І сніцца Растоў-Яраслаўскі

Аднойчы Лізавета Судэнка завітала ў ветэранскі калектыў мастацкай самадзейнасці (хор “Сівізна”) і адчула сябе сярод сваіх. Захапілася песняй: ветэраны спявалі пра былое, перажытае, святое. Голас Лізаветы Іванаўны, якая таксама перажыла вайну, зліваўся з іншымі ў адно гучанне – задушэўнае, пранікнёнае. Пасля здарылася так, што па стане здароўя яна вымушана была пакінуць сваё захапленне. Але сябры-ветэраны сумаваць не даюць: наведваюцца ў госці, тэлефануюць – цікавяцца пра здароўе, не пакідаюць без увагі.

…Калі пачалася вайна, Лізавеце было 17 гадоў. Разам з сяброўкай Кацяй вырашылі, што абавязкова пойдуць ваяваць на фронт, і падаліся на прызыўны пункт у сваім гарадку Растоў-Яраслаўскі. Дзяўчатам адмовілі – маладыя, параілі працаваць. І ўсё ж вельмі хацелася быць карыснымі фронту, які набліжаўся да іх невялічкага гарадка. Днём на службу ў дзяржбанк, а вечарам у шпіталь, на дапамогу санітаркам і медсёстрам, якія не паспявалі прымаць раненых. Змучаныя, прыгнечаныя маральна, яны ледзь дабіраліся дамоў, каб хоць гадзіну паспаць да работы. І так дзень пры дні. А пасля Лізавеце і Кацярыне прапанавалі службу на санітарным поездзе.

Яны ехалі па вайне. З чыгуначнай каляіны не звернеш, не пойдзеш у абход, а прама па курсу – варожая бамбёжка. У гэтым пекле прыпыняўся цягнік, і санітары, сярод якіх была Лізавета, выбягалі пад кулі, на поле бою. Параненых салдат то цягнулі на плячах, то паўзком валаклі на плашч-палатках. Дзясяткі салдат і афіцэраў абавязаны ёй сваім жыццём.

Лізавеце Іванаўне за гады вайны давялося працаваць яшчэ на многіх работах – для фронту і Перамогі.

На Украіне пазнаёмілася са сваім будучым мужам – Уладзімірам Сяргеевічам, з якім пражылі доўгія і шчаслівыя гады, выгадавалі дачку Таццяну. Лёс так распарадзіўся, што сям’я пераехала ў Беларусь, якую Лізавета Іванаўна палюбіла ўсім сэрцам. Тут выраслі яе ўнукі, растуць праўнукі.

У жыцці гэтай жанчыны, здаецца, усё наладзілася, яе паважаюць, цэняць, любяць. Крыху падводзіць здароўе, іншы раз па начах будзяць “выбухі” снарадаў і сніцца родны гарадок Растоў-Яраслаўскі – перажытае застаецца ў памяці назаўсёды…

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *