Ляхавічы: да другаснай – першачаргова. Выкананне прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна планаў па здачы другаснай сыравіны – на кантролі раённай улады

Выкананне прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна планаў па здачы другаснай сыравіны – на кантролі раённай улады. Разглядалася пытанне і ў панядзелак на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама. У прыватнасці, шэрагу арганізацый, сярод якіх ільнонасенстанцыя, прадстаўніцтва Белдзяржстраха, ЛДАК, неабходна да 20 чэрвеня здаць другасную сыравіну нарыхтоўшчыкам. Нямала праблем у гэтым плане і ў спажывецкай кааперацыі. Работнікі райпо заданні выконваюць, а вось з закупам у насельніцтва макулатуры, шкла, іншай сыравіны справы абстаяць дрэнна. Вячаслаў Сельмановіч пацікавіўся ў старшыні райпо Васілія Некрашэвіча мерамі, якія прымаюцца для выпраўлення сітуацыі. Узгадваліся, напрыклад, падняцце закупачных цэн на другасную сыравіну, адкрыццё яшчэ аднаго нарыхтоўчага пункта па вуліцы Савецкай у райцэнтры і іншыя крокі. Ці хопіць гэтага, пакажа час. Пытанне застаецца пад асабістым кантролем кіраўніка раёна.

Старшыня райвыканкама адзначыў, што вывучаецца пытанне мэтазгоднасці будаўніцтва ў нашым горадзе завода па перапрацоўцы другаснай сыравіны. Узвядзенне гэтага важнага аб’екта адзначае і стварэнне новых працоўных месцаў, а тэхналагічная ўтылізацыя другаснай сыравіны толькі станоўча паўплывае на экалогію.

Слушную параду, як прадпрыемству зарабіць дадатковыя грошы, выказаў кіраўнік раённай выканаўчай улады дырэктару філіяла “Кааптранс” Уладзіміру Равяку. Размова — пра аказанне дадатковых паслуг насельніцтву па транспартных перавозках, апрацоўцы зямельных участкаў, касьбе. Ці зацікавіць кіраўніцтва кааптранса і райпо прапанова стварыць адно ці некалькі звенняў па аказанні падобных паслуг, хутка стане вядома. Былі да Уладзіміра Равякі і пытанні па санітарным стане транспартных сродкаў, якія перавозяць прадукты ў гандлёвыя кропкі, па выкананні раскладу і маршрутаў дастаўкі.

Яшчэ ў сакавіку кіраўнік раёна даў даручэнне да 30 мая поўнасцю падрыхтаваць аздараўленчыя лагеры, у тым ліку і “Чайку”, да новага летняга сезона. Аднак, як аказалася, не ўсе аб’екты адпавядаюць санітарным і іншым патрабаванням. Кіраўніцтву аддзела адукацыі, спорту і турызму неабходна тэрмінова выправіць сітуацыю. Першая змена пачнецца літаральна днямі.

Акрамя таго, старшыня райвыканкама даў даручэнне начальніку аддзела Леаніду Калбасе вырашыць пытанне працаўладкавання работнікаў тых устаноў адукацыі, якія з верасня спыняюць сваю дзейнасць.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *