БРПА: 35 гадоў разам! Шэраг мерапрыемстваў да юбілею піянерыі прымеркавалі ў кожнай піянерскай дружыне Ляхавіцкага раёна

Першым піянерам суверэннай Беларусі – членам рэспубліканскай піянерскай арганізіцыі сёння ўжо больш за 40 гадоў. Але, напэўна, многія з іх і праз дзесяцігоддзі памятаюць, як іх прымалі ў рады самай масавай дзіцячай арганізацыі, як старэйшыя таварышы павязвалі ім чырвона-зялёныя гальштукі ў колер Дзяржаўнага флага. І ўжо сёлета 13 верасня БРПА адзначыла сваё 35-годдзе. Шэраг мерапрыемстваў да юбілею піянерыі прымеркавалі ў кожнай піянерскай дружыне Ляхавіцкага раёна.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Дарэчы, сёння раённая арганізацыя БРПА – 1 570 піянераў і акцябрат, аб’яднаных у 14 дружын. І, канешне, заўжды разам і побач іх старэйшыя надзейныя сябры – педагогі-арганізатары.
А прыгожым фінальным акордам сталі піянерскія ўрачыстасці непасрэдна ў дзень нараджэння БРПА. У мінулую суботу мнагалюдна было на плошчы Перамогі ў райцэнтры, дзе прайшоў урачысты піянерскі збор «Салют піянерскаму папаўненню!», прысвечаны Дню народнага адзінства і 35-годдзю БРПА.
Застылі ў ганаровай варце піянеры каля Вечнага агню каля помніка воінам, якія загінулі пры вызваленні Ляхавіцкага раёна ад фашызму ў чэрвені – ліпені 1944 года.
Надзейна трымае Дзяржаўны флаг сцяганосец. А вось і яны –галоўныя дзеючыя асобы – 120 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія праз дзясятак хвілін стануць піянерамі. Падтрымліваюць, падбадзёрваюць рабят настаўнікі, бацькі.Загучалі ўрачыстыя акорды, залунаў над роўнымі радамі будучых піянераў Дзяржаўны флаг, дружна, у адзін голас спявалі Дзяржаўны гімн. Віншаванні з цудоўнай падзеяй і пажаданні быць дастойнымі членамі БРПА і грамадзянамі сваёй краіны адрасаваны будучым піянерам.
Права павязаць піянерскія гальштукі новым членам піянерскай арганізацыі дадзена гасцям свята і актывістам піянерскага руху. Хваляванні рабят і дарослых не перадаць – падзея вельмі важная, і місія адказная. Над плошчай гучыць: «Урачыста абяцаю: любіць сваю Радзіму, быць добрым, справядлівым…» – словы піянерскай клятвы, а за ёю шматгалосны адказ на заклік: «Будзь гатовы!» – «Заўжды гатовы!».
У знак пашаны да неўміручага подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны да брацкай магілы ляглі кветкі, і застылі ў хвіліне памяці ўдзячныя нашчадкі.
У мінулым навучальным годзе піянеры паспяхова ўдзельнічалі ў разнастайных акцыях, конкурсах, турнірах, гульнях, фестывалях. Самыя актыўныя дружыны адзначаны на ўрачыстым зборы. Лепшай па выніках мінулага года стала піянерская дружына імя Мікалая Гастэлы СШ № 2, другое месца ў дружыны імя Мікалая Цацына Малагарадзішчанскай СШ, трэцяе месца раздзялілі «Васілёк» Конькаўскай СШ і «Палымяныя сэрцы» гімназіі. Лепшыя дружыны ўзнагароджаны дыпломамі аддзела па адукацыі і статуэткамі «Вогніка» – талісмана БРПА. За актыўнасць адзначаны піянерскія дружыны «Сонечная» СШ № 1, «Крыніца» Дараўскай СШ,
«Вясёлка» Жарабковіцкай СШ, «Спадчына» Навасёлкаўскай СШ, «Радзімічы» Начаўскай СШ.
Яскравым акордам піянерскага збору стала канцэртная праграма «Галасы піянерыі», дзе ў якасці юных артыстаў – музыкантаў, спевакоў, танцораў – піянеры Ляхавіччыны.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.