Вясковыя парадкі.І беспарадкі . Дзень Савета ў Ляхавіцкім раёне праэкзаменаваў работу Крывошынскага сельвыканкама

Я ў сад пайшоў... Усё глуха, дзіка. Усё травою парасло

У практыцы правядзення Дзён Савета меў месца перапынак. За гэты час у выніку аптымізацыі раён аказаўся падзеленым на 8 сельскіх адміністрацыйных тэрыторый. Адну з іх – Крывошынскі сельсавет – і чакалі “агледзіны” на прадмет добраўпарадкаванасці населеных пунктаў і іншых тэрыторый, функцыянальнасці і якасці работы сацыяльназначных і вытворчых аб’ектаў.

Пракантраляваўшы па дарозе выкананне ранейшых даручэнняў, першы прыпынак Дзень Савета зрабіў у Шчэрбаве, на мяжы вёскі, літаральна пад знакам з указаннем яе назвы. Неўпарадкаванасць на ўездзе ў населены пункт падворка — пытанне з гісторыяй і парасло бур’яном у літаральным сэнсе. Адзначаючы безумоўную адказнасць гаспадара тэрыторыі за яе дагледжанасць, старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч палічыў, што і сельвыканкам у асобе старшыні Уладзіміра Варвашэвіча, і адпаведныя раённыя службы не надта прынцыповыя і не асабліва настойлівыя ў тым, каб на месцы беспарадку з’явіўся парадак. Гэта, аднак, хутчэй лыжка дзёгцю ў шчэрбаўскай бочцы мёду. За апошнія месяцы ў накірунку навядзенні парадку зроблены заметны крок: убіраюцца трухлявыя дамы, прасёлкавыя дарогі знаходзяцца пад увагай, могілкі, ці не з самых ”страшных”, па ацэнцы старшыні райсавета, прыведзены ў нармальны стан, адрамантаваны магазін райпо ў вёсцы Шчэрбава.

Нягледзячы на адсутнасць статусу, Галаўнінцы асацыіруюцца з населеным пунктам новага тыпу і сучаснага зместу – з аграгарадком. Нават зараз, з папраўкай на глыбокую запушчанасць мясцовага СДК, на дрэнную “энергетыку” і не лепшы выгляд галерэі, што злучае аб’ект культуры з вясковай вуліцай. У апошняй, дарэчы, таксама чытаецца былая функцыянальнасць, нягледзячы на цяперашнія няроўнасці пакрыцця. Два магазіны – райпоўскі і “Верас” СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” — тут суседнічаюць і канкурыруюць паміж сабой за пакупніка. Мяркуючы па агучаных сумах грашовых паступленняў, кліенты ёсць: месячная выручка адной гандлёвай кропкі нязначна не дацягвае да 250 мільёнаў рублёў, другой – перавышае названую лічбу.

Свой аздараўленчы сезон дзіцячы лагер “Чайка” даўно ўжо закрыў. Затое адкрыў шлюзы размешчаны на яго тэрыторыі вадаём. Некалькі папярэдніх сезонаў ён выконваў ролю адзіна эстэтычную: радаваў вока, у спякотны сонечны дзень яшчэ больш дражніў жаданне пакупацца. Але неадпаведнасць тамашняй вады санітарным патрабаванням уводзіла на гэтую аздараўленча-забаўляльную ўцеху забарону. Распачатыя намаганні – спуск вады да пэўнага ўзроўню з наступнай ачысткай дна – ставяць мэтай прывесці вадаём у нармальны, прыгодны для купання стан да наступнага лета.

У Крывошынскай сярэдняй школе, з наведвання якой пачаўся Дзень Савета непасрэдна ў гэтай вёсцы, навучаюцца 143 вучні. Гэта робіць яе самай шматлікай сярод сельскіх адукацыйных устаноў раёна. Мінулым летам школа была капітальна адрамантавана: заменены вокны, дзверы, адноўлены дах, выканана рэканструкцыя блока харчовых памяшканняў. Наведванне школы, як і многіх іншых аб’ектаў сістэмы адукацыі раёна, пакідае строга-святочны з элементам настальгіі настрой. Недалёка – уладанні лясніцтва: свежаўзведзены (вытворчасці Шклоўскага завода газетнай паперы) адміністрацыйны будынак, цэх дрэваапрацоўкі, які спецыялізуецца на выпуску некаторых відаў “піловачніку”, іншае.

Станоўча ацаніў добраўпарадкаванне тэрыторыі абласной псіхіятрычнай бальніцы “Крывошын” Яўгеній Юрлевіч.

Транзітам праз Заліпенне, наступным на маршруце быў Ліпск. Школа, якая, па словах дырэктара, знакамітая сваімі выпускнікамі, дзіцячы садок, дзе выхоўваюцца 23 малышы, урачэбная амбулаторыя, лазня, магазіны. Сельскі Дом культуры стаў яшчэ і пляцоўкай пленарнага пасяджэння. Гаварылі многія: кіраўнікі і спецыялісты раённых службаў і ўстаноў, ад эфектыўнасці работы якіх у той ці іншай ступені залежыць якасць жыцця вяскоўцаў. Але не многа, без злоўжывання часам і ўвагай удзельнікаў нарады: канкрэтна, кампетэнтна, пра тое, што ёсць, як здавальняючы стан спраў зрабіць добрым, а добры трансфармаваць у выдатны. Для кожнай з 13 малых і немалых вёсак Крывошынскага сельсавета, для ўсіх яго больш як 2250 жыхароў.

У якасці рэзюмэ да нарады падыдзе заключнае меркаванне Яўгенія Юрлевіча: многае зроблена, але і недапрацовак шмат. Трэба выпраўляць. Праблемы сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва з’яўляюцца таксама і праблемамі старшыні сельвыканкама. Павінна быць наладжана ўзаемадзеянне.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *