Як паперу «прыручыць» ведае майстар з Ляхавіцкага раёна

Папера — матэрыял шматфункцыянальны. Пра гэта, як ніхто, ведае майстар Вольга Свянтэцкая.

На свяце дажынак, якія прайшлі ў мінулую суботу ў Русінавічах, аграгарадок сустракаў нас цёплым надвор’ем, спевамі, гульнямі і, канешне ж, захапленнем людзьмі, якія сваёй плённай працай праслаўляюць наш раён.

“Вельмі прыемна, што гэта свята не толькі для моладзі і людзей больш сталых, але і для дзяцей, — радуецца маці дваіх дзетак Таццяна. — Калі ехалі сюды, не ведалі, чым заняць маленькіх непасед. А тут табе і лялькі, і батут, і мыльныя бурбалкі. І дарослыя адпачылі, і для малых сюрпрызаў хапіла”.

Вабіў смачны пах страў беларускай кухні. Каля палатак народных умельцаў было таксама шматлюдна: “Я ведала, што ў нашых людзей рукі залатыя, але каб з саломы сурвэтку карункавую зрабіць…Цуд ды й толькі!”, — падзялілася сваімі ўражаннямі жыхарка Русінавіч Наталля.

Сапраўды, вырабы нашых землякоў не сорамна паказваць дзе заўгодна. Вольга Свянтэцкая – адна з тых, хто ўсю душу ўкладае ў справу, якую робіць. Адразу і не зразумееш, з якім матэрыялам яна працуе. Звычайная папера – вось з чаго складаюцца гэтыя кошыкі і маёнтачкі. Займацца творчасцю Вольга Свянтэцкая пачала зусім нядаўна, з гэтага года. “Знайшла ў інтэрнэце ўзоры, а таксама тэхналогію пляцення. І неяк адразу зразумела, што гэта маё. Хоць праца і карпатлівая, але часу займае не многа. Адна-дзве гадзіны — і ў вас ёсць гатовы твор”.

Дарэчы, у Крывошыне існуе аматарскае аб’яднанне, куды прыходзяць дзеці і пад кіраўніцтвам Вольгі Свянтэцкай пераймаюць сакрэты і тэхніку пляцення. Яна жаданы госць на розных святах у нашым горадзе і раёне: “Вельмі прыемна,што мяне запрашаюць на мерапрыемствы, цікавяцца маёй творчасцю”. А як жа інакш: таленавітыя майстры ў нас заўсёды ў пашане!

Ірына КУЗЬМІЧ,

студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *