Бярозавік прайшоў, шчаўе паспела.ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод” працуе без выхадных і святаў

Работа ў 3 змены без выхадных і святаў – у такім рэжыме ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод” працуе часта. У тым ліку, калі ідзе перапрацоўка бярозавага соку. Як расказала галоўны эканаміст прадпрыемства Вольга Бурак, сёлета за сезон перапрацавана 783 тоны гаючага напітку — больш чым летась. Бярозавік закуплялі ў Ляхавіцкім лясгасе, а таксама ў лясніцтвах Івацэвіцкага, Ганцавіцкага і Клецкага раёнаў.

Нягледзячы на сюрпрызы вясновага надвор’я, тэхнолагі не скардзіліся на якасць сыравіны. Акрамя чыстага бярозавага соку, будуць гатавацца запатрабаваныя ў пакупнікоў купажы кансерваванага напою (іх на прадпрыемстве распрацавана каля 10 відаў). Частка соку новага ўраджаю ўжо адправілася ў гандлёвыя кропкі.

Не паспеў сысці з перапрацоўчага канвеера бярозавік, як у справу пайшла яшчэ адна карысная культура – шчаўе. Пад яе на падсобнай гаспадарцы прадпрыемства адведзена 3 гектары. За лета тут збяруць некалькі ўраджаяў. У мінулым годзе на заводзе перапрацавана 480 тон шчаўя. Не менш мінулагодніх аб’ёмаў плануецца нарыхтаваць і сёлета.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *