“Аддаю перавагу …вяселлю”. “ЛВ” пацікавіўся, як плануюць правесці гэта лета маладыя ляхавічане.

Гэта доўгачаканая пара традыцыйна ў большасці з нас асацыюецца з адпачынкам — канікуламі і водпускам. Хтосьці спяшаецца на мора, іншыя аддаюць перавагу падарожжам па родных краявідах: дамы і базы адпачынку, санаторыі, прафілакторыі, аздараўленчыя лагеры, азёры, рэчкі і пляжы чакаюць шматлікіх турыстаў.

“ЛВ” пацікавіўся, як плануюць правесці гэта лета нашы маладыя землякі.

Марыя ДУБІНА,сакратар і педагог дадатковай адукацыі ЦДАДіМ:

– Апошнія некалькі гадоў кожнае лета знаходзіла хоць тыдзень, каб адпачыць на моры. Астатнія цёплыя дзянькі цешылася сонцам і свежым паветрам дома – у Беларусі нямала цудоўных мясцін. А вось сёлета планы давялося падкарэкціраваць. Як у тым кіно: гэтым летам я аддаю перавагу…вяселлю, выходжу замуж. Так што самая цёплая пара года для мяне асаблівая, і мару, што яна будзе вельмі шчаслівай. Канешне, шкада на 3 месяцы развітвацца са сваімі выхаванкамі-гурткоўкамі. Яны плануюць пабываць і ў летніку, і папрацаваць.

На жаль, у нашым горадзе моладзі няма куды дзецца, асабліва вечарам. На дыскатэцы ў ГДК ці на танцпляцоўцы — тыя, каму больш за 18 гадоў, адчуваюць сябе ўжо не ў сваёй талерцы, бо побач адны падлеткі. Думаю, калі б арганізоўваліся якія-небудзь цікавыя вечары адпачынку для маладых сем’яў ці спартыўныя спаборніцтвы, жадаючых паўдзельнічаць было б нямала.

Сяргей ТУПАЛЬСКІ, выпускнік СШ № 2:

– Лета 2014 года для мяне – вызначальнае. Цяпер экзамены ў школе. Потым – выпускны баль, а далей самая галоўная праверка ведаў – тэсціраванне. Рыхтаваўся вельмі дасканала, шмат вучыў сам, дапамагалі настаўнікі, рэпетытары. Мару паступіць на філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта і вывучаць замежныя мовы. Філалогіяй я захапіўся даўно.

Як толькі з’яўляецца вольная хвіліна — чытаю. З кнігай — класічнай, а не электроннай — не развітваюся з дзяцінства. Люблю чытаць гістарычную літаратуру, захапляюся эпохай сярэднявечча.

Але і разумовай дзейнасці неабходны адпачынак. Як і раней, буду дапамагаць бацькам на ўчастку і дачы — без мужчынскай сілы там ніяк.

Аксана КАЛЯДА, маці траіх дзяцей:

– Я зараз у дэкрэтным водпуску – нядаўна ў нашай сям’і нарадзілася трэцяя дачушка Жэнечка. Так што летні адпачынак прадказальны – будзем гуляць у парку, каля фантана, на дзіцячых пляцоўках у двары дома. Усёй сям’ёй, як толькі ў мужа будзе вольны час, пачнём ездзіць на дачу, бліжэй да прыроды. Старэйшыя дочкі-школьніцы таксама з нецярпеннем чакалі летніх канікулаў і магчымасці даўжэй пагуляць з сястрычкай. Праўда, угорадзе няма месцаў, дзе можна ва ўтульнай абстаноўцы культурна пасядзець усёй сям’ёй з малымі дзецьмі. Нядаўна з’явілася вулічнае кафэ каля рэстарана. Але там, на жаль, з дзецьмі не пасядзіш – побач не заўсёды толькі цвярозыя. А хацелася б якое-небудзь сямейнае кафэ…

Анатолій СКРАБЕЦ, выпускнік Ляхавіцкага  дзяржаўнага аграрнага каледжа:

– У мяне на гэта лета планаў мноства, і многа чаго павінна адбыцца новага. Вось-вось пачнуцца дзяржаўныя экзамены – спадзяюся на паспяховыя адзнакі. Хутка развітальны вечар з аднакурснікамі і выкладчыкамі. Канешне, буду сумаваць па іх і па сваім любімым ЛДАКу. Мару паспяхова здаць тэсты. Калі ўсё атрымаецца, паспрабую паступіць на завочнае аддзяленне Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. У жніўні пачну працаваць самастойна. Ужо заключыў дагавор аб працаўладкаванні, таму па размеркаванні маім першым месцам працы будзе Жабінкаўскі камбікормавы завод. Вельмі хачу зарэкамендаваць сябе добрым спецыялістам — веды падчас вучобы атрымаў трывалыя. А яшчэ буду дапамагаць бацькам, якія жывуць на Століншчыне.

Віктар КОКТЫШ, фельчар аддзялення хуткай дапамогі ЦРБ:

– З нецярпеннем чакаў менавіта гэтага лета. У мяне — водпуск. Разам з сябрамі запланавалі доўгачаканую паездку ў Санкт-Пецярбург. Упэўнены, што падарожжа будзе цікавым. Астатняя частка лета пройдзе ў любімай рабоце. А ў выхадныя спраў і дома хапае.

Тусоўкі ў Ляхавічах стыхійныя. Юнакі, якія маюць ўласныя аўтамабілі, збіраюцца на рыначнай плошчы – проста адпачыць, пагаварыць, нешта абмеркаваць. Ведаю, што для некаторых месцам сустрэчы сталі сквер ля фантана ці гарадскі парк па вуліцы Леніна, “кучкуюцца” і каля ГДК. Арганізаваны, цікавы, запамінальны і карысны адпачынак для ляхавіцкіх юнакоў і дзяўчат, мабыць, толькі мара. Але хто б не хацеў, каб яна стала рэальнасцю?!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *