Ляхавічы: я павяду цябе ў музей…

У ЛДАКу шануюць гісторыю

Як жа было тут, на нашай зямлі, сем дзясяткаў гадоў назад?.. Да вызвалення ад фашысцкіх акупантаў заставалася трохі менш за паўгода. І наперадзе яшчэ былі шматлікія партызанскія аперацыі, чаканне лістоў з фронту і самога фронту, голад, холад і нястачы… А яшчэ чакалі, бы свежага глытка паветра, газету “Совецкі патрыёт”, некалькі нумароў якой убачылі свет, пачынаючы з 24 кастрычніка 1943-га. Друкаваная партызанка-падпольшчыца, яна таксама была ў баявым страі.

За паўгоддзе да юбілею, дарагога сэрцу, пранізліва-шчымлівага, мы азіраемся на стаўшыя гісторыяй, занатаваныя на яе старонках подзвігам падзеі тых гераічных часоў. Аповесць пра сапраўднага чалавека – вызваліцеля і пераможцу – да канца не прачытана. І, мусіць, не будзе прачытана ніколі да апошняй старонкі, таму што колькі безыменных герояў засталося на той вайне… Пошук працягваецца. І ў музеях з’яўляюцца новыя экспанаты ў экспазіцыях, прысвечаных Вялікай Айчыннай. Сённяшняя экскурсія – урок гісторыі ад Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа.

Амаль 4 гады ішла Вялікая Айчынная вайна. 1418 дзён і начэй, 34 тысячы гадзін. Больш як 20 мільёнаў загінуўшых. Страшная статыстыка: за хвіліну вайны гінула 10 чалавек. А колькі параненых, пакалечаных фізічна і душэўна…

Са стэндаў музеяў гаворыць гісторыя. Музей, напэўна, адзінае месца, дзе адначасова сустракаюцца розныя эпохі, мірна суседнічаюць экспанаты, якія шмат чаго могуць паведаміць пра людзей і падзеі. Менавіта музеі разам з архівамі, кнігамі, кінастужкамі, помнікамі і абеліскамі, мемарыяламі і, канешне, успамінамі сведкаў – той бясцэнны скарб, які ўвасабляе памяць пра Вялікую Айчынную.

…1977 год. Першых наведвальнікаў прыняў музей Ляхавіцкага саўгаса-тэхнікума. Усяго ў двух невялікіх пакоях былі размешчаны экспанаты. Ініцыятарам яго стварэння быў на той час выхавальнік установы Мікалай Куліцкі. Ён разам з рабятамі і збіраў экспанаты. У 1986 годзе музей змяніў адрас – перасяліўся ў прасторнае памяшканне новага будынку інтэрната № 4. Справай жыцця ў свой час музей стаў для ветэрана Вялікай Айчыннай Анатолія Маслоўскага, пазней – для Мяфодзія Пабягайлы. Цяпер пошукавая работа працягваецца пад кіраўніцтвам гісторыка па адукацыі Віктара Тарасевіча.

Падымаемся па прыступках лесвіцы, якая вядзе ў музей: плакаты, віншаванні, газеты, зробленыя каляджанамі, прысвечаны блізкаму юбілею – 70-годдзю вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. З заміраннем сэрца адкрываем дзверы і акунаемся ў гісторыю. У музеі тры асноўныя залы: “Баявой славы”, “Працоўнай славы”, “Этнаграфічная”.

Шматлікіх наведвальнікаў – а гэта школьнікі, каляджане, дэлегацыі з іншых гарадоў не толькі Беларусі, але і замежжа, – цікавіць усё. Экскурсіі тут частыя, праводзяцца і ўрокі мужнасці, сустрэчы з ветэранамі і ўдзельнікамі вайны. Асаблівы інтарэс выклікае зала “Баявой славы”. Па яе экспанатах можна даведацца пра ўсе этапы вайны ад першых дзён у чэрвені 1941 года да пераможнага салюту 9 мая 1945 года.

Экспазіцыя “Пра іх не ўпаміналася ў зводках” сведчыць, наколькі жорсткімі былі баі на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна на пачатку ваеннага ліхалецця.

– Фашысцкія дывізіі за 2 дні прайшлі шлях ад заходняй мяжы СССР да нашага раёна. А байцы 55-й стралковай дывізіі імя Варашылава на ўчастку працягласцю 40 кіламетраў двое сутак стрымлівалі націск варожых, узброеных да зубоў войскаў, не давалі ім фарсіраваць Шчару. Асаблівы адпор ворагу быў дадзены каля Завіння, Мініч. Чырвонаармейцы затрымалі рух да Бабруйска і Мінска галоўнай ударнай групоўкі гітлераўскіх армій “Цэнтр”, – расказвае Віктар Тарасевіч.

Далейшы лёс камандзіра гэтай дывізіі, на жаль, невядомы, хаця запытаў адпраўлялася нямала. Па адной з версій ён загінуў ад выбуху снарада, па другой – забіты дыверсантам. А вось камандзір узвода С. Ананаў разам з жонкай, якая была ваенфельчарам, неаднойчы прыязджаў у Ляхавічы пасля вайны на ветэранскія сустрэчы. За мужнасць і гераізм байцы дывізіі Ф. Кадраліеў, Р. Брыкля, М. Тумакоў, В. Расказаў, старшы ваенфельчар М. Андрыянава былі ўзнагароджаны летам 1941 года ордэнамі Чырвонага Сцяга.

Гартаем наступную старонку гісторыі – знакамітая абарона Масквы, яе яшчэ называюць першым пераломным момантам Вялікай Айчыннай. Сярод абаронцаў сталіцы СССР былі і нашы землякі: Кацярына Інтарынава (з 1957 па 1975 гады ўзначальвала саўгас-тэхнікум), Надзея Мясішчава, Іван Шаціла, Іван Яршоў, Пётр Логінаў. Ленінградская блакада – яскравы прыклад стойкасці і мужнасці, непераможнасці духу, у тым ліку і нашых землякоў В. Мяжуева. А. Аверкінай, У. Здановіча, А. Кумейшы і іншых.

Пажоўклы лісток з дзяржаўнай пячаткай – “пасведчанне за ўдзел у абароне Сталінграда гвардыі радавога Рыгора Іусава (ад 22.12.1942 г.) і тут жа медаль “За абарону Сталінграда”. Гэта адна з дзясяткаў тысяч рэліквій музея.

Спыняемся каля наступнага стэнда. На счарнелых драўляных дошчачках шыльды з назвамі вёсак, спаленых карнікамі поўнасцю ці часткова. Свяціца, Хацяж, Марынова, Станчакі, Залужжа, Завінне, Тухавічы, Лабузы – сёстры Хатыні. А побач пад шклом у невялікіх каробачках – зямля з беларускіх вёсак, якіх спасціг лёс Хатыні, Свяціцы…

Ляхавіччына ў гады вайны – край партызанскі. Першыя звесткі пра народных мсціўцаў датуюцца вераснем 1941 года: у ваколіцах Крывошына дзейнічала група на чале з камандзірам Чырвонай Арміі Анатоліем Званковым. З 1942 года па ліпень 1944 года – партызаны сталі рэальнай сілай, якая супрацьстаяла акупантам. Экспазіцыя “Партызанскі рух” у музеі надзвычай шырокапланавая і багатая на матэрыялы.

– Кірыла Арлоўскі – знакаміты камандзір атрада “Сокалы”. Атрад хоць і дыслакаваўся ў Машукоўскім лесе, але даволі часта праводзіў баявыя аперацыі і рэйды на тэрыторыі нашага раёна, у прыватнасці, у ваколіцах Будаў, Тальмінавіч, Гайнінца. Менавіта байцы атрада планавалі забойства гаўляйтэра Кубэ яшчэ ў лютым 1942 года. І толькі тое, што гаўляйтэр не паехаў у Машукоўскі лес на паляванне, а вярнуўся ў Мінск, выратавала тады яго ад смерці, – расказвае кіраўнік музея.

Іван Банаў, Антон Брынскі – адны з арганізатараў партызанскага руху на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна. Сакратаром падпольнага райкама партыі быў гераічны Сцяпан Дзесюкевіч.

З фотаздымкаў на стэндзе, нібы прывітанне з мінулага, глядзяць маладыя твары партызан, якія пасля Перамогі непарыўна звязалі свой лёс з Ляхавіцкім раёнам. У асноўным, гэта члены атрадаў, што ўваходзілі ў склад 19-й брыгады імя Молатава і 20-й імя Грызадубавай – Уладзімір Пархомчык, Мікалай Стасевіч, Міхаіл Васілевіч, Міхаіл Размысловіч, Васілій Каравы, Алена Пацкевіч, Ісак Бярковіч і іншыя.

У вочы кідаецца знаёмая і дарагая сэрцу назва – “Совецкі патрыёт”. Пажоўклыя лісты паперы, даўнія шрыфты… Якая вялікая сіла друкаванага слова, што нараўне са зброяй біла ненавіснага ворага. Газета-партызанка, падпольшчыца інфармавала насельніцтва пра падзеі на франтах праз зводкі Савінфармбюро. Яны таксама ёсць у экспазіцыях музея, як і сумка гераічнага камандзіра, у мірны час рэдактара раённай газеты Аляксандра Астапава.

Яшчэ адна экспазіцыя прысвечана вызваленню раёна ад фашысцкай акупацыі. Пачаткам вызваленчай аперацыі савецкіх войскаў “Баграціён” у нашым раёне па праву можна лічыць 3 ліпеня 1944 года. Менавіта ў гэты дзень вёску Тальмінавічы вызвалілі байцы батальёна 67-га стралковага палка, якім камандаваў Шата Гагарышвілі (яго імем названа адна з вуліц вёскі). Яго фотаздымак часоў Вялікай Айчыннай разам з фотаздымкамі іншых вызваліцеляў раёна – салдат і камандзіраў 20-й, 48-й, 193-й і 454-й дывізій – на музейным стэндзе.

6 ліпеня Ляхавічы былі вызвалены ад гітлераўцаў. На наступны дзень да горада далучыліся і вёскі Вялікая Лотва, Конькі, Туркі, Сакуны…

За музейнымі экспанатамі – лёс камандзіра ці радавога: каска салдата, сумка, кулі, вінтоўка са штыком, лыжка, абясшкоджаны снарад, кулямётная стужка, дэталь гранаты, ёсць нават знакаміты кулямёт “максім” (надзейны сябар партызан), перададзены музею вучнямі Свяціцкай СШ, і многае іншае.

Сённяшняя моладзь ганарыцца неўміручым подзвігам сваіх равеснікаў.

Перад маім пакаленнем стаіць адказнейшая задача – захаваць памяць пра подзвіг тых, для каго Вялікая Айчынная вайна – не проста гісторыя – яны заваявалі Перамогу. Мы ім абавязаны жыццём, – гаворыць экскурсавод музея Валянціна Бархат.

– Франтавыя пісьмы – дакумент асаблівы. Той, хто пісаў іх, не думаў, што гэтыя трохвугольнікі некалі трапяць у музей. Пад свіст куль і асколкаў спяшаліся салдаты расказаць самым родным і блізкім пра свае думкі і пачуцці, жаданні і мару перамагчы. Такія пісьмы захоўваюцца ў многіх сем’ях, у архівах. Ёсць яны і ў музеіі. Мы беражом іх, бо ім няма цаны, – дапаўняе расказ сяброўкі Антаніна Лелес.

Дзяўчаты разам з Юліяй Пятровай, Юліяй Варонай і Марынай Курылік – самыя актыўныя экскурсаводы музея.

Пісьмы ваенных гадоў, як і іншыя рэліквіі, – дакументы эпохі. Яны звязваюць нас, сённяшніх, з тымі, хто выстаяў у цяжкіх выпрабаваннях Вялікай Айчыннай і ў многім вызначыў далейшы лёс усяго свету.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *