Міхаіл Пташук. Чалавек-эпоха

Сёлета яму споўнілася б 80 гадоў. Міхаіл Пташук – беларускі кінарэжысёр, акцёр, прадзюсар нарадзіўся 28 студзеня 1943 года
ў вёсцы Федзюкі Ляхавіцкага раёна. Бязмежна любіў сваю малую радзіму. Часта прыязджаў у бацькоўскі дом, сустракаўся
з землякамі, быў жаданым госцем у школе, расказваў, як «захварэў» кіно, як спраўдзіў сваю дзіцячую мару і стаў рэжысёрам.

Па ўспамінах тых, хто яго ведаў, у стасунках быў шчырым і простым – ніякай зорнасці. А між тым – пакараў самыя высокія творчыя вяршыні. Прозвішча Пташука годна гучала і на міжнародным узроўні. Ён апантана, натхнёна займаўся кіно, якое стала яго прафесіяй, любімым заняткам, дзе раскрыліся яго творчая натура і вялікі талент. Як сцвярджалі акцёры, зняцца ў Пташука – гэта атрымаць шыкоўны ўрок прафесіяналізму.
Звычайны вясковы хлопец з беларускай глыбінкі скончыў
у 1967 годзе рэжысёрскі факультэт тэатральнага вучылішча
імя Б. Шчукіна, потым былі Вышэйшыя рэжысёрскія курсы Дзяржкіно СССР (майстэрні знакамітага Георгія Данеліі). Працаваў рэжысёрам у тэатрах Масквы і Казані, а з 1974-га – на кінастудыі «Беларусьфільм». Атрымалі шырокую вядомасць яго экранізацыі вядомых літаратурных твораў беларускіх пісьменнікаў – «Вазьму твой боль» (паводле І. Шамякіна, 1982 г.), «Чорны замак Альшанскі» (паводле У. Караткевіча, 1983 г.), «Знак бяды» (паводле В. Быкава, 1986 г.). Сярод фільмаў канца
1980–1990-х – гісторыка-палітычныя стужкі «Наш браняпоезд» (1988 г.), «Кааператыў «Палітбюро» (1992 г.), «У жніўні 44-га…» (2000 г.). Міхаіл Пташук –  пастаноўшчык тэлевізійнага фільма «Час выбраў нас» (1978 г.), фільма-спектакля Мінскага тэатра «Вольная сцэна» «Макбет» (1997 г.).
Апошні свой фільм «Песня Розы» здымаў у Галівудзе.
Работы рэжысёра неаднаразова атрымлівалі высокія ўзнагароды на прэстыжных кінафестывалях. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1982 г.), народны артыст БССР (1990 г.), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1982 г.) – толькі частка дзяржаўных узнагарод нашага земляка.
Хто ведае, колькі б карцін на суд гледачоў прадставіў Міхаіл Пташук, калі не той трагічны вечар 26 красавіка 2002 года: аўтамабіль, на якім рэжысёр ехаў на ўручэнне кінематаграфічнай прэміі «Ніка» ў Маскве, трапіў у аварыю. Ён так і не даведаўся пра свой чарговы трыумф: яго карціна «У жніўні 44-га» трапіла ва ўсе асноўныя намінацыі кінапрэміі.


Землякі беражліва шануюць памяць пра знакамітага рэжысёра, добрага і шчырага чалавека. У яго гонар называюцца вуліцы –
у Мінску, Баранавічах, адна з іх у Ляхавічах, пра што нагадвае ўсталяваная летась памятная шыльда. Дарэчы, напрыканцы мінулага года аўтобусны прыпыначны пункт на вуліцы Міхаіла Пташука ў Ляхавічах ператварыўся ў імправізаваную здымачную пляцоўку. На кінаплёнцы кадры з найбольш папулярных фільмаў рэжысёра Пташука «Вазьму твой боль», «Час выбраў нас», «У жніўні 44-га», «Знак бяды»… Клапоцяцца землякі і пра сядзібу на вуліцы Садовай у Федзюках, дзе прайшло дзяцінства кінарэжысёра.
Штогод у студзені да чарговай гадавіны з дня яго нараджэння ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы, сустрэчы, кінапрагляды. І сёлета праграма святкавання юбілею майстра была даволі насычанай і разнапланавай.
Адзін з эмацыянальна-запамінальных момантаў – мітынг-рэквіем «Чалавек, які хацеў жыць». Мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў раённай улады, Конькаўскага сельвыканкама, вучняў і настаўнікаў школ, моладзі, тутэйшых жыхароў прайшло на малой радзіме Міхаіла Пташука ў Федзюках. Пранікнёна гучала кожнае слова вядучых, якія расказвалі пра жыццёвы і творчы шлях славутага земляка. Да чаго ж шчымліва было на душы, калі загадчык Конькаўскага СДК Тамара Морская чытала маналог «Матчына спадчына». Пра важнасць памяці, пра тое, які след у сусветным кінематографе пакінула творчасць Пташука, як шануюць прозвішча земляка сучаснікі, гаварыла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. Колькі пяшчоты, любові было ў кожным слове пра дарагога чалавека – бацьку – з вуснаў дачкі Міхаіла Пташука Анжалікі. Яна шчыра падзякавала, што на Ляхавіччыне беражліва захоўваюць усё, што звязана з яе бацькам. У рэжысёра засталася няспраўджаная мара – зняць фільм пра родныя мясціны і бацькоўскі дом. Вось чаму так да месца прагучаў сучасны хіт «Не прадаецца хата бацькоў» у выкананні народнай эстраднай студыі «Экспрэс».
Потым былі ўскладзены кветкі да мемарыяльнай дошкі на доме па вуліцы Садовай і да Паклоннага крыжа, устаноўленага ў Федзюках у памяць кінарэжысёра. Кожны жадаючы мог зайсці ў хату, дзе калісьці жыў і куды любіў прыязджаць Міхаіл Пташук, акунуцца ў атмасферу звычайнага вясковага жыцця.
Тыдзень памяці быў, як заўжды, насычаным на падзеі. Вашай увазе толькі некаторыя з іх. Гарадская купалаўка запрасіла навучэнцаў школ у цікавае змястоўнае інтэрактыўнае падарожжа па старонках жыцця земляка «Споведзь кінарэжысёра».
У кінатэатры «Кастрычнік» прайшоў паказ фільмаў Міхаіла Пташука. Так, рабяты з гарадскіх школ у кінатэатры «Кастрычнік» паглядзелі яго апошнюю поўнаметражную кінастужку «Песня Розы». 25 студзеня ў СШ № 2  для адзінаццацікласнікаў арганізавалі прагляд дакументальнага фільма пра жыццё і творчасць Міхаіла Пташука. Адкрыты ўрок «Рэжысёр з вялікай літары», наведванне дома, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва славутага земляка – частка мерапрыемстваў, праведзеных Конькаўскай СШ.
А фінальным акордам святкавання 80-гадовага юбілею стаў вечар памяці ў ГДК «Міхаіл  Пташук. Чалавек-эпоха».

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.