Каб агонь не наламаў дроў. У Ляхавічах адбылося абласное дэманстрацыйна-практычнае вучэнне па выяўленні і тушэнні лясных пажараў

А некаторыя і ведаць не ведалі, што падобная бадзёра-відовішчная актыўнасць праводзіцца. Больш таго, выходзіць на ўзровень традыцыі, якая штогадова і, як правіла, у красавіку адбываецца на «полі» аднаго з лясгасаў Брэстчыны. Полем падзеі фармату два ў адным гэтага года сталі Ляхавіччына, Ляхавічы, стадыён «Колас». А ў якасці адказнага арганізатара выступіў Ляхавіцкі лясгас.

Агульнавядома, што самым злосным і абсалютна бязлітасным ворагам лесу з’яўляецца пажар. Як і тое, што на варце, па-першае, па недапушчэнні пранікнення яго ў лясныя ўгоддзі і, па-другое, у выпадку ўсё ж такі ўзнікнення стаяць калоны тэхнікі, значныя шэрагі спецыяльных аб’ектаў-збудаванняў і, галоўнае, людзі. Па сутнасці, кожны работнік лясной галіны служыць яшчэ і лясным супрацьпажарным. Для аховы лясоў ад пажараў у Ляхавіцкім лясгасе задзейнічана 87 работнікаў. Усталяваны тры пажарна-назіральныя вышкі і столькі ж мачтаў, абсталяваных сістэмамі відэаназірання, карцінкі з якіх выведзены на маніторы лясніцтваў і пульт дзяжурнага па лясгасе. Караван рухомых супрацьпажарных сродкаў складаюць беспілотны лятальны апарат, шэсць аўтацыстэрнаў, некалькі пажарных мабільных модуляў. У дадатак многае іншае, спецыяльнае: прафілактычная работа з насельніцтвам, мінералізацыя палос, устаноўка інфармацыйных знакаў і шлагбаўмаў, цеснае супрацоўніцтва з масмедыя. Тым не менш, за апошнія пяць гадоў на тэрыторыі фондаў лясгаса было зарэгістравана 28 пажараў.
Як адзначыў напачатку семінара-трэнінгу начальнік аддзела аховы лесу, палявання і лясной гаспадаркі Брэсцкага ДВЛГА Канстанцін Скрабец, бягучы год ужо адзначыўся шэрагам лясных пажараў на тэрыторыі розных лясгасаў вобласці. Іх «правакатарамі» выступілі, у тым ліку, маласнежная зіма і даволі ранняе наступленне адноснага цяпла. Прычынай абсалютнай большасці ўзгаранняў з’явіўся чалавечы фактар.


Абласное дэманстрацыйна-практычнае вучэнне па выяўленні і тушэнні лясных пажараў умоўна можна падзяліць на пару-тройку аб’яднаных агульнай тэмай, але адрозных актыўнасцяў. Адразу пасля адкрыцця і ўступнага слова першага намесніка генеральнага дырэктара Брэсцкага ДВЛГА Аляксандра Мацюшэўскага і працэдуры
розыгрышу стартавых нумароў каманд-удзельніц спаборніцтваў галоўныя ляснічыя і інжынеры па ахове і абароне лесу правялі страявы  агляд тэхнікі і абсталявання для папярэджання і ліквідацыі лясных пажараў ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас». Выбудаваная ў шарэнгу на бегавым авале стадыёна «Колас» яна заняла ці не паўсотні метраў. Трактары, аўтамабілі-цыстэрны, міні-абсталяванне для ліквідацыі ўзгаранняў прадставіў калегам з рэгіёнаў вобласці галоўны ляснічы лясгаса Дзяніс Герасіменка. Па вялікім рахунку, нічога прынцыпова новага для спецыялістаў гэты строй тэхнікі не дэманстраваў, усё і неаднойчы яны бачылі і выкарыстоўвалі ў сваёй практыцы. Аднак меліся ляхавіцкія асаблівасці, адметнасці ў плане выкарыстання, даабсталявання некаторых з узораў прадстаўленай тэхнікі.
Затым – трэніровачны выезд пажарнай каманды Ляхавіцкага лясгаса з мэтай «дэманстрацыі тушэння ляснога пажару». Але спачатку ў адзін з бліжэйшых лясных кварталаў – да месца ўмоўнага ўзгарання прыбыла каманда назіральнікаў з ліку ўдзельнікаў семінара. Быў прадэманстраваны ўвесь працэс ліквідацыі вучэбнай гарачай сітуацыі – ад моманту прыбыцця пажарных разлікаў, да работ па згортванні экіпажамі агняборцаў сваіх пажарных рукавоў і ад’езду каманд з месца здарэння. Трэніровачная сітуацыя мела на ўвазе сумесныя дзеянні як пажарных лясгаса, так і разліку выратавальнікаў Ляхавіцкага РАНС. Сітуацыя маніторылася ў тым ліку і з вышыні птушынага палёту беспілотным лятальным апаратам.
Далей – спаборніцтва па аператыўным рэагаванні, разгортванні пажарных рукавоў і дакладна-хуткасным напаўненні невялікай ёмістасці вадой. Сутнасць: праз невялікую, у некалькі санты-
метраў дыяметрам адтуліну з дапамогай пажарнага ствала
патрабавалася напоўніць вадой спецыяльную пасудзіну. Складанасць заключалася ў малых памерах адтуліны і даволі значнай адлегласці да яе. Спаборніцтвы выглядалі дынамічна і, у прамым сэнсе, водафеерычна. Справіліся ўсе 15 каманд лясгасаў Брэсцкай вобласці, а самай хуткай, спрытнай і дакладнай паказала сябе лесапажарная каманда Ляхавіцкага лясгаса. Цяпер пяцёрцы яе ўдзельнікаў у складзе Пятра Шадуры, Антона Гардзея, Аляксея Татарыновіча, Канстанціна Равякі, Юрыя Таранды належыць прадстаўляць вобласць у горадзе Шуміліна на рэспубліканскіх спаборніцтвах лесапажарнага майстэрства.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.