«Востраў» у полі

Галоўны аграном СВК «Востраў-Агра» Аляксандр Пятліцкі (трэці справа) з камбайнерамі Віктарам Зубікам, Аляксеем Калбасой, Пятром Канцылярчыкам, Дзмітрыем Саганам, Паўлам Канцылярчыкам і Мікалаем Сокалам.

У СВК “Востраў-Агра” збожжавыя ўбіраюць на 545 гектарах. Пад шчодрым сонцам 3 камбайны сінхронна “плывуць” па залатым моры. Хоць ураджайнасцю мясцовым хлебаробам сёлета хваліцца і не з рукі – 28,8 цэнтнера з гектара, але важкі плюс – хуткасць і стараннасць, з якімі яны працуюць на ніве. У ліку першых пачалі жніво, па магчымасці дапамагаюць і іншым гаспадаркам.

Пару дзён працавалі ў “Ліпнянцы”, зараз на камбайне КЗС-10 экіпаж старшага камбайнера Сяргея Валчка і камбайнера Віталія Багдановіча дапамагае на палетках ільнозавода, — расказвае галоўны аграном СВК Аляксандр Пятліцкі.

Сёлета 10 сакавіка першым у раёне выйшаў у поле менавіта тутэйшы механізатар Віктар Зубік – сеяць авёс. Сёння ён разам з таварышамі авёс убірае. На рахунку экіпажа Віктар Зубік – Аляксей Калбаса па стане на 31 ліпеня 586 тон збожжа, намалочанага на КЗС-12. Дарэчы, камбайнер у экіпажы ў няжніўны час загадвае майстэрнямі.

На КЗС-10 працуюць браты Канцылярчыкі. 21-гадовы Павел, хоць на жніве першы сезон, вядзе штурвал цвёрда і ўпэўнена. Надзейная падтрымка — Пётр, які на 2 гады маладзейшы за брата, студэнт і будучы музыкант.

На дзень наведвання “ЛВ” у востраўскім полі шчыраваў яшчэ адзін экіпаж — Мікалая Сокала і Дзмітрыя Сагана. Мікалай працуе вадзіцелем у Крывошынскай аблпсіхбальніцы, але кожнае лета становіцца камбайнерам.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *