Разумны клопат. Шмат гадоў запар Ганна Ламанос з’яўляецца старастай Рагачоў

Пачуць, зразумець, патлумачыць, дапамагчы – менавіта так стараецца дзейнічаць у сваёй грамадскай справе Ганна Ламанос.
Яна стараста вёскі Рагачы, на гэтай важнай вясковай пасадзе амаль два дзесяцігоддзі. Вось такі важкі аўтарытэт Ганна Уладзіміраўна мае сярод рагачоўцаў, якія за больш чым  30 гадоў сталі для ўраджэнкі Баранавіцкага раёна самымі сапраўднымі землякамі.

Шмат гадоў запар Ганна Ламанос з’яўляецца старастай Рагачоў. Гэта вёска ў Востраўскім сельсавеце стала для жанчыны другой малой радзімай.

– У нашай прыгожай вёсачцы жывуць цудоўныя людзі – працавітыя, шчырыя. Канешне, цяперашнія Рагачы і колішнія не параўнаць. Раней у нас былі свае пачатковая школа, сельскі клуб, бібліятэка, магазін. Цяпер застаўся толькі магазін. Нічога не зробіш – такі лёс маюць многія сельскія населеныя пункты. Лічу, у нас добрыя транспартныя зносіны. Па чатыры рэйсы арганізаваны на маршрутах Тухавічы – Баранавічы і Ляхавічы – Тухавічы. Цяпер у Рагачах крыху больш за 50 падворкаў, жыве за 70 чалавек. Не забываюць пра землякоў медыкі – прыязджаюць з Тухавіцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Між іншым, у нас, у адрозненне ад бліжэйшых населеных пунктаў, жыве нямала дзяцей, у дзіцячы садок і школу за імі прыязджае школьны аўтобус. Летам вяскоўцаў становіцца больш – вяртаюцца ў бацькоўскія дамы дзеці, прыязджаюць дачнікі – наваколле ажывае, – расказвае Ганна Ламанос.
Клопатаў у галоўнага чалавека на вёсцы – так часта называюць старасту – хапае, яны штодзённыя, і кожны па-свойму важны і неадкладны. Але Ганна Уладзіміраўна з ахвотай бярэцца за вырашэнне любога пытання, па-іншаму не можа і не жадае – вельмі ж яна неабыякавы чалавек.
– Надзвычай лёгка наладжвае кантакт з людзьмі, актыўная, нікому не адказвае ў дапамозе, сама добрая гаспадыня і патрабуе такога ж гаспадарскага падыходу і ад сваіх аднавяскоўцаў, з гатоўнасцю бярэцца за любую справу, арганізоўвае аднавяскоўцаў і на суботнікі, і на святы. Ганну Уладзіміраўну паважаюць землякі, давяраюць ёй, таму і звяртаюцца за дапамогай і парадай, – характарызуе старасту старшыня Востраўскага сельвыканкама Уладзімір Тадра.
У Ганны Ламанос ёсць свая тактыка ў вырашэнні надзённых пытанняў: рабіць гэта трэба неадкладна, хутка і па гарачых слядах. Вось, напрыклад, раней мелі месца праблемы з водазабеспячэннем – мясцовая воданапорная вежа «баставала». Стараста тут жа тэлефануе ў камунгас, на чыім балансе знаходзіцца аб’ект. Камунальнікі прыязджалі, рамантавалі, не пакідалі людзей без вады – прывозілі ў бочках і бітонах. Вырашана і актуальная дарожная тэма. Пастаянна грэйдзіруецца вясковая дарога, адрамантавана дарога на Тухавічы. Калі ўзнікаюць непаладкі з падачай электрычнасці, тут жа ад старасты званок у раён электрасетак, і ні разу не было, каб заяўку не прынялі, а пытанне не вырашылі.
– Лічу вельмі важным, што ў раёне сталі арганізоўваць сходы па вырашэнні праблем мясцовага значэння. Адзін з іх адбыўся сёлета ў лютым і ў Востраве. Гэта выдатны шанц узняць набалелыя праблемы і адрасаваць іх кіраўнікам розных службаў. Чым і скарысталася. Рагачоўскія могілкі перададзены на баланс камунгаса. Там частку дрэў і кустоўя высеклі, а частку, у тым ліку і аварыйных, пакінулі. А калі здарыцца бяда, і дрэвы паваляцца, то пашкодзяць помнікі і магілы. Хто будзе аднаўляць? – разважае Ганна Ламанос.
Уздымае яна яшчэ адно набалелае пытанне. Неаднойчы да яе звярталіся за дапамогай, каб стараста пасадзейнічаў у падкошванні травы каля прысядзібных участкаў вяскоўцаў. Зразумела, калі чалавек адзінокі, сталы, сам скасіць не можа, сваякоў няма – тады і дапамагчы трэба. Але ёсць і выпадкі, калі дзеці, унукі жывуць недалёка, а касіць павінны іншыя… Ганна Ламанос пераканана, што дзеці павінны клапаціцца пра  сваіх сталых бацькоў – гэта іх абавязак.
З асаблівым захапленнем і шчырасцю, любоўю і пашанай вясковы стараста расказвае пра землякоў, іх лёсы. Многіх добра ведае па сваім папярэднім месцы працы – доўгі час працавала ў райветстанцыі на Востраўскім участку.
Узгадвае, як цікава праходзяць святы вёскі, калі ўшаноўваюць старэйшага і малодшага жыхароў, лепшых гаспадароў і працаўнікоў. У правядзенні свята асаблівую дапамогу аказваюць Востраўскі
СДК і Востраўскі сельвыканкам.
– Як пайшла замуж за тутэйшага хлопца ў 1990 годзе, так наша сям’я і засталася жыць у Рагачах. Мне шчасціць у асабістым жыцці. Муж Іосіф – клапатлівы, уважлівы, дбайны гаспадар. Разам выхавалі траіх дачушак, ганарымся кожнай з іх. Яны ў мяне ўжо дарослыя, працуюць, але для мяне, як і раней, – дзеці, за якіх хвалююся. Вельмі ж хочацца, каб усё ў іх атрымалася. Радуемся унукам, – адзначае
Ганна Ламанос.
Цяпер Ганна Уладзіміраўна працуе вартаўніком на ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі», дарэчы, там жа  шчыруе і муж машыністам-бульдазерыстам.
– Людзям дапамагаць няцяжка. Цяжка, калі не атрымліваецца дапамагчы. Таму стараюся не даваць абяцанняў, якія немагчыма выканаць. Да вырашэння любога, нават нязначнага, здавалася б, пытання трэба падыходзіць узважана і ўважліва, разбірацца да дробязяў, – гаворыць вясковы стараста.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.