Чыя Мурка?.. «ЛВ» правёў чарговае апытанне

Нярэдкая карціна – бадзяжныя каты і сабакі. Хтосьці не ўтрымаецца, гледзячы  ў жаласлівыя вочы, і дастане з сумкі што-небудзь з яды, іншыя заўсёды носяць з сабой “прыпасы на ўсякі выпадак”, каб пакарміць галодных жывёл. Ёсць і такія, каму ад гэтага ні холадна, ні горача.   А іншыя  не звяртаюць увагу на бяздомных істот, імкнуцца кінуць у іх чым-небудзь… Псіхолагі сцвярджаюць, што па адносінах чалавека да жывёлы можна  вызначыць, наколькі ён здольны суперажываць чужому гору, схільны да дабрыні, дапамогі іншым.

Яшчэ летам у рэдакцыю патэлефанаваў жыхар адной з вёсак раёна з просьбай напісаць у газеце пра  бадзяжных сабак, якія… прагналі з сотак, дзе пасаджана бульба, дзікоў. І супрацьлеглы прыклад: нямала выпадкаў, калі такія зграі палохаюць, нападаюць на людзей.  Напрыклад, у Мінску сыну супрацоўніка рэдакцыі  давялося праходзіць курс тэрапіі супраць шаленства: яго пакусаў сабака.  Дарэчы, уладальнікі сабак якія парушаюць правілы іх выгулу, могуць быць прыцягнуты да  адміністрацыйнай адказнасці. І ніякае “ён добры, не кусаецца” не   дапаможа.

“Як вы адносіцеся да праблемы бадзяжных жывёл?”, — тэма чарговага апытання раёнкі.

Валянціна МАЛІХТАРОВІЧ, ляхавічанка:

—  Я і “кашатніца” і “сабачніца” ў адной асобе. У мяне дома два сабакі і дзве кошкі. Адну з кошак падабрала на вуліцы. Душа не вытрымала, калі ўбачыла яе, бездапаможную: прынесла дамоў, вымыла, апрацавала ад блох і іншых паразітаў. Цяпер кошку не пазнаць, нават не скажаш, што ў яе было такое бязрадаснае мінулае.  Звычайна, калі іду ў магазін ці па іншых справах, бяру з сабой што-небудзь з яды, каб пакарміць бяздомных жывёлін, калі ўбачу.  Хаця неаднойчы чула ў свой адрас абурэнні жыльцоў аднаго са шматкватэрнікаў. Не разумею такіх людзей:  Бог даў жыццё істоце, незалежна ад таго, чалавек гэта ці сабака, – значыць яна павінна жыць. А клопат пра ”братоў нашых меншых” – не ў цяжар.

Аляксей ЯНУШКЕВІЧ, студэнт:

—Заўсёды нейтральна адносіўся да ўсякіх там “вусатых-хвастатых”. Усё памянялася, калі ў сям’і маёй сястры з’явілася шчаня, якога пяцігадовая пляменніца назвала Рэксам.  Цяпер ён цэнтр сусвету. Усё круціцца вакол яго: хоча гэта, любіць тое. Зразумела, жанчыны — асобы ўражлівыя, любяць кагосьці песціць, клапаціцца.  Але на гэту любоў ”падселі” і мы са шваграм.  Калі прыходжу да сястры ў госці, першай справай  клічу Рэксіка, пагуляць з ім — адно задавальненне.  Цяпер зусім па-іншаму адношуся і да бадзяжных жывёл, мне іх шкада. Нават з аднакурснікамі хадзілі ў  прытулак для сабак, занеслі  корм. Разам з тым лічу, што неабходна прымаць  меры, каб бадзяжных жывёл  было менш, і яшчэ да людзей, якія выкідваюць на вуліцу сваіх гадаванцаў.

Алена САЛАСЦЕЕВА, індывідуальны прадпрымальнік:

— Адназначна магу сказаць: мне іх вельмі шкада. Разумею, усім дапамагчы проста немагчыма, але імкнуся. У мяне дома два каты — звычайныя, беспародныя, але ў маёй сям’і іх любяць бязмежна.  Разам са знаёмымі стараемся  не толькі падкарміць бяздомных коцікаў,  але і лечым іх,  абараняем ад холаду.  Для некаторых знайшлі і клапатлівых гаспадароў, якія не пабаяліся ўзяць іх да сябе ў дамы, і кватэры. Калі бачу скрыні для ахвяравання ў прытулкі для жывёлы, уношу свой уклад, перадавала і корм у прытулак у Баранавіцкім раёне.  Магчыма, і ў нашым раёне можна было б стварыць такі. Думаю, што трэба прымаць меры за жорсткія адносіны да братоў нашых меншых, а частку з сум штрафаў выдаткоўваць на зарплату работнікаў прытулкаў, ветурачоў.

Віктар Пятровіч:

— Чаго іх шкадаваць? Мой сусед, як толькі сцямнее, свайго сабаку з ланцуга спускае, і той пайшоў па агародах  гойсаць. На ўсе скаргі ў мужчыны адзін адказ:  жывёле хоць калі  воля патрэбна, не днём жа яго спускаць, каб каго-небудзь пакусаў. Можна падумаць, ён вечарам ці раніцай не ўкусіць?! Павінна быць служба, якая адлоўлівае сабак на вуліцах. А калі знаходзяць гаспадара, то каб прымалі да яго самыя жорсткія меры – ад штрафу да арышту, хоць на некалькі сутак. Другі раз думаў бы, перш чым спусціць сабаку ці выкінуць.

Таццяна ГЕРАСІМОВІЧ, маладая маці:

— Калі сумна, раяць абняць ката: цяпер сумна не толькі вам, але і кату…  Гумар гумарам, аднак, усіх катоў  абняць нельга. Часта гуляю з дачушкай у парку, скверы ля фантана, па вуліцах горада і бачу мноства і катоў, і сабак.  Дамашніх відаць адразу – чыстыя, дагледжаныя. Але нямала і бадзяжных, яны  не баяцца падыходзіць да людзей.  Як тут не дастаць з сумкі што-небудзь і не пачаставаць галодных. Дачушка, калі збіраемся на прагулку, з дзіцячай непасрэднасцю просіць: “Мама, а коціку  ням-ням палажыла ў сумку?”.

Чалавек павінен заставацца чалавекам пры любых абставінах.

One thought on “Чыя Мурка?.. «ЛВ» правёў чарговае апытанне

  • 27/10/2014 в 14:36
    Permalink

    Нет сил молчать. Одна надежда на помощь газеты. Как можно быть такими бездушными и жестокими к домашним животных? Уже не первый раз в подвале дома №23 по улице Чкалова кто-то убивает маленьких котят … Причем, не вызывает сомнения страшная жестокость. Будто палач (иначе не назовешь) наблюдает за пытками бедного существа. Не буду называть обстоятельства, выдержать трудно — не для слабых нервов. Неужели это невозможно остановить ?! Куда обращаться ?! К участковому? В коммунхоз? А может нужно создать общество защиты бездомных животных? Неравнодушные люди, откликнитесь! Все любят рассуждать на высокие темы, а тут натуральная дикость. И кто же его совершил … Страшно.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *