Ёсць прывагі – ёсць і малако

Менавіта на гэтым акцэнтавалася ўвага падчас абласнога семінара па жывёлагадоўлі, які прайшоў на базе Ляхавіцкага і Баранавіцкага раёнаў.

Сярод яго ўдзельнікаў – кіраўніцтва і спецыялісты аблвыканкама і падведамасных арганізацый, старшыні райвыканкамаў, начальнікі і галоўныя заатэхнікі ўпраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкамаў, дырэктары малакаперапрацоўчых і мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў і камбікормавых заводаў.

Месцам правядзення семінара-нарады на тэрыторыі нашага раёна былі абраны дзве гаспадаркі – СВК “Ляхавіцкі” і “Шлях новы”. Іменна гэтыя сельгаскааператывы першымі ў раёне пачалі вытворчасць малака па новых тэхналогіях, пабудаваўшы сучасныя жывёлагадоўчыя комплексы.

Тэма семінара – укараненне сучасных тэхналогій вырошчвання рамонтнага маладняку буйной рагатай жывёлы і вытворчасць малака на малочных комплексах прамысловага тыпу.

Русінавіцкі малочнатаварны комплекс быў першым аб’ектам на маршруце семінара. Старшыня СВК “Ляхавіцкі” Аляксандр Вітко праінфармаваў, што комплексу ўжо 6 гадоў, і ўвесь час тут павялічваюцца надоі і прывагі, малако прадаецца дзяржаве толькі гатункам экстра. Кармленне жывёлы дыферэнцыравана ў залежнасці ад фізіялагічнага стану і прадукцыйнасці: статак раздзелены на 3 тэхналагічныя групы. Такая тэхналогія дазваляе эфектыўна расходаваць кармы і дабівацца высокай іх аддачы. Сярэднясутачныя прывагі жывёл на комплексе больш за 800 грамаў, да канца года тут плануюць надаіць ад кожнай каровы амаль па 8 тысяч кілаграмаў малака. Іменна на гэты факт звярнуў увагу губернатар, адзначыўшы: калі ёсць прывагі, то ёсць і надоі.

Удзельнікі семінара пазнаёміліся з вопытам выкарыстання камп’ютэрнай сістэмы кіравання статкам на комплексе, з арганізацыяй вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы да 2-месячнага ўзросту. У апошнім, напрыклад, дастойны пераймання такі факт: русінавіцкія жывёлаводы і спецыялісты райветстанцыі гатуюць агульнаўмацавальныя прэпараты, электралітныя і супрацьвірусныя растворы для нованароджаных цялят.

Цэхі па вытворчасці малака, сухастою і радзільнае аддзяленне, прафілакторый атрымалі ва ўдзельнікаў семінара станоўчую ацэнку. Чарговы аб’ект на маршруце семінара – малочнатаварны комплекс “Навасёлкі” СВК “Шлях новы”. Сённяшні сельгаскааператыў – чатыры ў адным: у розны час да моцнай гаспадаркі былі далучаны 3 слабейшыя. Некаторыя вытворчыя паказчыкі адрэагавалі на гэта “мінусам”, але, па словах старшыні гаспадаркі Аляксандра Вашчука, сітуацыя стабілізуецца. На семінары гаварылі пра метады арганізацыі вытворчасці высакаякаснага малака на сучаснай ферме з даільнай залай. Падкрэслівалася наколькі важна захоўваць тэхналагічныя патрабаванні пры вырошчванні нованароджаных цялят.

Намеснік старшыні аблсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Сяргей Буткевіч звярнуў увагу на некаторыя праблемы тэхналагічнага характару. Ёсць пытанні па арганізацыі механічных працэсаў (некаторыя не працуюць). А калі выпадае хоць адно звяно агульнага тэхналагічнага ланцуга, то гэта ўжо не тэхналогія. Прычына нізкіх вытворчых паказчыкаў і ў тым, што тут зусім нядаўна перайшлі на дыферэнцыраванае кармленне жывёлы, не прыстасаваны да існуючай тэхналогіі ўтрымання і маладняк. Аднак, у гаспадаркі ёсць станоўчая перспектыва пры ўмове дасканала зробленай работы над памылкамі, што падкрэслілі спецыялісты. Семінар працягваўся ў Баранавіцкім раёне.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *