Ляхавіцкая фартэцыя – не страчаная спадчына. У ляхавіцкім краі ёсць што паглядзець, пра што з цікавасцю даведацца, якія таямніцы прыадкрыць, каб потым пра гэта расказаць іншым

Спачатку крыху гісторыі. Адно з магутных умацаванняў Еўропы ХVІ–ХVІІ стагоддзяў, па меркаванні спецыялістаў, самы прыгожы тагачасны замак на тэрыторыі сучаснай Беларусі – усё гэта Ляхавіцкая фартэцыя. Як сведчаць летапісы, напрыканцы ХVІ стагоддзя ў мястэчку Ляхавічы, якое знаходзілася ва ўладаннях гетмана Вялікага Княства Літоўскага Яна Караля
Хадкевіча, на месцы драўлянага замка на высокім беразе ракі Ведзьмы быў узведзены па ўсіх правілах сярэдневяковай фартыфікацыі каменны замак, умацаваны бастыёнамі. Вакол замка быў вырыты глыбокі роў, а прайсці да збудавання можна было толькі па драўляным мосце.


У выпадку небяспекі мост падымаўся, і замак пераходзіў на асаднае становішча. У замку былі ўстаноўлены пушкі, унутры знаходзіўся невялікі палац. Падчас 13-гадовай руска-польскай вайны 1654–1667 гадоў Ляхавіцкі замак застаўся адным з нямногіх, што не захапілі ворагі. У чарговы раз замак на Ведзьме стаў арэнай баявых дзеянняў падчас Паўночнай вайны са шведамі. Толькі ўявіце, у 1706 годзе замак абараняўся паўгода, і ўсё ж пасля доўгатэрміновай асады шведы ўзялі замак.
Захопнікі вырашылі не пакідаць умацаванне і знішчылі яго. Пазней каменне ад замка разабралі для будаўніцтва… На гэтым, здавалася б, можна было паставіць кропку ў слаўнай гісторыі гэтага магутнага ўмацавання. Аднак існуе памяць, якая вяртае з небыцця. У 1999 годзе ў Ляхавічах на беразе ракі Ведзьмы, дзе калісьці і стаяла сама Ляхавіцкая фартэцыя, усталяваны памятны камень – валун з выявай герба Ляхавічаў. Для многіх землякоў ён лічыцца сімвалам горада. Выява фартэцыі ўпрыгожвае герб горада, таксама яе можна ўбачыць на дэкаратыўных пано, сувенірах і г. д. Дарэчы, па ініцыятыве кіраўніцтва раёна і грамадскіх арганізацый прайшоў раённы конкурс архітэктурных макетаў «Рэха стагоддзяў», прымеркаваны да 80-годдзя Вялікай Перамогі і Года добраўпарадкавання. Адна з намінацый конкурсу – «Ляхавіцкая фартэцыя: страчаная спадчына». Гістарычна-патрыятычная экспазіцыя міні-макетаў фартэцыі выстаўлена для наведвальнікаў у гарадскім Доме культуры.
Гісторыя Ляхавіцкага замка неаднойчы станавілася тэмай разнастайных даследчых работ. Гэта і курсавыя і дыпломныя работы студэнтаў універсітэтаў, даследаванні ляхавіцкіх школьнікаў. Так, калісьці работа «Ляхавіцкая фартэцыя як узор бастыённай сістэмы ўмацавання» гімназісткі Анастасіі Богдан стала адной з пераможцаў рэс-публіканскай навукова-практычнай канферэнцыі. Тады Анастасія і кіраўнік яе работы настаўнік Міхаіл Курловіч падзяліліся адной марай на дваіх – каб на адным з берагоў Ведзьмы з’явіўся макет Ляхавіцкага замка з цэглы, каменя ці дрэва, і каб менавіта з гэтага месца маглі б пачынацца экскурсіі па Ляхавічах.
Нягледзячы на тое, што да нашага часу не захавалася бачных рэшткаў фартэцыі, гэта знакамітае ўмацаванне сярэднявеччат прадаўжае захапляць многіх. Нездарма і сёння гэта месца на беразе Ведзьмы, дзе стаіць камень-валун, – адна з запатрабаваных кропак на турыстычнай карце Ляхавіччыны. І праз некалькі гадоў пасля свайго з’яўлення прадаўжае захапляць мурал «Фартэцыя» на сцяне гарадскога аддзялення паштовай сувязі.
Шматлікія абследаванні, якія праводзіліся на месцы, дзе знаходзіўся замак, меркаванні гісторыкаў пацвердзілі, што тут немагчыма праводзіць археалагічныя раскопкі. Таму адзіным варыянтам захаваць замак у памяці лічыцца ўзвядзенне міні-копіі фартэцыі. Гэта было б сапраўды выдатнае архітэктурнае і гісторыка-культурнае рашэнне. Тым самым мы захаваем памяць для будучых пакаленняў. Менавіта з такой грамадзянскай ініцыятывай у райвыканкам звярнуліся неабыякавыя землякі – прадстаўнікі пакалення маладых і кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні школ раёна. Кіраўніцтва Ляхавіччыны падтрымала патрыятычныя памкненні жыхароў раёна, і было праведзена апытанне наконт стварэння ў межах Ляхавічаў архітэктурна-ландшафтнай кампазіцыі, якая аднаўляе гісторыка-краязнаўчы аб’ект «Ляхавіцкая фартэцыя». 86 працэнтаў рэспандэнтаў выказаліся за такую прапанову.
– Вельмі важна, што землякі шануюць памяць. Асабліва каштоўна, што наша моладзь – сапраўдныя патрыёты, займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Нам, ляхавічанам, ёсць чым ганарыцца, што паказаць, што захаваць і перадаць для будучых пакаленняў. Сведчаннем таму з’яўляюцца акцыі па навядзенні парадку на гістарычных аб’ектах. Вельмі важна зберагчы ўнікальныя дасягненні нашых продкаў, каб перадаць іх нашчадкам. Гісторыка-культурная спадчына з’яўляецца нашым нацыянальным здабыткам, а яе захаванне – гэта абавязак кожнага з нас і агульная справа ўсяго грамадства, – адзначае галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч.
Разам з дырэктарам КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэем Чайкоўскім прыадкрыем некаторыя нюансы новага арт-аб’екта. Гэта будзе драўлянае збудаванне памерам прыкладна пяць на пяць метраў. Прапрацоўваюцца розныя варыянты агароджы – габіоны з камянёў ці драўляная агароджа. Будуць і канава, мосцік і іншыя адметнасці. Абяцаюць, што міні-замак, у які можна зайсці, будзе вельмі нагадваць арыгінальную фартэцыю. Уяўляеце, як гэта будзе цікава людзям розных узростаў?
Што ж, набіраемся цярпення і будзем чакаць, калі гарадскія краявіды папоўняцца новым архітэктурным упрыгожваннем і, адпаведна, папоўніцца турыстычны маршрут Ляхавіччыны.

Галіна КАНЬКО.

З грамадзянскай ініцыятывай пабудаваць міні-копію фартэцыі ў райвыканкам звярнуліся неабыякавыя землякі – прадстаўнікі пакалення маладых і кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні школ раёна. Кіраўніцтва Ляхавіччыны падтрымала патрыятычныя памкненні землякоў, і было праведзена апытанне наконт стварэння ў межах Ляхавічаў архітэктурна-ландшафтнай кампазіцыі,
якая аднаўляе гісторыка-краязнаўчы аб’ект «Ляхавіцкая фартэцыя». 86 працэнтаў рэспандэнтаў выказаліся за такую прапанову.