Галоўнае – не форма, а змест

31 сакавіка 2010 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 164 унесены змяненні і дапаўненні ва Указ № 180 ад 12 красавіка 2000 года – адзін з найбольш распаўсюджаных нарматыўных актаў сярод спецыялістаў кадравых службаў прадпрыемстваў і ўстаноў усіх формаў уласнасці.
У прыватнасці, тэкст Указа № 180 дапоўнены новымі пунктамі, у адпаведнасці з якімі наймальніку дадзена права заключаць з работнікам, які не дапускаў парушэнняў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны і прапрацаваў у яго не менш за 5 гадоў, па заканчэнні тэрміну кантракта працоўны дагавор на нявызначаны тэрмін з пісьмовай згоды работніка. Праўда, гэта не датычыць работнікаў, з якімі заканадаўствам прадугледжана абавязковае заключэнне кантрактаў (напрыклад, дзяржаўных служачых).
Пры адмове работніка пры заключэнні працоўнага дагавора на нявызначаны тэрмін па пісьмовай згодзе паміж бакамі кантракт можа быць працягнуты або заключаны новы кантракт у адпаведнасці з Указам № 180.
Устаноўлены месячны тэрмін для пісьмовага папярэджання наймальнікам работніка, у якога зыходзіць тэрмін кантракта, аб рашэнні спыніць з ім працоўныя адносіны ці працягнуць іх на ўмовах кантракта ці працоўнага дагавора на нявызначаны тэрмін (згодна раней дзеючай рэдакцыі Указа гэты тэрмін складаў 2 тыдні).
Згаданы дакумент выдадзены з мэтай удасканалення кантрактнай формы найму і накіраваны на ўзмацненне абароны працоўных правоў добрасумленных работнікаў.
Ігар ЯКУБЧЫК, суддзя суда Ляхавіцкага раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *