Паклон шаноўнаму ўзросту. У Ляхавічах на сустрэчы «Мае гады – маё багацце» ў Дзень пажылых людзей было шмат нагод для добрага настрою

У мінулую сераду ў гарадскім Доме культуры панавала шчырая, прыўзнята-шчымлівая і адначасова радасная атмасфера. На сустрэчы «Мае гады – маё багацце» ў Дзень пажылых людзей было шмат нагод для добрага настрою.

З цікавасцю знаёміліся з выставай работ таленавітых і багатых на выдумку майстроў. І яшчэ раз пераканаліся, што ўзрост творчасці не перашкода. З задавальненнем карысталіся цудоўнай прапановай – трапіць у рукі майстра цырульнай справы Марыны Пілінога і бясплатна зрабіць стрыжку ці прычоску.

Перад пачаткам канцэрта паглядзелі відэафільм пра лепшых сацыяльных работнікаў раёна. Намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень расказала пра дзяржаўны клопат пра пажылых людзей і пажадала землякам здароўя, аптымізму, ладу ў сем’ях. Пад апладысменты на сцэну падымаліся пераможцы раённага конкурсу “Лепшае ветэранскае падвор’е” Людвіг і Генрыка Хаўхуновічы з Дарава, Міхаіл і Тамара Зубікі з Куршынавічаў, ляхавічане Павел і Галіна Курловічы, Віктар і Аліна Брэчкі з Рачкан, Пётр Плакса і Вольга Татарыновіч з Гайнінца.

Гучала музыка, песні ў выкананні самадзейных артыстаў. Сапраўдны майстар-клас паказалі нашы шаноўныя ветэраны, пад гукі духавога аркестра яны танцавалі вальс, танга, польку і г.д.

Чаго не хапіла? Магчыма, хацелася большай душэўнасці, цеплыні, шчырасці падчас канцэртна-ўшанавальнай праграмы: нашы паважаныя сталыя землякі гэта сапраўды заслужылі.

Многія прадпрыемствы і арганізацыі ў першы дзень кастрычніка звярнуліся да сваіх былых работнікаў са словамі пашаны і падзякі, завіталі з віншаваннямі і падарункамі. На жаль, не ўсіх чакалі такія сюрпрызы, але гэта ўжо на сумленні былых калег. Прыемна здзіўляліся ветэраны і, калі 1 кастрычніка ў гарадскім аўтобусе з іх не бралі плату за праезд…

Галіна КАНЬКО.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *