Ах, лета, лета звонкае

Нягледзячы на анамальную спякоту, лета вельмі парадавала хлопчыкаў і дзяўчынак. Нарэшце яны ўдосталь нацешыліся гарачым сонейкам, блукалі па турыстычных сцяжынках, знаёміліся з прыгожымі краявідамі і гістарычнымі мясцінамі Ляхавіччыны і іншых куточкаў Беларусі. Па-ранейшаму самы папулярны адпачынак мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак – аздараўленне ў прышкольных лагерах і любімай усімі “Чайцы”. Апошні настолькі запа-трабаваны, што нават толькі нагадванне яго назвы выклікае ў рабят і іх бацькоў станоўчыя эмоцыі. Ажыятаж у набыцці доўгачаканых пуцёвак назіраецца ўжо з вясны, калі дзеці пастаянна “дастаюць” адным пытаннем : “Калі возьмеш мне пуцёўку ў “Чайку”? Кожная змена ў гэтым маляўнічым куточку непадобная на іншую, праходзіць пад сваім дэвізам. Фантазія ў важатых і выхавацеляў надзвычай багатая, таму любы з 18 дзён кожнай з чатырох змен у рабят насычаны, багаты на разнастайныя цікавыя падзеі, конкурсы і сустрэчы. Тут усё, як у вялікай дружнай сям’і: разам выходзяць на працоўны дэсант, разам умацоўваюць арганізм і загартоўваюцца, разам арганізоўваюць і праводзяць цікавыя сустрэчы і спартыўныя спаборніцтвы. Для кожнага зной-дзецца занятак па душы з улікам інтарэсаў і схільнасцяў. Да таго ж лагер – гэта выдатная педагагічная практыка і магчымасць павучыцца ў больш вопытных калег для студэнтаў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў краіны, якія працуюць тут у якасці педагогаў. І не дзіўна, што раз’язджаюцца і рабяты, і дарослы са слязамі на вачах – так цяжка ім развітвацца.
Па выніках рэспубліканскага мінулагодняга агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер наша “Чайка” ўвайшла ў тройку пераможцаў у намінацыі “Лепшая арганізацыя харчавання аздараўленчага лагера “Здаровае харчаванне – здаровае дзіця”. Немалая заслуга ў паспяховай рабоце летніка Надзеі Патапчык — педагога з вялікім стажам і багажом ідэй. Дырэктар лагера заўсёды падтрымлівае ў пачынаннях сваіх маладых калег, дапамагае і парадамі, і вопытам.
Усяго за лета ў 25 аздараўленчых лагерах рознага тыпу ў нашым раёне адпачылі і паправілі здароўе 1424 юныя жыхары Ляхавіччыны (пры плане 1350) ці 42 працэнты ад агульнай колькасці дзяцей (у 2009 годзе – 40 працэнтаў, 2008 годзе – 37,3 працэнта).
Адпачылі добра, збірайцеся ў школу.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *