Пасавала б Ляхавіччыне «залатое кальцо» ці Пра турыстычна-экскурсійную прывабнасць нашага раёна

Уявіце зусім ардынарную сітуацыю: прыязджае ў Ляхавічы, напрыклад, на начлег у гасцініцу, група турыстаў ці завіталі да кагосьці госці, і не абавязкова з іншай краіны – з іншай вобласці. Прайшліся яны па нашым мілым гарадку і захацелі ўбачыць яго больш глыбока, даведацца пра гісторыю тутэйшых мясцін, пра славутасці. Ну і чым, як гавораць, “сэрца супакоіцца”? Прагулкай па райцэнтры, магчыма, знаёмствам з музеем ЛДАКа, калі нехта выпадкова даведаецца, што такі ёсць. А вось цывілізаваным спосабам, які даўно і паўсюдна практыкуецца, — арганізаванай экскурсіі з кампетэнтным гідам – не атрымаецца. Таму што не існуе пакуль у нашым раёне гэтай сферы дзейнасці.

Калі на апаратнай нарадзе старшыня райвыканкама цікавіўся распрацоўкамі яе праекта ў куратара пытання з аддзела адукацыі, спорту і турызму, адказ атрымаў фармальны. А фармалізм, як вядома, не памочнік у справе. Заданне з гэтай нагоды адназначнае: вельмі хутка, усебакова і з душою аздобіць і раён, і горад турыстычна-экскурсійнай прывабнасцю.

…Калечка, на памяць, калечка… Як бы яно пасавала Ляхавіччыне, як бы шмат расказала пра тую, якую ўпрыгожыла б, — нашу маленькую радзіму, і пра тых, хто ў розны час жыў-быў тут, працаваў, змагаўся, ствараў і пакінуў свой след у гісторыі. “Залатое кальцо” натуральна – гэта вобраз, пакуль не існуючы экскурсійна-турыстычны маршрут па раёне з прыпынкамі на месцах украпленняў “каштоўных камянёў”. Дыяментамі, рубінамі, сапфірамі на ім па праву могуць стаць знаёмыя слыху ляхавічан адрасы. Пройдземся? Рэпіхава, звязаная з ім біяграфія Чачота, Крывошынская царква, пачатак Агінскага канала і прысвяціцкія раскопкі з прывітаннем з часоў мезаліту. Мядзведзіцкі касцёл, Грушаўка з яе рэйтанаўскім мінулым, Нача – з брындзоўска-чарноцкім. Непаўторная Святадухаўская Падлеская царква, пабудаваная ў другой палове васемнаццатага стагоддзя, і звязаны з ёю лёс кананізаванага святым Серафімам мясцовага ўраджэнца Рамана Шахмуця, і пачатак славутага хору імя Цітовіча – з гэтай жа вёскі. Падзівімся на патапавіцкія валуны з выявамі лічбы 1683, якія, магчыма, сведчаць пра ўдзел землякоў у разгроме туркаў пад Венай. У памяць загінуўшых, мяркуецца, і былі пастаўлены гэтыя каменныя гіганты з выявамі крыжа і датай гібелі. А як не завітаць у былую рэзідэнцыю паноў Бохвіцаў у Флер’янове — яна выдатна захавалася, і як не паслухаць казкі старога дуба, пасаджанага тут больш стагоддзя назад самой Элізай Ажэшка, і маладзенькіх дрэўцаў, што з’яўляюцца працягам, паркам “з радаслоўнай”, прыдуманым “Ляхавіцкім веснікам”. Зусім немагчыма абмінуць Савейкаўскі архітэктурна-паркавы ансамбль (дарэчы, тутэйшы парк – помнік прыроды рэспубліканскага значэння).

Паспрабуйце “на смак”, як таямніча і захапляльна гучыць: мілыя дарожкі, лесвіца ў неба, паўтарастагодняя ліпавая алея, востраў кахання… Гэта ж наша “гісторыя-геаграфія”, і яна цудоўным чынам можа стаць партытурай для турыстычна-экскурсійнага маршруту.

А яшчэ на ляхавіцкай зямлі колькі напамінаў пра ваенныя выпрабаванні – і Першай сусветнай, і Вялікай Айчыннай. Ведаць самім, расказаць гасцям, перадаць у спадчыну наступным пакаленням — што тут звышскладанага? Усяго-та і патрабуецца на пачатку вялікае жаданне зрабіць гэта і ўсведамленне, што спазненне і так зацягнулася.

Турыстычная прывабнасць ляхавіцкай зямлі па змесце сумненняў не выклікае, а вось па форме прэзентацыі… — формы пакуль, на жаль, няма. Гэта не толькі пра прэзентацыйныя матэрыялы, экскурсіі, але і пра прапановы ад індывідуальных прадпрымальнікаў. У Год гасціннасці, у яго “цэнтры” (чэрвень жа), прыемных навін не з’явілася. І аграэкатурызм па-ранейшаму абмяжоўваецца аграсядзібай “Медуніца” на беразе вадасховішча Мінічы. У інфармацыі ад намесніка начальніка ўпраўлення Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці Ірыны Сапон канстатуецца: у шэрагу рэгіёнаў вобласці занятак грамадзян гэтым відам дзейнасці (аграэкатурызмам) нязначны, у прыватнасці, у Ляхавіцкім раёне зарэгістраваны толькі 5 суб’ектаў аграэкатурызму. (Дзе хаця б астатнія чатыры з нешматлікіх пяці? – В. Б.)

На ўласныя вочы бачыла, сама чула і па-добраму зайздросціла зусім супрацьлегламу стаўленню падчас экскурсій па Іванава і Іванаўшчыне, Пружанах і Пружаншчыне. Багатыя гістарычныя мясціны маюць дастойнае абрамленне: тут вас гасцінна сустрэнуць гаспадары аграсядзіб, прапануюць жыццё на “прыродзе”, але з камфортам (лазня, блізкі вадаём, спортінвентар, дранікі-мачанка — адным словам, любы капрыз за вашы грошы). А захочаце экскурс у гісторыю і знаёмства з днём сённяшнім, гід да вашых паслуг у падарожжы па раёне.

Між іншым, у гэтага пытання не толькі патрыятычны, пазнавальны аспекты, але і матэрыяльны: платныя экскурсіі, платныя прапановы ад гаспадароў аграсядзіб. А ніша ў Ляхавічах, як кажуць, пакуль пустуе.

…Не губляю надзеі пабываць у ролі экскурсанта-турыста па любімай, такой знаёмай, але разам з тым да канца нязведанай маёй маленькай радзіме. Мару пра той час, калі ў ляхавіцкай “геаграфіі” з’явіцца адрас гарадскога музея. І пра “залатое кальцо” Ляхавіччыны мару таксама. Чуеце, адказныя за развіццё турызму, а таксама ідэолагі, бээрэсэмаўцы, краязнаўцы і, наогул, усе нераўнадушныя людзі?! Гэта мы можам, і гэта мы павінны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *