Ведаеце, якім ён быў!..

Дырэктар дзіцячага дома У. Ц. Шыловіч з выхавальніцамі (1 мая 1965 г.).

Яго даўно няма на свеце, але людзі памятаюць светлай душы чалавека, выдатнага педагога Уладзіміра Шыловіча.

Нарадзіўся ён 6 лістапада 1932 года ў вёсцы Міхейкі Слуцкага раёна тады Пінскай вобласці. Вучыўся ў гарадской школе № 9, потым у Слуцкім педагагічным вучылішчы. Атрымаў спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў. Па накіраванні прыехаў у Ляхавіцкі раён і ўзначаліў Рамашкаўскую пачатковую школу, адкуль і пайшоў у армію. Служыў у горадзе Роўна на Украіне ў танкавых вой-

сках, быў камандзірам танка. Прайшоў сур’ёзнае выпрабаванне волі і характару. Служба ў арміі зацягнулася для яго на доўгія 4 гады.

Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на педагагічную працу – у Гуліцкі дзіцячы дом № 1. Пасля яго закрыцця Уладзімір Ціханавіч працаваў у Ляхавіцкім дзіцячым доме № 2

(в. Сваятычы) і настаўнікам фізічнай культуры Сваятыцкай сярэдняй школы. Завочна закончыў гістарычны факультэт педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага (зараз – педуніверсітэт імя Максіма Танка). Давялося Уладзіміру Ціханавічу працаваць спачатку за-

вучам Ляхавіцкага дзіцячага дома, а потым дырэктарам. Шмат поспехаў пад яго кіраўніцтвам дасягнулі ў Зубелевіцкай васьмігодцы. Выдатна спраўляўся са шматлікімі абавязкамі на пасадзе за-вуча Ляхавіцкай вячэрняй школы, а з 1977 па 1992 год – завуча Свяціцкай СШ. Быў удастоены знака “Выдатнік народнай асветы БССР”, узнагароджаны граматамі Міністэрства асветы, адзнакамі вобласці і раёна за шматгадовую творчую работу ў школе.

Сапраўдны педагог, інтэлігент, патрабавальны ў першую чаргу да сябе, прынцыповы, выключна прыстойны, тактоўны, сумленны чалавек, прафесіянал. Ён паважаў калег і вучняў, быў неканфліктным, заўсёды гатовым прыйсці на дапамогу. Таму і аўтарытэт Уладзімір Ціханавіч меў неаспрэчны.

А яшчэ ён быў выдатным сем’янінам: клапатлівым мужам і бацькам, пяшчотным дзядулем, добрым гаспадаром, заўзятым грыбніком і пчаляром, любіў спорт, катаўся на каньках, плаваў, іграў у шахматы і шашкі, фатаграфаваў.

Ваенна-патрыятычнае выхаванне маладога пакалення – гэта асобая старонка ў яго біяграфіі. Пачаткам была праца ў дзіцячым доме, затым у Зубелевіцкай школе і, нарэшце, у Свяціцы. Карпатлівая і цяжкая работа па зборы матэрыялаў для школьнага музея не давала яму ніякіх дадатковых пераваг. Але жаданне ўвекавечыць подзвіг свяцічан у гады Вялікай Айчыннай вайны было мацней за ўсё. Шматлікія паходы і экскурсіі, запісы ўспамінаў былых воінаў і партызан, перапіска з імі, падбор матэрыялу і афармленне інтэр’ера музея, канешне, рабіліся па-за яго асноўнай работай — настаўніка і за-

вуча школы. Фактычна адзін, толькі з дапамогай сваёй сям’і і вучняў, ён асіліў вялікую працу: школьны музей “Партызанская слава” яшчэ многія і многія гады будзе ўплываць на агульную пазітыўную атмасферу не толькі ў школе, але і ў самой Свяціцы.

На жаль, не ўсё ён паспеў зрабіць. Марыў пра расшырэнне музея, новыя напрамкі пошукавай работы. Але і тое, што ён ажыццявіў, дазваляе з поўным правам сцвярджаць: гэта быў сапраўдны патрыёт роднай Беларусі, выдатны прафесіянал, добры, чулы, сапраўдны чалавек – Чалавек з вялікай літары.

Любоў СОЦ,

настаўніца Свяціцкай СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *