Дабром дабро адгукнецца

Навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” ў снежні аб’яднала ў добрых пачынаннях працоўныя калектывы, індывідуальных прадпрымальнікаў, арганізацыі, усіх жыхароў і нашай Ляхавіччыны. Ладзіцца чарада ранішнікаў і незвычайных падарожжаў, у якіх дзеці – галоўныя дзеючыя асобы. А яшчэ мноства падарункаў – радасць для дзятвы.

Білет на галоўную ёлку краіны, якая запаліла свае агні 27 снежня ў Палацы Рэспублікі, атрымалі тры нашы юныя землякі: Ульяна Шайкоўская, Анастасія Пабягайла і Арцём Шпак. Гэта запрашэнне яны заслужылі хто добрай вучобай, хто актыўным ўдзелам у шматлікіх конкурсах, грамадскім жыцці, лідарствам у дзіцячых арганізацыях. Сярод больш як 2 300 шчасліўчыкаў рэспубліканскага свята – пераможцы алімпіяд, прызёры конкурсаў, дзеткі з мнагадзетных і прыёмных сем’яў, дзеці-сіроты і інваліды і іншыя.

Адкрываючы навагодняе дабрачыннае свята Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што будучыня Беларусі – у руках падрастаючага пакалення:

”Якім будзе заўтра Беларусі, залежыць толькі ад вас, ад вашага розуму і сэрца, – сказаў Кіраўнік дзяржавы. – У кожнага з нас свае навагоднія надзеі. Але ва ўсіх ёсць адно агульнае жаданне. І гэта жаданне – быць больш шчаслівым”.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў: “Вы можаце выбраць любую з дзясяткаў жыццёвых дарог, да якой ляжыць ваша душа. Для тых, каму цесна ў рамках звычайнай школьнай праграмы, адкрыты гурткі, гімназіі, ліцэі. Для юных талентаў створаны школы мастацтваў. У распараджэнні пачынаючых спартсменаў – стадыёны, басейны і лядовыя арэны, і вы спаўна можаце скарыстацца прадастаўленымі магчымасцямі» .

Як паведаміла БЕЛТА і пацвердзілі ляхавіцкія ўдзельнікі свята, на казачнае прадстаўленне прыехаў Дзед Мароз з Белавежскай пушчы. Мюзікл “Па шчупаковым загадзе, па навагоднім жаданні” уразіў яркімі нумарамі, прыгожымі касцюмамі і дэкарацыямі. Апроч відовішчнага і неверагоднага шоу хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі падарункі – маляўнічы зборнік казак славянскіх народаў на беларускай мове “Падарунак ад усяго сэрца” і важкі куфэрак з прысмакамі. Уля, Насця і Арцём у захапленні: навагодняе падарожжа застанецца ў памяці на ўсё жыццё!

Феерычнае навагодняе свята прайшло ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі г. Брэста. 15 школьнікам Ляхавіччыны пашчасціла быць яго ўдзельнікамі.

Цукеркі ад Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду атрымалі 20 рабят з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу раёна. За пару гадзін да Новага года да іх завітаў з салодкімі пачастункамі старшыня СВК “Шлях новы” Аляксандр Вашчук. Дарэчы, гэта не адзіная дабрачыннасць гаспадаркі. Віншаванні ад яе і навагоднія прызы атрымалі вучні Навасёлкаўскай, Конькаўскай і Зубелевіцкай школ. Рабяты з Мядведзіцкай і Русінавіцкай школ удзячны свайму даўняму шэфу – СВК “Ляхавіцкі” за дапамогу ў правядзенні навагодніх ранішнікаў. Цукеркі ў мяшок Дзеда Мароза дапамог набыць Мядзведзіцкай СШ і СВК “Тальмінавічы”.

57 дзяцей з прыёмных і 32 з апякунскіх сем’яў радаваліся падарункам, якія былі сфарміраваны за кошт абласнога бюджэту.

Кіраўнік малочнага завода Вячаслаў Жукоўскі не вельмі любіць расказваць пра дабрачынныя справы прадпрыемства, лічыць іх звычайнымі.

– Дапамагаем дзецям – укладваем у будучыню. У тых, хто заўтра будзе вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак, лячыць людзей, – гаворыць Вячаслаў Уладзіміравіч. Напярэдадні малаказаводцы для вучняў СШ №1 набылі інтэрактыўную дошку, якая дазваляе рабіць разнастайным, цікавым і захапляльным працэс навучання. Падрыхтаваны і падарункі для дзяцей-інвалідаў.

Неверагодна прыгожая ілюмінацыя аграрнага каледжа, гімназіі – справа ТАА “Трансэлектракамплект”. Прыгажосць у ЛДАКу каштавала прадпрыемству 26 мільёнаў, у гімназіі – 7,5 мільёнаў рублёў. Дзякуючы ТАА “Трансэлектракамплект”, асабіста дырэктару Генадзію Сакуцю, спонсарская дапамога на розныя мэты напярэдадні зімовага свята аказана шэрагу арганізацый: таварыству інвалідаў, БРСМ, Начаўскаму СДК, тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, іншым. За год прадпрыемства на дабрачыннасць накіравала 85 мільёнаў рублёў.

Не засталіся ў баку ад высакароднай місіі заводы металапластмас і кансервавы.

Члены БРСМ – актыўныя ўдзельнікі акцыі “Нашы дзеці”. Да 40 дзетак-інвалідаў прыйшлі яны з салодкімі падарункамі, якія падрыхтавалі сумесна з 10 школамі раёна, прадпрыемствам меліярацыйных сістэм і РАУС.

Дабрачынны марафон фінішуе праз тыдзень. Ёсць яшчэ час падарыць радасныя імгненні тым, хто сёння ў гэтым больш за ўсё мае патрэбу, тым, хто знаходзіцца ў складанай жыццёвай сітуацыі. Дабром адгукнецца дабро.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *