Не спадзяюцца на ўдачу ў «Начы». ДП “Нача” дасталася “бронза” ў раённым спаборніцтве

Дырэктар ДП «Нача» Мікалай Тарлюк (у цэнтры) з экіпажамі камбайнаў у складзе Эдуарда Чалядкі і Уладзіміра Валаха, Віталія і Уладзіміра Шклянікаў.

Хоць, як і многія з нас, на яе, канешне ж, разлічваюць. Але ўпор, дакладна, робіцца на іншае. На рэальныя складальнікі поспеху, якімі можна кіраваць, якія паддаюцца кантролю і ад якіх на справе залежыць вынік: настойлівасць, уменне працаваць, тэхналагічную дысцыпліну, дысцыплінаванасць…

ДП “Нача” дасталася “бронза” ў раённым спаборніцтве на ўборцы збожжавых і зернебабовых сярод гаспадарак, якія дасягнулі найвышэйшых тэмпаў у павелічэнні зерневага валу і яго прадукцыйнасці ў разліку на бала-гектар. Пры параўнальна невысокай прыроднай урадлівасці глебы прадпрыемства сабрала фактычна 48 цэнтнераў збожжа на адзінку плошчы. За апошнія 3 гады вырысоўваецца такая дынаміка. 32 цэнтнеры на круг у сезоне-2013, па вядомых прычынах, не могуць служыць у якасці арыенціра, на які варта раўняцца. А вось у многім паспяховы і выніковы пазамінулы год з’яўляецца канкурэнтным. Рэкордныя на той час цэнтнеры былі пераважаны вынікамі сёлетняй уборкі. У прыкладнай прапорцыі падняўся і паказчык агульнага па гаспадарцы намалоту. Пры тым, што “ваганні” з году ў год пасяўных плошчаў можна трактаваць як статыстычную хібнасць.

Галоўнымі творцамі ўраджаю з’яўляліся людзі. Пачынаючы з асенняй падрыхтоўкі глебы і завяршаючы жнівом, імкнуліся ўсё выканаць у максімальна спрыяльныя тэрміны і дакладна па тэхналогіі. Завяршальны акорд – жніво – прагучаў таксама дастакова гарманічна. Усе 4 занятыя на ўборцы экіпажы з задачай справіліся. З улікам “рапсавых” намалотаў, у бункеры кожнага з квартэта камбайнаў аказалася больш за тысячу тон зерня.

Віталій і Сяргей Васюкевічы “склалі” на час уборкі сямейны тандэм. Як і год, і два назад. Старэйшы Віталій і ў экіпажы быў старшым. Вопытны, умелы механізатар, на камбайн перайшоў з-за руля МТЗ-1221. Працаваў на ўсіх аперацыях палявога сельскагаспадарчага цыкла. Па-за ўборачным сезонам Сяргей працуе жывёлаводам. Але і ў складзе экіпажа зернеўборачнага камбайна з’яўляецца не чужым, у самым шырокім значэнні слова.

Работнікі зернятоку, вадзіцелі на адвозцы ўраджаю і ўсе іншыя ўдзельнікі жніва спрацавалі як і патрэбна. Напрыклад, Дзмітрый Шастак за руль МАЗа сеў толькі мінулай вясной. Карэнны начавец, да гэтага часу працаваў у горадзе. Вярнуўся, атрымаў аўтамабіль і жыллё ад гаспадаркі ў “дадатак”. Дэбютны сезон у якасці хлебароба для Дзмітрыя атрымаўся ўдалым: стаў трэцім прызёрам раённага спаборніцтва на жніве ў намінацыі “маладыя вадзіцелі на адвозцы зерня ад камбайнаў”.

І калі збожжа – хлеб, то бабовае зерне – мяса. І малако. Вырошчванню зернебабовых культур у якасці багатага на бялок інгрэдыента ў рацыёне жывёлы надаецца нямала ўвагі. Сёлета мелі каля сотні гектараў зернебабовых пасеваў. Практыкуюць вырошчванне сумесі розных культур. Такая, напрыклад, камбінацыя: ячмень у якасці каркаса, плюс гарох, лубін, віка. Пры любым варыянце жадаем “Начы” ўдачы.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

З Богам!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *