Заслугі ў тонах і кіламетрах. Па выніках працы за мінулы год партрэт вадзіцеля СВК «Ляхавіцкі» занесены на Галерэю славы Ляхавіцкага раёна

Па выніках працы за мінулы год партрэт вадзіцеля СВК «Ляхавіцкі» Аляксандра Сельмановіча занесены на Галерэю славы Ляхавіцкага раёна.

Здаецца, без выкарыстання ўзвышаных слоў-фарбаў моўны партрэт Аляксандра Сельмановіча не атрымаецца поўным. Спагадлівы, тактоўны, у любой сітуацыі імкнецца праяўляць ветлівасць. Максімальная добразычлівасць ва ўсім і да ўсіх з’яўляецца адным з яго жыццёвых прынцыпаў. Гэта няпоўны партрэт Аляксандра Сельмановіча як чалавека.
А ёсць яшчэ працоўны – партрэт прафесіянала. Вадзіцелем «русінавіцкіх» аўтамабіляў Аляксандр Аляксеевіч служыць ужо 28 гадоў – як прыйшоў у 1994 годзе, так і трымаецца. За аўтамабільную баранку, калі гаварыць літаральна, а калі па сутнасці – за вельмі часта няпростую і заўсёды нялёгкую хлебаробскую працу.
Зараз у яго ГАЗ, які, вобразна кажучы, па самыя колы заграз у штодзённых клопатах. Але акрамя таго, што ў кіламетрах пройдзенага шляху, работа Аляксандра Сельмановіча вымяраецца ў тонах уласнапрыгатаванай мукі. Сам ажыццяўляе размол зерня і сам жа дастаўляе атрыманы прадукт да жывёлагадоўчых фермаў гаспадаркі.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.