Пад мірным небам Беларусі. Ляхавічы адзначылі Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

Разам з ветэранамі дрэва на алеі памяці пасадзіў і кіраўнік раёна.

3 ліпеня наша краіна адзначала сваё свята — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і слаўны юбілей – 70-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 70 гадоў назад у трэці дзень ліпеня далёкага 1944 года разбураны ваенным ліхалеццем, але няскораны Мінск сустракаў вызваліцеляў — байцоў Чырвонай Арміі.

Сімвалічна, што гэтыя святы адзначаюцца ў адзін дзень. Незалежнасць і ёсць свабода. А працавіты, дружалюбны, мужны беларускі народ ведае яе кошт: у Вялікай Айчыннай вайне загінуў кожны трэці жыхар нашай краіны.

Свята ляхавічане і госці горада сустракалі радасна і светла, з добрым настроем. Добразычліва-ўрачыстая атмасфера панавала паўсюдна.

Плошча Перамогі. Менавіта ля помніка загінуўшым воінам-вызваліцелям па традыцыі штогод праходзяць  мітынгі.

Першыя словы пашаны і кветкі ад удзячных нашчадкаў — ім, нашым дарагім вызваліцелям — ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Як жа кранаюць душу і хвалююць сэрца размераныя ўдары метранома. Святлом удзячнай памяці няхай азарацца імёны загінуўшых герояў. Не толькі людзі, але і, здаецца, прырода замерла, застыла ў хвіліне маўчання, аддаючы даніну павагі тым, хто загінуў за свабоду і незалежнасць Радзімы, за магчымасць нашчадкаў жыць пад мірным небам у квітнеючай краіне. Да помніка воінам-вызваліцелям ляглі вянкі і кветкі ад кіраўніцтва раёна, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, сённяшніх салдат. З 70-годдзем вызвалення Беларусі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў Узброеных Сіл краіны, усіх гараджан і вяскоўцаў, гасцей Ляхавіччыны павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч. Былі і словы ўдзячнасці ад райваенкама Аляксея Навіцкага. Па традыцыі стройным маршам прайшлі па плошчы Перамогі сённяшнія абаронцы Айчыны, дэманструючы моц і абараназдольнасць нашых Узброеных Сіл.

Помнім. Шануем. Ганарымся.

А святкаванне набірала сілу, перамясцілася спачатку ў сквер каля бібліятэкі імя Янкі Купалы. Тут адбылася падзея, якая не адзін год, не адно дзесяцігоддзе застанецца ў памяці нашчадкаў. Падчас раённай акцыі “Пасадзі дрэва памяці” 70 маладзенькіх туй у гонар юбілея вызвалення пасадзілі землякі – кіраўнікі раёна, ветэраны, прадстаўнікі ўстаноў, арганізацый, прадпрыемстваў, а таксама госці з суседняй Польшчы. Трэба было бачыць, з якімі любоўю, клопатам і гонарам саджалася кожнае дрэўца. Цяпер абавязак усіх нас – клапаціцца пра саджанцы, каб яны раслі моцнымі, зноў і зноў нагадвалі пра Вялікую Перамогу. І наўрад ці ў каго падымецца рука пашкодзіць гэтыя маленькія сімвалы свабоды.

Дарэчы, яшчэ за некалькі дзён да слаўнай даты наш раён прымаў віншаванні. Намеснік генеральнага дырэктара абласнога ўпраўлення ЖКГ Міхаіл Іолап уручыў старшыні райвыканкама Вячаславу Сельмановічу дыплом за перамогу Ляхавіч у рэспубліканскім аглядзе санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь за 2013 год у чацвёртай катэгорыі населеных пунктаў. У гэтай узнагародзе – часцінка працы не толькі камунальнікаў, будаўнікоў, але і кожнага з землякоў, якія былі і застаюцца дбайнымі гаспадарамі.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч віншуе з чарговай працоўнай перамогай дырэктара малочнага завода Вячаслава Жукоўскага.

А Ляхавіччына працягвала ўшаноўваць, вітаць, радаваць, захапляць. Пад гукі аркестра гара-джане і госці сабраліся на чарговую святочную пляцоўку – на плошчы Леніна. З Днём Незалежнасці і 70-годдзем вызвалення ўсіх павіншаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч. Шмат цёплых слоў пашаны і ўдзячнасці было адрасавана ветэранам: “Вы былі і застанецеся самымі паважанымі і ганаровымі грамадзянамі нашага раёна, краіны. Вы сваім подзвігам, неўміручым прыкладам бездакорнага служэння народу для сваіх нашчадкаў заваявалі права на жыццё, на свабоду, на працу. Вялікі дзякуй вам за незалежнасць…” Кіраўнік раёна падкрэсліў, што патрыятызм аб’ядноўвае усіх, хто беражліва ставіцца да гісторыі сваёй Радзімы, прымнажае яе сённяшні дзень і верыць у яе дастойную будучыню.

Апладысментамі ляхавічане сустрэлі словы: “На Дошку гонару Ляхавіцкага раёна “Галерэя славы” занесены…” Гучалі назвы прадпрыемстваў і арганізацый Ляхавіччыны, імёны людзей, якія сваёй добрасумленнай, адказнай працай прымнажаюць гонар і славу раёна, вобласці, краіны (больш падрабязна пра “Галерэю славы” і яе герояў – у бліжэйшым нумары “ЛВ”). Былі названы і лаўрэаты традыцыйнага конкурсу “Чалавек года”. Па выніках 2013 года імі сталі ў сваіх намінацыях старшыня СВК “Ляхавіцкі” Аляксандр Вітко, настаўніца гімназіі Людміла Раманенка, індывідуальны прадпрымальнік Галіна Шэйко, саліст народнай эстраднай студыі “Экспрэс” Андрэй Цямчык. Таксама Вячаслаў Сельмановіч і Яўгеній Юрлевіч уручылі заслужаным землякам ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама і райсавета.

Дыплом горада-пераможцы рэспубліканскага конкурсу добраўпарадкавання ўручае Міхаіл Іолап.

Наш добразычлівы край заўсёды рады гасцям, і не толькі ў Год гасціннасці. Са святам ляхавічан павіншавалі прадстаўнікі дэлегацыі з Лэнчыцкага павета Польшчы, уручылі падарункі кіраўніцтву раёна.

А над горадам загучалі песні, віншаванні, закружылі ў танцы хлопчыкі і дзяўчынкі. Захапляюча і для дарослых, і для дзяцей прайшло шоу “Водная феерыя”. А яшчэ кожны жадаючы мог пагуляць у шашкі і шахматы, паспытаць спрытнасць і сілу ў розных конкурсах.

На цэнтральнай плошчы размясцілася арыгінальная выстава народных майстроў з сельскіх Дамоў культуры. Нямала гледачоў было і на выступленні ансамбля народнай музыкі “Бяседа”.

З раніцы і да позняй ночы ў месцах масавага святкавання працавалі гандлёвыя рады і атракцыёны, якія карысталіся вялікай папулярнасцю сярод дзяцей і дарослых.

А вечарам гараджане і госці зноў сустрэліся на плошчы Леніна на танцавальна-забаўляльнай праграме.

Як сімвал яднання нацыі, магутнасці і працвітання роднай Беларусі ляхавічане разам з усёй краінай падчас акцыі “Праспяваем гімн разам” спявалі: “Мы беларусы – мірныя людзі…” Апоўначы над старажытным, але такім маладым, мірным і ўтульным горадам зорнае неба расквеціў вясёлкавымі фарбамі святочны салют.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. Яшчэ больш фота тут

One thought on “Пад мірным небам Беларусі. Ляхавічы адзначылі Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

  • 15/07/2014 в 00:31
    Permalink

    Праздник получился. Отдохнули в родном городе отлично. Такие даты объединяют и дают возможность встретиться с друзьями и знакомыми.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *