Месца, дзе жывуць цуды. У дзіцячай бібліятэцы г.Ляхавічы зацікаўлена сустракаюць кожнага чытача

Як і ў маім дзяцінстве, у дзіцячай бібліятэцы, што прапісалася пад дахам гарадскога Дома культуры, нейкая асаблівая цішыня і спакой. Пра атмасферу творчасці гавораць шматлікія дзіцячыя вырабы на стэндзе каля ўваходу.

Бібліятэкар Галіна Навагран падкрэслівае, што іх установа мае вялікую базу дзіцячай літаратуры. Пры гэтым некалькі разоў на год складаецца спіс літаратуры, якой не хапае ў фондах.

А яшчэ бібліятэка звяртаецца да ўсіх кнігалюбаў з прапановай паўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі: калі ў вас ёсць часопісы або кнігі, якія вам не патрэбны, але яны ў добрым стане і цікавыя, то бібліятэка з задавальненнем прыме іх у дар. Тут (калі патрэбна) прывядуць іх да ладу, і пазнаёміцца з вашым падарункам зможа кожны жадаючы. Дарэчы, тых, хто далучаецца да гэтай акцыі, нямала.

Калі вы думаеце, што бібліятэка гэта месца, дзе можна толькі ўзяць кнігу, то вельмі памыляецеся. Тутэйшыя супрацоўнікі дапамагаюць школьнікам у падрыхтоўцы рэфератаў. Вам патрэбна нешта набраць або раздрукаваць – калі ласка.

Яшчэ адзін напрамак дзейнасці бібліятэкі – арганізацыя вольнага часу дзяцей розных узростаў. Напрыклад, у час летніх канікулаў юным чытачам была прапанавана конкурсная праграма “Збіральнікі кніжных жамчужын”. Дзеці з задавальненнем чыталі і абмяркоўвалі кнігі, прымалі ўдзел у розных гульнях.

Восенню кожны жадаючы можа завітаць на дзень адкрытых дзвярэй або адправіцца ў краязнаўчую вандроўку. Двойчы ў месяц для маленькіх чытачоў у бібліятэцы ставіцца лялечны спектакль.

Бібліятэка не пустуе ні летам, ні падчас навучальнага года. Па словах Галіны Антонаўны, рабяты аддаюць перавагу прыгодніцкім кнігам, вельмі часта бяруць “Прыгоды Карандаша і Самадзелкіна”, папулярныя ў іх творы Валерыя Квілорыя.

Добрая бібліятэка — найвялікшы скарб. Кнігі могуць дапамагчы чалавеку ва ўсім — падказаць, нацэліць, пашырыць кругагляд і веды па канкрэтнай тэме.

І вельмі прыемна, што ў нашай дзіцячай бібліятэцы такі добры калектыў, які зацікаўлена сустракае кожнага чытача.

Ірына КУЗЬМІЧ,

студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *