Жыццё, пакладзенае на ноты. У Ляхавічах прайшоў творчы вечар земляка Сяргея Купчынскага

Акампаніятар і кампазітар, аўтар і выканаўца песняў, лаўрэат і пераможца шматлікіх конкурсаў і фестываляў, гукарэжысёр гарадскога Дома культуры, настаўнік пачатковых класаў, стараста вёскі, гаспадар заагасцініцы… Наўрад ці ў гэтых радках пералічаны ўсе пасады і ролі, поспехі жыхара Ляхавіцкага раёна Сяргея Купчынскага. Таленавіты і творчы, ён з дакладнасцю мастака адчувае адценні гукаў, колер нот і майстарскі спалучае іх у музыку, якая трапляе прама ў сэрца.

Музыкай Сяргей Купчынскі захапіўся яшчэ ў дзяцінстве. І з тых часоў яна ўпрыгожвае яго творчы і жыццёвы шлях. Сяргей Георгіевіч іграе на акардэоне і клавішных, хаця з-за пераездаў сям’і з гарнізона ў гарнізон (бацька быў ваенным) музычную школу не скончыў.
У школьныя гады займаўся ў вакальна-інструментальным ансамблі, і тады ж нарадзіліся першыя песні.
Мой адрас – Савецкі Саюз, жартуе Сяргей Купчынскі і прызнаецца, што дзякуючы падарожжам у яго шмат сяброў і знаёмых у розных кутках свету.
Выхаванцы Сяргея Купчынскага не раз станавіліся лаўрэатамі абласных, рэспубліканскіх, міжнародных, тэлевізійных конкурсаў і фестываляў. Па яго ініцыятыве і пад непасрэдным кіраўніцтвам раней
у Баранавічах праходзіў конкурс
дзіцячай эстраднай творчасці «Топ-Топ», які з гарадскога ўзроў-
ню вырас да рэспубліканскага. І зараз наш зямляк марыць, каб такі фестываль прапісаўся і ў Ляхавічах. Старонкі творчай біяграфіі цікавыя і адметныя, а песні – пра каханне,
прыроду, сяброў, мужнасць, патрыятызм і гераізм – выклікаюць жаданне слухаць і натхняцца.
Лёс склаўся так, што сям’я Купчынскіх пераехала ў аграгарадок Конькі Ляхавіцкага раёна. Калі нарадзілася першая ўнучка Яна, падышла новая хваля творчасці. З’явіліся песні «Бабуля», «Да мамы», «Музыка дарогі», «Лебедзі», «Радзіма» і многія іншыя. Амаль кожная мае сваю гісторыю. Напрыклад, песня
«Лебедзі» – шматразовы лаўрэат разнастайных конкурсаў, напісана да залатога вяселля бацькоў Сяргея Купчынскага. Зараз яе выконвае народная арт-група «ВІНС-акорд» Ляхавіцкага ГДК. З гэтым калектывам у таленавітага кампазітара склаўся плённы творчы саюз. Менавіта «ВІНС-акорду» Сяргей Купчынскі даверыў выканаць песню «Апошні палёт», аўтарам музыкі да якой ён стаў, а словы напісала яго школьная сяброўка Ларыса Заслаўская. «Апошні палёт» прысвечаны мужным лётчыкам, якія цаной свайго жыцця адвялі самалёт ад дамоў у Баранавічах. Песню ацанілі не толькі слухачы: яна прынесла народнай арт-групе перамогу на тэлевізійным фестывалі армейскай песні «Звязда». Днямі Сяргею
Купчынскаму патэлефанавалі з Гродзенскага радыё і папрасілі выканаць песню «Апошні палёт» у перадачы, якую рыхтуюць у памяць лётчыкаў. Кампазітар не адмовіў – задаволены, што песні, музыку да якіх піша, гучаць.
У 2021 годзе Сяргей Купчынскі стаў пераможцам Усерасійскага завочнага конкурсу вершаў і песень «Я люблю цябе, жыццё!» памяці Іосіфа Кабзона.
Юбілею Ляхавічаў Сяргей Георгіевіч прысвяціў тры песні, адну з якіх выканаў разам з выхаванкай ЦДАДіМ Лізаветай Купрыш і калегам Андрэем Пранчаком.
Музыка – спадарожнік жыцця Сяргея Купчынскага, а яго натх-
ненне – любімая сям’я. З жонкай Нінай яны не стамляюцца эксперыментаваць і спрабаваць свае сілы ў розных задумах. Ладзяць канцэрты – не на камерцыйнай аснове, а дзеля радасці гледачоў. Прэзентуюць сваю творчасць і за межамі раёна.
Пазітыўны і жыццярадасны, Купчынскі ніколі не губляе аптымізму. У дзяцінстве яму падабаўся фільм «Да мяне, Мухтар!». І калі
ў яго з’явіўся свой дом, адразу завёў сабаку. Просьбы сяброў,
калі тыя ад’язджалі па справах, патрымаць у сябе нядоўга гадаван-
цаў, падштурхнулі дапамогу ператварыць у прафесійны інтарэс –
з сям’ёй адкрылі заагасцініцу.
Дапамагае бабулі з дзядулем і ўнучка Яна.
Яшчэ адна адметная рыса да партрэта Купчынскага – майстравітасць. Родныя і сябры сцвярджаюць, што няма той справы, з якой ён не мог бы справіцца – ад рамонту дома да пабудовы вальераў для шматлікіх дамашніх гадаванцаў і чатырохлапых гасцей. Амаль тры дзесяцігоддзі ён у ролі Дзеда Мароза віншуе з Новым годам дарослых і дзяцей. А зімой сядзіба Купчынскіх у Коньках нагадвае казачную рэзідэнцыю, дзе ўсё свеціцца і ззяе – яркую ілюмінацыю робяць штогод.
Чалавек – свята. Гэта пра Сяргея Купчынскага. Добры і нераўнадушны, крэатыўны, вельмі сціплы, ён не хваліцца сваімі дасягненнямі і здольнасцямі, а шчодра дзеліцца творчасцю з іншымі. 25 студзеня ў гарадскім Доме культуры праходзіў творчы вечар Сяргея Купчынскага «Мне рана яшчэ падводзіць вынікі». На бенефіс сабралася поўная зала сяброў і знаёмых, проста землякоў. Гучалі словы ўдзячнасці і прызнання, шматлікія віншаванні з днём нараджэння, якое ён адзначыў нядаўна, былі і відэапажаданні, сярод іх вылучаліся цёплыя словы ад вядомай групы «Дразды».
Прыемным сюрпрызам стала і выступленне на канцэрце беларускага спевака Аляксандра Саладухі, які спецыяльна прыехаў са сталіцы павіншаваць цудоўнага чалавека. Як аказалася, наш зямляк з Саладухам сябруюць ужо 30 гадоў.
Вечар атрымаўся на высокай ноце цеплыні, пазітыву і радасці. І праўда, Сяргею Купчынскаму яшчэ рана падводзіць вынікі! Не ўсе яшчэ песні прагучалі ў яго выкананні, не ўся музыка пакла-
дзена на ноты.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.