В Ляховичском районе готовы к встрече с гриппом

На Брэстчыне штогод грыпам і ВРІ хварэюць 25-35 працэнтаў — кожны чацвёрты (а то і трэці) жыхар вобласці.
Згодна прагнозаў медыкаў, усплеск вострых рэспіраторных вірусных інфекцый і грыпу чакаецца ў нашай краіне напрыканцы студзеня — у пачатку лютага. Ці гатовы мы да сустрэчы з небяспечным і каварным вірусам? Якая сітуацыя з захворваннем на грып і ВРІ на Ляхавіччыне?
Па словах урача-эпідэміёлага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Васілія Скарахода, штодзённа праводзіцца маніторынг захворвання ў школах і дзіцячых садах. І пакуль сітуацыя спакойная, звычайная для гэтай пары года — 1,5-2 працэнты захварэўшых ад агульнай колькасці жыхароў раёна.
Грып — вострае інфекцыйнае захворванне, пры якім назіраецца агульная інтаксікацыя арганізма, паражаецца дыхальная сістэма. Але, перш за ўсё, грып небяспечны сваімі ўскладненнямі: пнеўманіямі, бранхітамі, атытамі, сардэчна-сасудзістымі захворваннямі і запаленчымі працэсамі розных органаў і сістэм. Хуткае распаўсюджанне грыпу тлумачыцца і тым, што перадача віруса адбываецца даволі лёгка — пры размове, кашлі, чханні. Таму прафілактыка — вельмі важны складальнік у барацьбе супраць грыпу і ВРІ. Па магчымасці, варта абмежаваць знаходжанне ў шматлюдных месцах, часцей праветрываць кабінеты на рабоце і пакоі дома, загартоўваць арганізм, не забывацца пра часнок, цыбулю, ківі, лімоны і іншую вітамінную прадукцыю, якая дапаможа не трапіць у палон да гэтых хвароб.
І ўсё ж, як адзначыла загадчыца райпаліклінікі Валянціна Аўдзей, найбольш эфектыўнай мерай абароны супраць грыпу з’яўляецца вакцынапрафілактыка. Сучасныя супрацьгрыпозныя вакцыны бяспечныя і здольныя сфарміраваць надзейную абарону для арганізма. На Ляхавіччыне ў гэтым сезоне прышчэпку супраць грыпу зрабілі 10 500 чалавек.
За апошнія некалькі дзён 117 чалавекам, якія звярнуліся за медыцынскай дапамогай ва ўстановы аховы здароўя, пастаўлены дыягназы ”прастуда” і ”ВРІ”. Па словах Валянціны Аўдзей, пераважная большасць — школьнікі ва ўзросце 8-14 гадоў. Паліклініка працуе ў звычайным рэжыме, і ніякага ажыятажу і чэргаў не назіраецца. Аднак, медыкі не расслабляюцца і гатовы ўступіць у барацьбу з грыпам.
Узброілася да сезона хвароб і фармацэўтычная служба. Як запэўніла загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі № 56 Лідзія Каласоўская, усе аптэкі раёна ў неабходнай колькасці забяспечаны супрацьвіруснымі і гарачкапаніжальнымі прэпаратамі, імунамадулятарамі, прэпаратамі для зняцця сімптомаў грыпу і прастуды, а таксама антыбактэрыяльнымі, для лячэння ўскладненняў. У дастатковай колькасці ёсць лекавыя расліны і полівітамінныя комплексы. Аптэка № 56 працуе ў будныя дні з 8 да 21 гадзіны, у суботу і нядзелю — з 9 да 17 гадзін. Так што няма ніякай неабходнасці бегчы ў аптэку і запасацца лекамі загадзя, тым больш, што створаны неабходны запас вышэйпералічаных прэпаратаў айчыннай і замежнай вытворчасці.
А вось займацца самалячэннем медыкі не рэкамендуюць. Народныя спосабы добрыя толькі ў якасці дапаможных. Таму пры першых сімптомах грыпу і прастуды абавязкова звяртайцеся за медыцынскай дапамогай, не падвяргайце рызыцы сваё здароўе і здароўе родных, калег.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *