Вялікія льняныя перспектывы. У мінулы чацвер на базе ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» прайшла рэспубліканская нарада

У мінулы чацвер на базе ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» прайшла рэспубліканская нарада па пытаннях перспектыў развіцця льнаводчай галіны з удзелам намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Субоціна

У Ляхавіцкі раён міністр сельскай гаспадаркі і харчавання  Іван Крупко, дарэчы, прыязджае ўжо другі раз за апошні тыдзень: напрыканцы мінулага з яго ўдзелам прайшла рэспубліканская нарада торфабрыкетчыкаў  і торфаперапрацоўшчыкаў у Тухавічах. На гэты раз у нарадзе прынялі ўдзел кіраўнікі і спецыялісты Мінсельгасхарчу, ільнопрадпрыемстваў краіны, канцэрнаў «Беллегпрам», «Белаграсэрвіс», намеснікі старшынь аблвыканкамаў.

У Беларусі лён вырошчваюць у 36 раёнах.
– Вялікая заслуга, што захавалі гэту галіну: вырошчваем лён, выпускаем тканіны, шыем адзенне. Хапае і праблем. Пачынаем іх пакрыху вырашаць. Вось і сёння ў Ляхавічах вывучаем вопыт
і будзем выпрацоўваць эфектыўны механізм работы для ўсіх такіх прадпрыемстваў у краіне. Да канца года разгледзім гэтыя пытанні на пляцоўцы на ўзроўні Урада, каб канчаткова вызначыць, як найбольш эфектыўна галіна будзе працаваць, – зазначыў Аляксандр Субоцін.

Лён – культура, якую здаўна вырошчвалі нашы продкі, і гэта традыцыя, а традыцыі ў Беларусі шануюць, адзначыў, адкрываючы нараду, Іван Крупко. Ён акрэсліў асноўную задачу: прааналізаваць работу льнаводчай галіны падрабязна на кожным этапе: ад вырошчвання льну да яго перапрацоўкі і продажу ў межах краіны і на экспарт, падвесці вынікі гэтага года, акрэсліць перспектывы. У прыватнасці, былі агучаны наступныя лічбы: сёлета льноперапрацоўшчыкам краіны неабходна было назапасіць 180 тысяч тон ільнотрасты і 55 тысяч тон ільновалакна, каб выканаць дзяржзаказ і стапрацэнтна загрузіць вытворчасць Аршанскага льнокамбіната. Аднак, як адзначыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання, гэтыя паказчыкі не дасягнуты. І калі па Брэсцкай і Гродзенскай абласцях даведзенае заданне амаль выканана, то па іншых рэгіёнах ёсць праблемы, самая нізкая ўраджайнасць ільну сёлета на Віцебшчыне.
– Выдзяленне зямельных угоддзяў для вырошчвання льну, удасканаленне тэхналогіі апрацоўкі глебы ад сяўбы да ўборкі, плюс кантроль за гэтымі працэсамі, мадэрнізацыя заводаў, поўнае аснашчэнне машынна-трактарнага парка, прычым большасць тэхнікі і камплектуючых – каля 90 працэнтаў – выпускаецца ў Беларусі, павышэнне якасці выпускаемай прадукцыі, пашырэнне замежных рынкаў збыту, рэнтабельнасць на кожным участку і па кожным відзе прадукцыі, павышэнне інтарэсу да льну – асноўныя задачы, якія павінны вырашаць усе прадпрыемствы льнаводчай галіны, – сказаў Іван Крупко.
На пленарнай нарадзе, што адбылася ў ГДК, падрабязна прааналізавана сітуацыя ў разрэзе кожнай вобласці і кожнага прадпрыемства, так ці інакш звязанага з ільнаводствам. Агучаны меры, неабходныя для таго, каб зрабіць ільнаводчую галіну рэнтабельнай. Іван Крупко зазначыў, што аблвыканкамы дадаткова фінансуюць развіццё льнаводчых прадпрыемстваў, каб забяспечыць эфектыўнасць работы на кожным з тэхналагічных этапаў. Дзякуючы істотнай дзяржаўнай падтрымцы, шэраг заводаў мае добрыя ўраджаі, з выпускаемай прадукцыяй няма праблем ні па колькасці, ні па якасці. Але так атрымліваецца не ва ўсіх.
Яшчэ адзін важны і ў многім вызначальны момант, на якім неаднойчы канцэнтравалася ўвага: большасць ільнозаводаў не мае ўласнай зямлі для вырошчвання даўгунца – сее там, дзе даюць. А які гаспадар са сваіх плошчаў аддасць самыя ўраджайныя ўчасткі? Як падкрэсліў Іван Крупко, неабходна падтрымка як на ўзроўні камітэтаў па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкамаў, так і райвыканкамаў. Прапрацавана пытанне замацавання земляў. І Брэсцкая вобласць такое даручэнне  выканала. Старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз расказаў, што Ляхавіцкаму льнозаводу перададзена ў карыстанне 1600 гектараў зямлі, цяпер ільняны клін прадпрыемства складае 2200 гектараў.
На нарадзе неаднойчы адзначалася, што на кожным прадпрыемстве павінен быць неабходны запас тэхнікі, і, канешне, ішла размова пра кадравы складнік работнікаў, занятых на вырошчванні, уборцы, перапрацоўцы даўгунцу. Уздымаліся і тэмы своечасовага, у належнай колькасці ўнясення мінеральных удабрэнняў, захавання тэрмінаў сяўбы, тэхналогіі вырошчвання культуры і г. д.
Усе азначаныя моманты былі прааналізаваны на прыкладзе работы ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Прычым, вытворчыя працэсы можна было ўбачыць непасрэдна на прадпрыемстве, што і зрабілі ўдзельнікі нарады: пазнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай завода, яго фінансава-эканамічнымі паказчыкамі за студзень – верасень гэтага года.
Экскурсію дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Скакун пачаў са старога цэха, з якога і пачалася гісторыя завода ў 1971 годзе. Тут выпускаюць доўгае валакно. Дарэчы, дзяржзаказ па ім завадчане выканалі на 89 працэнтаў. Пакуль падраздзяленне працуе ў адну змену, але з дня на дзень пачнецца двухзменка. Убачанае ў новым цэху адназначна ўражвае, што адзначалі ўдзельнікі нарады. Нездарма Дзмітрый Скакун назваў праведзеную ў  2014 годзе мадэрнізацыю яшчэ адным днём нараджэння завода: пабудаваны новы вытворчы корпус, кацельня, устаноўлена сучасная лінія па выпуску доўгага і кароткага льновалакна, якая дазволіла павялічыць удзельную вагу валакна і якасць выпускаемай прадукцыі. На гэтыя мэты быў узяты крэдыт у памеры 48 мільярдаў рублёў, палова з іх ужо выплачана.
З не меншым інтарэсам удзельнікі нарады пазнаёміліся з работай іншых заводскіх падраздзяленняў. Асабліва цікавіліся вытворчасцю (лінію запусцілі ў мінулым годзе) папулярнага апошнім часам ільнянога алею, які атрымліваецца шляхам халоднага прасавання. І калі летась завод выпусціў 40 тон алею, то сёлета за дзевяць месяцаў – 24 тоны, рэнтабельнасць узрасла з 11,4 да 29,9 працэнта.
Яшчэ адна фішка Ляхавіцкага льнозавода – перапрацоўка кастры – адходаў, што ўтвараюцца пасля апрацоўкі льнотрасты. З яе тут выпускаюць паліўныя брыкеты. Іх ужо ацанілі і з задавальненнем купляюць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі – у Польшчы, Германіі.
– Працуем прыбыткова, рэнтабельна. Але рэзервы для павелічэння ёсць. Не хочацца скардзіцца на надвор’е, але не надта спрыяльныя для вырошчвання льну ўмовы надвор’я не далі нам атрымаць належную ўраджайнасць, яна сёлета склала 32 цэнтнеры з гектара –
менш, чым летась. Акрамя нашага асноўнага спажыўца – Аршанскага камбіната, адпраўляем валакно на  экспарт. У 2021 годзе ў Кітай і Расію прададзена  660 тон кароткага льновалакна, – расказаў Дзмітрый Скакун.
– Відавочна, кіраўніцтва Ляхавіцкага льнозавода дастаткова ініцыятыўнае. Завадчане шукаюць і знаходзяць новыя віды прадукцыі і стараюцца атрымаць максімум з той сыравіны, якую самі ж і вырошчваюць. Прычым, у ход ідуць нават адходы, з якіх атрымліваецца запатрабаваная прадукцыя. Так, не ўсё ідэальна, але завод па праве з’яўляецца адным з лепшых сярод аналагічных прадпрыемстваў краіны, у яго варта пераймаць вопыт і паказваць  як прыклад, – падкрэсліў Аляксандр Субоцін.

Галіна КАНЬКО.
Фота Маргарыты КУХТА.