Характар «прымае загартоўку». Дзюдо – гэта барацьба, у тым ліку, і з сабой

Віктар Богуш і Уладзіслаў Цярпіцкі – настаўнік і вучань.

Стаць мацней, падкарэкціраваць сваю фізічную сілу можа кожны. І працэс гэты не з’яўляецца нечым асабліва складаным, незразумелым. Над вынослівасцю працаваць давядзецца даўжэй і з большай настойлівасцю, але і тут вынік гарантаваны. Характар “прымае” загартоўку, выпрацоўваецца воля і многае іншае. Хто ў курсе: злосць у сабе развіць можна, ці паддаецца трэніроўцы гэта далёка не лепшая ў чалавеку якасць?

Пытанне выклікае пытанні. Але нярэдкія сітуацыі, для якіх справядлівая формула “злосць не дзеля злосці”. У імгненні пагранічнага напружання – сілы, волі, характараў – вырашальным часта становіцца фактар ”азлаблення”. У добрым тлумачэнні гэтага слова і, у першую чаргу, на сябе. Паказальным таму прыкладам з’яўляецца спорт, асабліва паказальным – любы з відаў спартыўных адзінаборстваў.

— Дабрыня, лаяльнасць, карэктныя паводзіны, абсалютная адсутнасць злосці. Бывае, што называецца, накіпіць, але не ведаю выпадкаў, каб Улад даў волю негатыву. Пералічаныя якасці выклікаюць павагу, але зусім не дапамагаюць у спорце. Разам з належнай тэхнічнай і функцыянальнай падрыхтоўкай агрэсія – зусім не лішні кампанент на татамі, — такую характарыстыку даў трэнер-выкладчык Ляхавіцкай ДЮСШ Віктар Богуш свайму вучню — майстру спорту Рэспублікі Беларусь Уладзіславу Цярпіцкаму.

Майстарскае званне выпускнік Ляхавіцкай СШ №1, а зараз другакурснік Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта “аформіў” яшчэ напрыканцы года мінулага. У Полацку, на спаборніцтвах за Кубак Рэспублікі Беларусь, дзе наш зямляк стаў трэцім у самай прэстыжнай – плюс 100-вагавай катэгорыі.

Два “крайніх” са сваім удзелам турніры майстар спорту Цярпіцкі правёў па-майстэрску. У канцы сакавіка ў Магілёўскім спарткомплексе “Алімпійскі” праводзілася адкрытае – з удзелам замежных барцоў – першынство Беларусі сярод дзюдаістаў, чый узрост не перавышае 21 год. Цярпіцкі стаў другім у сваёй вагавай катэгорыі. Прайграў толькі фінальную схватку спартсмену, сумесна з якім зараз трэніруецца пад кіраўніцтвам Сямёна Гуманава. Адзін толькі гэты факт гаворыць пра многае і дарагога варты. Звярнуць на сябе ўвагу “дзеда”, атрымаць ад патрыярха дзюдо ангажэмент на трэніроўкі вельмі і вельмі няпроста. Асоба маштабу сусветнага дзюдо, адзін з заснавальнікаў гэтай філасофіі на былых савецкіх прасторах, заслужаны трэнер СССР і Беларусі, уладальнік надзвычай высокага 8 кваліфікацыйнага дана, наяўнасцю якога могуць пахваліцца, думаецца, пару дзясяткаў чалавек. Вось у такія рукі трапіў Уладзіслаў Цярпіцкі.

Нельга не ўзгадаць турнір, што прайшоў 4 красавіка ў горадзе Ліда на Гродзеншчыне. І на гэты раз першынство краіны мела адкрыты фармат, толькі абмежаваннем па узросце ўдзельнікаў з’яўляліся ўжо 23 гады. Цярпіцкі выйграў, нягледзячы на свае 19.

Як прыгадвае Віктар Богуш, дзюдо не стала для юнага Улада любоўю з першага погляду.

— Прыйшоў школьнікам. Адпрацаваў некалькі трэніровак і знік. Але ўвагу на сябе звярнуў: задаткі перспектыўнага барца праглядваліся ўжо тады. Вызначалі нядрэнныя фізічныя даныя, быў каардынаваны, дастаткова спрытны, нягледзячы на габарыты. Ляхавічы – горад “цесны”, кожны раз пры сустрэчы нагадваў, прасіў: прыходзь, прыходзь. Гэта сыграла ролю, ці былі нейкія іншыя прычыны, але Улад вярнуўся. І застаўся, – адкручвае час назад Віктар Мікалаевіч.

Серыя ўдалых выступленняў на рэспубліканскай арэне дае карт-бланш да міжнародных стартаў. Прыкладна праз месяц Цярпіцкага чакае паездка ў Каўнас. У гэтым літоўскім горадзе арганізуецца правядзенне аднаго з этапаў Кубка Еўропы. Анансуецца, што спаборніцтвы збяруць многіх мацнейшых майстроў дзюдо старога свету.

Калі ж зазірнуць у больш аддаленую перспектыву, мары ляхавіцкага майстра японскай барацьбы высокія, але зямныя: сабраць блізкі да максімуму медальны ўраджай з юніёрскага і маладзёжнага татамі, прабіцца ў склад нацыянальнай зборнай.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Характар «прымае загартоўку». Дзюдо – гэта барацьба, у тым ліку, і з сабой

  • 23/04/2014 в 19:35
    Permalink

    Владик как всегда на высоте. Настоящий мастер!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *