Адзнаку паставіць восень /фота/

Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч і старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар пракантралявалі ход будаўніча-мантажных работ у новым цэху льнозавода.

25 красавіка падчас рабочай паездкі па Брэстчыне прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч са старшынёй Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Канстанцінам Сумарам пракантралявалі ход будаўнічых работ і рэканструкцыі на ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” – прадпрыемстве, якое ўвайшло ў рэспубліканскую праграму мадэрнізацыі льнаводчай галіны.

Кіраўнік урада наведаў будаўнічыя пляцоўкі, у прыватнасці, новыя шоху і цэх, дзе з дня на дзень пачнецца мантаж сучаснага тэхналагічнага абсталявання для вытворчасці льновалакна, а таксама стары цэх, дзе цяпер вядзецца перапрацоўка льну.

“Павінны выконвацца ўсе запланаваныя работы згодна графіка. Рэканструкцыю завода з устаноўкай высокапрадукцыйнай лініі па выпрацоўцы льновалакна трэба завяршыць да 1 верасня гэтага года”, — зазначыў Міхаіл Мясніковіч.

Як падкрэсліў прэм’ер- міністр, нямала залежыць ад пастаяннага і дакладнага кантролю з боку раённай улады, ад мэтанакіраванай дзейнасці і ініцыятыўнасці дырэкцыі льнозавода: “Пытанні неабходна вырашаць хутка, не чакаючы чыіхсьці даручэнняў. Усю работу трэба праводзіць такім чынам, каб да тэрміну завяршыць запланаванае”.

Міхаіл Мясніковіч, акрамя мадэрнізацыі льнозавода, пацікавіўся ў старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча і іншымі актуальнымі пытаннямі развіцця Ляхавіччыны, засяродзіў увагу на неабходнасці нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці малака і павышэння яго якасці. Уздымалася і праблема стратных прадпрыемстваў (па выніках работы за І квартал іх у раёне 7 з 23).

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *