”.

На “марафонскім” маршруце – шэраг этапаў і прыпынкаў. Папярэднічаюць асноўным падзеям правядзенне раённага конкурсу відэаролікаў “Кожны мае права быць розным” і выраб навагодніх сувеніраў для рэалізацыі падчас дабрачынных акцый.

Афіцыйна дабрачынны марафон стартуе ў бліжэйшую пятніцу, 13 снежня: у 12 гадзін у магазіне “Дзіцячы свет “Аліса” пачнецца ўжо знаёмая ляхавічанам па мінулым годзе акцыя “Жаданне ў далоньцы”. Кожны з нас зможа дапамагчы маленькаму земляку, “асабліваму” дзіцяці, паверыць у навагодні цуд – хаця б часткова споўніць яго калядныя пажаданні. Тое, пра што рабяты мараць, супрацоўнікі ЦКРНіР запішуць на папяровых далоньках, якімі і ўпрыгожаць ёлку ў магазіне. З мінулагодняга вопыту можна сказаць, што “жаданні ў далоньках” былі даволі сціплымі: цукеркі, цацкі, кніжкі, канцылярскія прыналежнасці.

У гэты ж дзень, 13 снежня, у 18 гадзін у ГДК адбудзецца дабрачынны канцэрт эстраднай групы “Экспрэс”.

18 снежня забаўляльная праграма “Калядны калейдаскоп” запросіць на свята хлопчыкаў і дзяўчынак, якія праходзяць лячэнне ў дзіцячым аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы.

Падчас акцыі “Рабіць дабро – так проста!” можна будзе далучыцца да дабрачынных ахвяраванняў у выглядзе ласункаў ці грашовых сродкаў у магазінах “Усходні” (21 і 22 снежня) і “Верас” (28 і 29 снежня). Акцыя будзе праходзіць з 11 да 15 гадзін.

Акцыя “Залатое сэрца” пройдзе і ў Доме Саветаў.

24 снежня а палове 11-й гадзіны ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі адбудзецца навагодні ранішнік для дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці. Павіншаваць рабят з Калядамі і Новым годам завітаюць валанцёры і шэфы.

На 10 студзеня запланаваны Калядныя сустрэчы ў ЦКРНіР. А 17 студзеня цэнтр адсвяткуе сваё 10-годдзе, праграма “Мы разам” пачнецца ў 11 гадзін.

Застаецца дадаць, што ўсе грашовыя сродкі, выручаныя падчас дабрачыннага марафону, будуць накіраваны на стварэнне ў ЦКРНіР безбар’ернага асяроддзя, якое адпавядае стандартам спецыяльнай адукацыі, а таксама на навагоднія падарункі дзецям з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці, дзецям-інвалідам. І наш, нават самы невялікі, уклад у агульную справу будзе ўзнагароджаны самым шчодрым падарункам – шчырай усмешкай дзіцяці.

Рабіць дабро – так проста!

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *