Марыя, Вера і іншыя. Які на Ляхавіччыне сярэдні ўзрост сакавіцкіх бацькоў?

У сакавіку на Ляхавіччыне нарадзіліся Лоя, Злата, Сафія, Аліса, Марыя, Вера… Дзвюм нованароджаным дочкам бацькі далі імя Каця. Дзяўчынак у першы вясновы месяц нарадзілася дзесяць, хлопчыкаў на тры менш. Іх назвалі Леанід, Дзям’ян, Павел, Валянцін, Марк… – адзначае начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік.
Дзюймоўкай месяца стала Каця, вага якой пры нараджэнні склала 2650 грамаў, рост – 49 сантыметраў.

Самай прадстаўнічай у сакавіку была Віка, якая нарадзілася з вагой 4180 грамаў пры росце 55 сантыметраў. Адметная ў дзяўчынкі і дата нараджэння – 15 сакавіка – дзяржаўнае свята – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Першынец у гэты вясновы месяц зарэгістраваны ў пяці сем’ях, другое дзіця – у трох. Шэсць сем’яў з нараджэннем малыша атрымалі статус мнагадзетных. Чацвёртае дзіця нарадзілася ў адной сям’і, шостае – у дзвюх сем’ях.
Сярэдні ўзрост бацькі – 32 гады, маме 29.  Самы малады тата – 23-гадовы, мама – 18-гадовая. Бацькам стаў і 49-гадовы жыхар Ляхавіччыны, мамай – 40-гадовая зямлячка.
У сакавіку марш Мендэльсона гучаў для сямі пар. Сярэдні ўзрост жаніха – 36 гадоў, нявеста на тры гады малодшая. На Ляхавіччыне ў сакавіку максімальны ўзрост жаніха – 54 гады, нявесты – 49. Самая юная нявеста – 16-гадовая, жаніх на сем гадоў старэйшы.
Начальнік аддзела загса нагадвае, што служба пакуль часова знаходзіцца ў будынку райвыканкама – кабінет 113а.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.