Школа, я збіраюся!

Доўгачаканыя летнія канікулы пралятаюць вельмі хутка, і праз пару тыдняў школьны званок пакліча хлопчыкаў і дзяўчынак у краіну ведаў, па якой многія паспелі засумаваць. Ужо з сярэдзіны ліпеня здаюць экзамен на падрыхтаванасць да новага навучальнага года бацькі вучняў, прадпрыемствы швейнай вытворчасці і гандлю. Менавіта з гэтага часу па ўсёй краіне пачалі працаваць традыцыйныя школьныя базары. Сучасная, прыгожая, на розныя густы школьная форма, камфортны абутак, пісьмовыя прыналежнасці, партфелі і многае іншае, што спатрэбіцца і першакласнікам, і выпускнікам, у вялікім асартыменце прысутнічае ў буйных спецыялізаваных гандлёвых цэнтрах, магазінах і, безумоўна, на кірмашах. Ляхавічы не сталі выключэннем, хаця, канешне, не ў такіх маштабах, як вялікія гарады. Яшчэ напрыканцы ліпеня на вуліцы каля магазіна “Аліса” размясцілася палатка са школьным таварам. Варта сказаць, што выбар быў не надта вялікі, таму, мусіць, міні-кірмаш і праіснаваў нядоўга. Потым расшыраны продаж арганізавалі на рыначнай плошчы, рух там значна лепшы, але палатка працуе таксама не штодня.
А вось наведванне магазіна “Аліса” прыносіць задавальненне і дзецям, і іх бацькам. Паліцы прыемна ўражваюць разнастайнасцю і багаццем асартыменту. Асабліва бойка пайшоў гандаль, пачынаючы са жніўня.
Па словах загадчыцы магазіна Святланы Байрамавай, за дзень выручка складае ад 2 да 3 мільёнаў рублёў. Як і ў мінулыя гады, адзенне для школьнікаў можна набыць пры жаданні ў крэдыт тэрмінам на тры месяцы пад 19 працэнтаў гадавых з абавязковым першым узносам у 25 працэнтаў агульнага кошту тавару.
У “Алісе” — тавары розных вытворцаў, у асноўным, беларускіх швейных і абутковых фабрык. Прапануюцца касцюмы для хлопчыкаў вытворчасці Баранавіцкай і Навагрудскай швейных фабрык класічнага фасону і розных хадавых колераў. Кошт ад 89000 да 150000 рублёў. Гэтыя прадпрыемствы шыюць і касцюмы для дзяўчынак (ад 80000 да 180000 рублёў). Пры жаданні можна паасабку купіць штаны, спадніцу ці іншае адзенне. Вялікі выбар спартыўных касцюмаў і па мадэлях, і па фактуры. Тут “манапаліруюць” ААТ “Палессе» (Пінск) і ААТ “Бабруйсктрыкатаж”. А вось выбар нацельнай бялізны разнастайнасцю не вызначаецца, хацелася б большага асартыменту, асабліва папулярнай сярод пакупнікоў беларускай фірмы “Світанак”. Што датычыць канцылярскіх прыналежнасцяў, то іх на прылаўках хапае. Алоўкі, ручкі, пеналы, сшыткі радуюць колерам і коштам, дарэчы, цэны на іх тут ніжэй за рыначныя.
У апошнія дні народу асабліва шмат: многія імкнуцца загадзя сабраць партфель і павесіць на плечыкі новае школьнае адзенне. Давялося назіраць, як экіпіруецца ў школу дзяўчынка-другакласніца пад кіраўніцтвам мамы і малодшай сястрычкі. Яны выбіралі абнову ў школу. Прымералі некалькі касцюмаў. Спыніліся на цёмна-сіняй “двойцы” за 89000 рублёў, да яе падабралі белую з карункамі кашулю (36000 рублёў), потым яшчэ спартыўны касцюм (56000 рублёў), лакавыя туфлі (89000 рублёў), яркі партфель (54000 рублёў). А калі да гэтых неабходных рэчаў дадаць яшчэ пісьмовыя прыналежнасці і ўсе астатнія “дробязі”, атрымаецца больш за 500000 рублёў. Вось такая арыфметыка збору дзіцяці ў школу.
Нельга не абысці ўвагай і той факт, што школьнымі таварамі, акрамя райпо, гандлююць прад-прымальнікі. А тавар іх у пераважнай большасці замежны. Разнастайныя канцылярскія тавары для школы можна набыць і ва ўсіх кіёсках ”Брэстаблсаюздруку”. Выбар за пакупніком. Варта паспяшацца, верасень не за гарамі. Школа аб’яўляе гатоўнасць №1.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *