Правільная пакупка

У апошні час у органы ўлады пачасціліся звароты спажыўцоў па пытаннях абароны іх правоў пры продажы тавараў па ўзорах. Гэты від гандлю імкліва развіваецца. Формы яго ажыццяўлення розныя: праз інтэрнэт-магазіны, у гандлёвым аб’екце шляхам дэманстрацыі ўзораў тавараў і (ці) апісанняў тавараў па каталогах, па-за гандлёвым аб’ектам шляхам апісання тавараў з каталогаў, рэкламных праспектаў і буклетаў.

Пры пакупцы праз інтэрнэт-магазін спажывец павінен звяртаць увагу на тое, ці ўся неабходная інфармацыя аб прадаўцы размешчана на сайце. У адпаведнасці з правіламі ажыццяўлення рознічнага гандлю па ўзорах павінна быць указана назва прадаўца, рэжым работы магазіна, дата рэгістрацыі інтэрнэт-магазіна ў Гандлёвым рэестры Рэспублікі Беларусь, узор дакумента, які пацвярджае факт набыцця тавару, інфармацыя аб тавары і кошце, умовах дастаўкі.

Пры заключэнні дагавора куплі-продажу трэба ўважліва чытаць дагавор. Спажывец мае права вярнуць тавар належнай якасці (калі тавар не быў ва ўжытку, захаваны яго спажывецкія якасці і тавар не ўключаны ў пералік нехарчовых тавараў належнай якасці, якія не падлягаюць абмену і вяртанню) прадаўцу або абмяняць яго на аналагічны тавар на працягу 14 дзён з моманту перадачы яму такога тавару. У законе “Аб абароне правоў спажыўцоў” не канкрэтызавана абавязковасць пісьмовага звароту пакупніка да прадаўца. Аднак, вопыт паказвае, што прэтэнзіі па якасці (вяртанні тавару, бясплатным рамонце) лепш фіксаваць на паперы. Калі ўзнікае неабходнасць судовага разбіральніцтва, першае пытанне, якое вам зададуць у судзе: калі звярталіся да прадаўца?

У апошні час у г. Брэсце, а таксама на тэрыторыі Брэсцкай вобласці і рэспублікі асобныя арганізацыі шляхам правядзення дэманстрацыі і прэзентацый тавараў (як правіла, для такіх мэтаў арандуюцца плошчы кінатэатраў, дамоў культуры і іншых грамадскіх будынкаў) рэалізуюць па ўзорах розныя віды тавараў: пасцельную бялізну, фільтры для вады, посуд. Усё добра, калі б не ўзровень цэн, па якіх прадаюцца гэтыя тавары. Зараз цэнаўтварэнне лібералізавана, і суб’екты гандлю маюць права ўстанаўліваць цэны самастойна, зыходзячы з кан’юнктуры рынку. Таму кошт такіх тавараў часта дастаткова высокі.

Перш чым падпісаць дагавор куплі-продажу тавараў, нават калі яны прапануюцца ў крэдыт або растэрміноўку, варта супаставіць суадносіны цаны і якасці прадукцыі. Падумайце, ці можа рэальна каштаваць, напрыклад, набор посуду з каструль і патэльні 1000-1500 долараў ЗША ў эквіваленце? Канешне, выбар за спажыўцом, тым не менш, перш чым зрабіць такія пакупкі, узважце усе “за” і “супраць”, ацаніце якасць тавару і яго цану, уважліва азнаёмцеся з умовамі дагавора, які прапануе вам прадавец.

Для абароны сваіх інтарэсаў спажывец можа звярнуцца ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, у грамадскія аб’яднанні спажыўцоў, з іскам аб абароне сваіх правоў у суд. У адпаведнасці з арт. 257 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Асаблівая частка) спажыўцы вызваляюцца ад уплаты дзяржаўнай пошліны па ісках, звязаных з парушэннем іх правоў, прадугледжаных заканадаўствам аб абароне правоў спажыўцоў.

Упраўленне гандлю і паслуг Брэсцкага аблвыканкама.

Фота з сайта http://www.securityscripts.ru

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *