Любіць чалавека


“Палюбі блізкага свайго, як самога сябе…” – гэта другая запаведзь любові чалавечай і Божай.
Я пераканана, што чалавечая любоў у першую чаргу праяўляецца праз узаемапавагу і ўзаемаразуменне. Хачу прывесці прыклад з уласнага жыцця. У нашай школе выкладала настаўніца, з якой у мяне склаліся напружаныя адносіны. Я не магла зразумець яе і знайсці з ёй агульную мову. Але аднойчы нешта здарылася, і я адчула, што гэты чалавек – зусім не дрэнны. Я ўсвядоміла, што была несправядлівай да яе, калі ўбачыла ў вачах настаўніцы дабрыню і падтрымку. І мае адносіны да яе змяніліся. Я навучылася дараваць і зразумела, як гэта здорава. Цяпер я магу усміхацца гэтаму чалавеку і глядзець у вочы, шчыра жадаючы дабра і шкадуючы пра ранейшыя непаразуменні паміж намі.
А зараз пагаворым пра зайздрасць, якая, на мой погляд, несумяшчальная з любоўю. Зайздрасць – трэці з сямі галоўных грахоў пасля ганарыстасці і сквапнасці. Здавалася б, што дрэннага ў тым, што табе зайздросцяць? Некаторыя лічаць: калі табе зайздросцяць, значыць, ты – шчаслівы чалавек. А нядаўна пачула такое меркаванне: “Шчасце – гэта калі табе зайздросцяць, але не могуць цябе ўкусіць”. Я з гэтым не згодна. Мне здаецца, што зайздрасць – гэта самаедства, і чалавек, які зайздросціць поспехам ці перамогам іншага чалавека, уводзіць сябе ў дэпрэсіўны стан ці ў агрэсію. Любіць тых, хто зайздросціць мне ці крыўдзіць мяне, – тэарэтычна можна і патрэбна, вось толькі як гэта ператварыць у жыццё? Нядаўна адна настаўніца, якая хоча, каб я стала журналістам, прапанавала мне малітву, якую я чытаю па раніцах і разумею: з кожным днём яна мне ўсё больш дапамагае. У гэтай малітве гаворыцца пра тое, што калі мы камусьці жадаем здароўя і дабра, то нам вяртаецца нашмат больш. І гэта сапраўды так.
І яшчэ – пра цярпенне. Мне здаецца, што на свеце вельмі мала цярплівых людзей, асабліва гэта датычыць дзяўчат. І не зрабіла б я за сваё пакуль яшчэ такое кароткае жыццё столькі глупстваў, калі б была цярплівай да парад мамы, якія часам нават не хацела слухаць, калі б праяўляла цярпенне пры выкананні якойсьці важнай справы, умела чакаць (а, між іншым, так хочацца ўсяго і адразу)…
Вельмі хочацца сказаць і пра адказнасць за чалавека, які знаходзіцца побач з намі, які любіць нас.
У жыцці людзі сустракаюцца і развітваюцца па прычынах, якія часам проста немагчыма растлумачыць. І заўсёды лягчэй таму, хто пакідае, а вось таму, хто застаецца з пачуццём глыбокай прывязанасці і шчырага кахання, даводзіцца зусім не проста. Я ведаю сумную гісторыю. Хлопец-дзевяцікласнік пазнаёміўся ў лагеры з дзяўчынай з іншага горада. Сяброўскія адносіны перараслі ў першае каханне. Але здарылася так, што праз некаторы час дзяўчына вырашыла: ёй больш падабаецца іншы… Хлопец прыняў рашэнне развітацца з жыццём. На шчасце, ён застаўся жывым, і праз паўгода, пасля шматлікіх аперацый, вярнуўся да нармальнага жыцця.
За 11 гадоў навучання ў маёй любімай гімназіі мне пашчасціла засвоіць адну простую ісціну: любіць – гэта рабіць дабро іншым людзям, не думаючы пра ўдзячнасць.
Алеся БЕЛІКАВА,
выпускніца гімназіі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *