Паквасім?..

Гэтым летам ад гарачыні не схавацца нідзе: сцены кватэр і дамоў не выратоўваюць ад спякотных сюрпрызаў надвор’я, якое б’е ўсе рэкорды. На рэчках і вадаёмах раёна з-за павышанай канцэнтрацыі хваробатворных бактэрый купацца забаронена санэпідэмслужбай. Таму кожны для сябе выпрацоўвае ўласную сістэму барацьбы з плюсавой тэмпературай, якая ўжо дабіраецца амаль да 40 градусаў. Некоторыя абсталёўваюць кватэры і рабочыя кабінеты кандыцыянерамі ці вентылятарамі, хтосьці змагаецца з сонечнымі промнямі з дапамогай закрытых жалюзі на вокнах, многія не выходзяць увогуле на вуліцу днём, а калі адпраўляюцца па справах, то абавязкова ў галаўных уборах. І, напэўна, нікому не пашкодзіць выпіць шклянку-другую прахаладжальнага напітку накшталт квасу, мінеральнай вады ці соку. Прайшоўшы на гэтым тыдні наш невялікі гарадок уздоўж і ўпоперак, толькі ў адным месцы давялося натыкнуцца на бочку з квасам. Яго прадавалі на рыначнай плошчы. Такім чынам пра ляхавічан клапоціцца ПГУП “Стрыгельскі”. Дарэчы, толькі тут можна спаталіць смагу квасам з бочкі. На жаль, больш яго ў Ляхавічах не купіш нідзе. Як тут не ўспомніць апошнія дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя, калі са слоікамі ішлі да бочак з квасам для ўсёй сям’і. Тады паўлітровая кружка квасу каштавала 5 капеек. А які смачны ён быў…
Мінулым летам квас з бочкі прадавалі каля магазіна “Усходні”. У тым жа мікрараёне каля магазіна кулінарыі “Каласок” была ўстаноўлена перасоўная палатка, дзе можна было пасядзець у цяньку і папіць соку ці мінералкі. Сёлета яна, магчыма, памяняла дыслакацыю і размясцілася каля кафэ “Алеся”, праўда, чамусьці пераважна не працуе (на шыльдзе напісана, што тут прадаецца на разліў піва і квас). Апушчаныя парасоны стаяць каля ўніверсама “Вясёлка” і кафэ “Ля каштана”. Гандаль там не заўважаны, як і тавары. Чаму так? Хацелася б пачуць канкрэтнае тлумачэнне адказных асоб райпо.
Поўнасцю адсутнічае ў райцэнтры рознічны вулічны гандаль, у тым ліку і безалкагольнымі напіткамі на разліў. І наўрад ці знойдзеш магазін, дзе можна купіць шклянку ліманаду ці мінеральнай вады. Што застаецца нам, спажыўцам? Можна насіць ваду з сабой, аднак гэта не толькі нязручна, але і не надта смачна: літаральна за пару гадзін халодненькае піццё ператвараецца ў непрыемна цёплае. Праўда, можна купіць бутэльку напітку ў магазіне, але ўсю адразу не вып’еш, таму таксама давядзецца насіць з сабою, ці купіць шклянку на разліў у кафэ ці бары.
Усё ж як добра і прыемна было б на вуліцы, адчуўшы смагу, падысці да любога латка, дзе б прадавалі марожанае ці сок прама з халадзільніка. На жаль, пакуль гэта толькі мары, якім, мабыць, сёлета ўжо не спраўдзіцца. Можа ў наступным годзе паклапоцяцца і райпо, і прыватны гандаль, каб землякі не гублялі прытомнасць у пошуку, дзе б вадзіцы напіцца; каб мамы на просьбы маленькіх дзяцей папіць, амаль што са слязамі на вачах не адказвалі: “Пацярпі, дзіцятка, хутка прыйдзем дамоў і там пап’ём”. Такую карціну даводзіцца часта назіраць каля гарадскога фантана, дзе хаваюцца ад спёкі дзеці і дарослыя. Дарэчы там прыйшоўся б ларок з прахаладжальнымі напіткамі і марожаным… І гандлю прыбытак, і спажыўцам карысць і камфорт.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *