Цёмна, аднак…

Наш папрыгажэўшы і памаладзеўшы горад у вячэрні час зіхаціць у аздабленні навагодняга і каляднага ўбранства і мноства ліхтароў. На жаль, такая прыемная воку карціна не паўсюдная. Вуліца Арлоўскага – адна з ускраін райцэнтра. Менавіта праз яе ляжыць шлях да чыгуначнага вакзала, у прамысловую зону. А штораніцу ў будныя дні бацькі вядуць сваіх маленькіх сыноў і дачок у дзіцячы сад № 4, а вечарам забіраюць іх дамоў. І з восені (калі пачынае цямнець рана) да пачатку вясны робяць гэта ў цемры. Ліхтары тут проста адсутнічаюць. Як патлумачылі ў камунгасе, праекціроўшчыкі пры будаўніцтве гэтай дашкольнай установы… забыліся ўключыць вулічнае асвятленне ў праект. У выніку жыхары бліжэйшых шматпавярховікаў, супрацоўнікі, выхаванцы дзіцячага сада, работнікі ўстаноў і арганізацый, якія размешчаны побач, у цёмны час сутак ходзяць навобмацак. Прыемнага ў гэтым мала і да бяды недалёка: у цемры і скалечыцца можна, і стаць ахвярай няшчаснага выпадку верагоднасць большая.

Як расказаў дырэктар КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандр Мядзвецкі, з 9 студзеня спецыялісты энергетычнага ўчастка камунгаса пачалі работу па ўстаноўцы ліхтароў і падключэнні іх да сеткі. Як запэўніў кіраўнік камунальнай службы раёна, праз тыдзень асвятляльныя таршэры тут з’явяцца ў абавязковым парадку. Людзям, безумоўна, будзе зручна хадзіць па вуліцы Арлоўскага. Але застаецца яшчэ адна праблема, якая датычыцца бяспекі. Яна непакоіць мясцовых жыхароў. Рух аўтатранспарту па вуліцы Арлоўскага надзвычай інтэнсіўны, а пешаходны пераход каля дзіцячага сада адсутнічае. Хаця прыступкі пры выхадзе з тэрыторыі гэтай дашкольнай установы нібы «просяць» у якасці працягу менавіта пешаходны пераход.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *