Асартымент — рухавік гандлю

Маршрут ахапіў 8 населеных пунктаў раёна. Удзельнікі семінара пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Дзмітрыя Бурдука і старшыні раённага Савета дэпутатаў Яўгенія Юрлевіча наведалі гандлёвыя кропкі, пацікавіліся добраўпарадкаваннем устаноў адукацыі, сацкультбыту і навядзеннем парадку на зямлі. Аднак, галоўнае пытанне ўсё ж датычыла арганізацыі гандлю ў вёсках, забеспячэння таварамі паўсядзённага попыту, прадуктамі харчавання, павышэння культуры абслугоўвання насельніцтва.
Першай гандлёвай кропкай на маршруце быў магазін вёскі Задвор’е з рамантычнай назвай “Над возерам”. Добраўпарадкаваны, пакупнікам прапануецца дастаткова насычаны асартымент тавараў. Ёсць аддзел гаспадарчых і прамысловых тавараў. Тым, хто мае аса-бістую падсобную гаспадарку, можна купіць камбікорм, сельскагаспадарчы інвентар і іншае. Загадчыца магазіна расказала, што калектыў прапагандуе тавары і прадукты мясцовых вытворцаў, таму на прылаўку вырабы мясакамбінатаў Брэстчыны, Ляхавіцкага кааппрама. Прадаўцы стараюцца, каб кожны наведвальнік пакінуў іх магазін з пакупкай, прапануюць тавары на заказ. У сярэднім тавараабарот гэтай гандлёвай кропкі складае 54 мільёны рублёў у месяц.
Падобны падыход і ў магазіне вёскі Альхоўцы. Акуратны інтэр’ер, прадукты і тавары раздзелены на групы, можна сказаць, багаты асартымент. Ды і вонкавы выгляд магазіна яркі і прывабны. Толькі, калі абшывалі будынак сайдынгам, не ўлічылі, што якраз гэты яго від пажаранебяспечны. Да таго ж, матэрыял зэканомілі: тыльны бок магазіна застаўся неахайным, патрабуе рамонту і дах.
На скрыжаванні дарог міжнароднага і рэспубліканскага значэння стаіць магазін вёскі Падсаколле. Зручнае месца, пастаянны транспартны паток. Гэта акалічнасць павінна працаваць на тавараабарот, тым больш, што прыдарожны сервіс для вадзіцеляў на гэтым участку трасы трывала адсутнічае. Але работа прадаўцоў тут зводзіцца да абслугоўвання нешматлікага мясцовага насельніцтва, рэдка — праезджага чалавека. Не прыцягвае ўвагі да сябе гэтая гандлёвая кропка ні выглядам, ні паслугамі, ні асартыментам тавараў. Дарэчы, яшчэ некалькі гадоў назад тэрыторыя вакол магазіна была прыгожа аформлена, з імправізаванымі столікамі і лаўкамі для адпачываючых. Засталіся толькі сляды таго клопату ды пахіленая буслянка. А ўсё можна вярнуць назад з сучаснай карэкціроўкай: летам – яркія парасоны над столікамі, зімой – адведзены куточак унутры магазіна і прапанова чаю, кавы з гарачым бутэрбродам з мікрахвалёўкі, халодных закусак. Напэўна, тады б вырас тавараабарот і была б не 350 тысяч рублёў зарплата прадаўцоў…
Непрывабны магазін і ў вёсцы Шчэрбава. Нават знешне: дах трэба рамантаваць, ганак разбіты. Не скажаш і пра дастатковы асартымент. Ва ўсякім разе, у дзень работы семінара не было ў продажы малака Ляхавіцкага малаказавода. Баранавіцкае і “Савушкін прадукт” – калі ласка. Гэтыя прадпрыемствы завозяць сваю прадукцыю самі і рэгулярна ў вызначаны дзень. Машына мясцовага малаказавода дастаўляе прадукцыю ў свой фірменны магазін “Верас” у Галаўнінцы. Магчыма, райпо трэба заключыць дагавор з прадпрыемствам на дастаўку малака, але папярэдне разлічыцца з доўгам малаказаводу, якому запазычыла больш як 38 мільёнаў рублёў.
Наступны пункт прыпынку – вёска Ліпск, дзе пражывае каля тысячы чалавек. Побач з магазінам райпо працуюць два прыватныя. На іх фоне спажывецкая кааперацыя тут, можна сказаць, выглядае няблага. Брыгада з чатырох прадаўцоў выкарыстоўвае розныя формы гандлю, што кожны месяц забяспечвае 90 мільёнаў рублёў выручкі. Гэта і выкананне папярэдніх заказаў, і работа невялікага кафетэрыя, і разнастайны асартымент прадукцыі, якую штодзённа прапануюць вяскоўцам. Адчуваецца, што прадаўцы тут працуюць з задавальненнем і зацікаўлена, памяшканне добра ўмацаванае, парадак унутры магазіна і на прылягаючай тэрыторыі, ветлівыя работніцы прылаўка. Зарплата ў іх – 960 тысяч рублёў у месяц. Вось дзе варта было б павучыцца калегам.
Па дарозе на Свяціцу спыніліся ля магазіна ў вёсцы Залужжа. У невялічкім памяшканні пакупнікоў няшмат, у асноўным бабулькі-пенсіянеркі, якія наведваюцца сюды не толькі і не столькі за пакупкамі, колькі за мясцовымі навінамі. І на гэты раз прыйшлі, пачалі расказваць, якая добрая і клапатлівая ў іх загадчыца магазіна і што яны могуць у сваім магазіне купіць любы тавар. Сапраўды, асартымент прадуктаў харчавання быў у гэты дзень дастатковы. Падноўлены звонку будынак, ля якога цвітуць кветкі, пасаджаныя клапатлівымі рукамі загадчыцы.
Канчатковы пункт маршруту семінара — Свяціца. Старшыня Свяціцкага сельвыканкама Святлана Юрасёва паведаміла, што ў вёсцы пражывае прыкладна 900 чалавек. Самабытная вёска, тут свае звычаі і традыцыі. Хоць праграма семінара і не праду-гледжвала наведвання выставы народнай творчасці, госці пазнаёміліся з ёю і былі ўражаны майстэрствам тутэйшых умельцаў. Наведаліся і ў Свяціцкую СШ, якая рамантуецца перад пачаткам новага навучальнага года. Што датычыць гандлёвага абслугоўвання, яго прадстаўляюць тры магазіны (адзін прыватны). Будынак, дзе размясціўся магазін райпо, мае не надта прывабны выгляд. Падобна, яго пачалі рамантаваць (на ганку выкладвалі плітку). Але там патрэбны немалыя капіталаўкладанні, каб прывесці ўсё ў парадак. На пустуючых плошчах рацыянальна было б размясціць магазін гаспадарчых ці прамысловых тавараў. Між іншым, асартымент у прадуктовым магазіне быў дастаткова разнастайны, прадстаўлены таварамі вытворцаў з Брэста, Пінска, Бярозы, Ляхавіч. Тавараабарот гандлёвай кропкі за месяц складае ў сярэднім 47,3 мільёна рублёў.
Пры падвядзенні вынікаў работы семінара са справаздачай выступіў старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч, які расказаў пра праблемы і перспектывы спажывецкага таварыства. Многія магазіны па-трабуюць рамонту, востра стаіць кадравая праблема. Як зазначыў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, крокам наперад было б дакладнае выкананне першачарговых задач: вывучэнне попыту насельніцтва на тавары, своечасовае выкананне заявак і дастатковае насычэнне магазінаў прадуктамі і таварамі першай неабходнасці. Семінар выявіў шэраг пытанняў, якія патрабуюць адказаў. Напрыклад, цэны на некаторыя прадукты часам не адпавядаюць іх якасці, у прыватнасці, мяса-каўбасныя вырабы Ляхавіцкага ККП, не па сезону дарагія экзатычныя фрукты і прывычная для нашай мясцовасці агародніна.
Дзмітрый Бурдук адзначыў, што прыцягнуць увагу пакупнікоў прадпрыемствы райпо могуць толькі тады, калі будуць зацікаўлены ў гэтым і кіраўнікі спажывецкага таварыства, і работнікі прылаўка.
Аліна ЛАПІЧ.

One thought on “Асартымент — рухавік гандлю

  • 21/09/2010 в 20:23
    Permalink

    стандартная схема заезду начальников в магазины райпо-дарево,коньки,задворье,ольховцы,русиновичи! вот и всё а сьехать в глубь раёна в малые деревни-стоят разбитые и забытые богом и начальством магазины с отсутствием элементарного набора продуктов!!! ужас что творится!! вот в те магазины надо председателю района и вам уважаемая газета!!!!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *