За жніўным экватарам.Большая частка каласавых збожжавых на Ляхавіччыне ўбрана

Большая частка каласавых збожжавых на Ляхавіччыне ўбрана. Па стане на 1 жніўня скошана 9966 гектараў – 62,2 працэнта да плана. Радуе аграрыяў ураджайнасць: у сярэднім па раёне – 50,6 цэнтнера на круг, што на 8-10 цэнтнераў з гектара больш мінулагодняга. Самы важкі колас — на збожжавых палетках СВК “Ляхавіцкі”— 74,3 цэнтнера з гектара. Як паведамілі ў райсельгасхарчы, “Ляхавіцкі” па ўраджайнасці займае першае месца і на Брэстчыне. У абласным спаборніцтве ў тройку “ураджайных” лідараў уваходзіць таксама і СВК “Жарабковічы”. Дарэчы “Ляхавіцкі” лідзіруе ў вобласці і па ўраджайнасці рапсу — 45,9 цэнтнера з гектара.

Паралельна з уборкай праходзіць і продаж збожжа дзяржаве.

— Сёлета Ляхавіцкі раён павінен прадаць у лік дзяржзаказу 14 тысяч тон адборнага зерня з улікам піваварнага ячменю. Сельгаспрадпрыемствы амаль з першых дзён уборачнай сталі адпраўляць аўтамабілі, гружаныя збожжам новага ўраджаю на хлебапрыёмныя пункты. Па стане на 1 жніўня раён выканаў дзяржзаказ на 63,5 працэнта. Лепшае зерне, даведзенае да патрэбнай кандыцыі, – толькі такое ў лік дзяржзаказу. Пакуль лепш за іншых з заданнем дзяржаўнай важнасці спраўляюцца “Ляхавіцкі”, ДП “Нача”, “Жарабковічы”, ”Тальмінавічы”. Не прыступілі да продажу зерня дзяржаве ў СВК “Востраў-Агра”, агракаледжы і на льнозаводзе, — тлумачыць сітуацыю галоўны аграном райсельгасхарчу Мікалай Каплыноў.

Асаблівая ўвага надаецца якасці і колькасці здаваемага піваварнага ячменю. Усяго Ляхавіччына павінна прадаць дзяржаве 2200 ячменных тон. Першымі выканалі дзяржзаказ “Жарабковічы”, “Ляхавіцкі”, райаграсэрвіс.

Па словах Мікалая Каплынова, пры спрыяльным надвор’і неабходны яшчэ тыдзень, каб асноўныя жніўныя работы на палетках раёна былі завершаны. А пакуль пра тое, што сёлетняя ўборка каласавых — гэта ўжо гісторыя, могуць сказаць толькі СВК “Ляхавіцкі” і льнозавод.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *