Суровая армейская арыфметыка – месяц арышту за суткі самаволкі

На жаль, жыццёвую ісціну пра тое, што разумны вучыцца на чужых памылках, а неразумны на сваіх, некаторым маладым людзям прыходзіцца засвойваць на сабе.

Дваццацігадовы ваеннаслужачы радавы Яўгеній К. не думаў, што можа трапіць на лаву падсудных, бо з самага пачатку воінскай службы камандзіры і начальнікі проста “насілі яго на руках”. А Яўгеній К. пастаянна шукаў прычыны, каб не выконваць добрасумленна службовыя абавязкі. Учыніў з воінскай часці дзве беспрычынныя самавольныя адлучкі працягласцю менш за суткі. Выхаваўчая работа не дала патрэбнага выніку, ён сваіх памылак не ўлічыў. І неўзабаве пакінуў месца ваеннай службы, каб адпачыць і вольна правесці час па месцы жыхарства. Праз 4 сутак і 16 гадзін быў затрыманы супрацоўнікамі ваеннай камендатуры.

Суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы 26 лістапада 2014 года па прапанове дзяржаўнага абвінаваўцы прызнаў радавога Яўгенія К. вінаватым у самавольным пакіданні месца службы працягласцю больш за двое сутак – гэта значыць, у воінскім злачынстве, прадугледжаным ч.1 арт. 445 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь і прызначыў яму 5 месяцаў арышту з адбываннем пакарання на гаўптвахце ваеннай камендатуры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Строгасць пакарання звязана перш за ўсё з тым, што самавольнае пакіданне часці або месца службы з’яўляецца адным з замахаў на ўстаноўлены парадак праходжання ваеннай службы. Грамадская небяспека данага злачынства абумоўлена тым, што ваеннаслужачы, які ўчыніў самаволку, на той ці іншы адрэзак часу ўхіляецца ад нясення абавязкаў службы, знаходзіцца па-за межамі воінскай часці або месца службы. А гэта парушае воінскі правапарадак, можа адмоўна паўплываць на баявую гатоўнасць падраздзялення, часці. Таму ў даным выпадку, зыходзячы з небяспекі данага злачынства пры назначэнні пакарання, армейская арыфметыка была суровай – месяц арышту за суткі ўхілення. Суд пры назначэнні пакарання ўлічваў таксама і характарыстыку асобы абвінавачваемага, які па службе і да яе характарызаваўся адмоўна.

Ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь учыненне данага злачынства вельмі рэдкі выпадак, паколькі большасць ваеннаслужачых тэрміновай службы добрасумленна і з гонарам выконваюць свой воінскі абавязак. Ну а тым, хто бяздумна разлічвае, што можна без пакарання ўхіліцца ад воінскай службы, нялішне ведаць: за кожным воінскім злачынствам абавязкова будзе пакаранне.

Дарэчы напомніць, што пры ўчыненні злачынстваў у воінскіх фарміраваннях, а таксама пры парушэнні правоў ваеннаслужачых і асоб грамадзянскага персаналу неабходна звяртацца ў аддзел пракуратуры Брэсцкай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства ў войсках па адрасе: г. Брэст, вул. Маякоўскага, 26 або па тэлефоне 8-0162-23-83-41.

С. ЧАРЭДНІК, старшы пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства ў войсках.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *