Прафесія рабіць дабро. 5 студзеня прафесійнае свята адзначаць сацыяльныя работнікі Ляхавіцкага раёна

Дырэктар ТЦСАН Галіна Пішч з загадчыцамі аддзяленняў Таццянай Равінскай, Жаннай Лешык і Таісіяй Макарэвіч.

Як не можа адбыцца сапраўдны мастак без апантанай прагі творчасці, настаўнік – без бясконцай і пры гэтым разумнай любві да дзяцей, так вызначальнымі рысамі для сацыяльнага работніка з’яўляюцца міласэрнасць, спагадлівасць і дабрыня. Гэту прафесію не выбіраюць дзеля высокай зарплаты ці з разлікам на лёгкае правядзенне часу. І тут нельга працаваць напаўсілы. Мусіць, лепш за іншых у нашым раёне гэта ведае дырэктар Ляхавіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Пішч.

Галіна Леанідаўна прыйшла ў сацыяльную службу – тады яшчэ аддзяленне сацыяльнай дапамогі райсабеса – 26 гадоў назад. З таго часу многае змянілася. Вось ужо дзесяцігоддзе дзейнічае ТЦСАН (такія ўстановы ў свой час адкрыліся па ўсёй краіне з мэтай выканання дзяржаўнага стандарту ў галіне сацыяльнага абслугоўвання, прасцей кажучы, каб зрабіць сацыяльнае абслугоўванне больш даступным для насельніцтва), з 2008 года – ужо як юрыдычная асоба. 6 гадоў назад цэнтр справіў наваселле ў капітальна адрамантаваным за бюджэтныя сродкі будынку на вуліцы Юбілейнай.
Сёння ў тэрытарыяльным цэнтры працуюць 93 сацыяльныя работнікі па абслугоўванні на даму, 20 спецыялістаў у 5 рознапрофільных аддзяленнях, псіхолаг і юрыст.
База даных ТЦСАН, у якую ўносяцца ўсе, каму патрэбна спецыяльная дапамога дзяржавы, ці тыя, каму неабходна паспрыяць у вырашэнні цяжкай жыццёвай сітуацыі, абнаўляецца штоквартальна. Сёння ў ёй 3116 адзінока пражываючых пенсіянераў, 544 адзінокія землякі, старэйшыя за 60 гадоў, 332 шматдзетныя і 679 няпоўных сем’яў, 176 адзінокіх інвалідаў 1 і 2 групы праца-
здольнага ўзросту, 52 адзінока пражываючыя інваліды і 80 сем’яў, у якіх выхоўваецца дзіця з інваліднасцю. Наогул, на розных уліках тут значыцца больш за 6000 землякоў. На кожнага заведзена карта, у якую заносяцца звесткі пра атрыманую дапамогу і тую, у якой чалавек усё яшчэ мае пільную патрэбу.
Праводзіцца вялікая работа па выяўленні патэнцыяльных падапечных. Галіна Пішч расказвае, што часцей за ўсё ў базу трапляюць па выніках абследавання. Па плане яно павінна праводзіцца штоквартальна, але на справе далёка не абмяжоўваецца канкрэтнымі тэрмінамі, а за сціплым “па неабходнасці” хаваецца іншая, больш дакладная акалічнасць – вельмі часта. Безумоўна, сур’ёзныя памочнікі для сацыяльнай службы ў гэтай справе сельвыканкамы, далучаюцца і іншыя ўстановы і арганізацыі. У камісію па абследаванні ўключаюцца і прадстаўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях.
Але толькі выяўленнем і ўлікам цэнтр, канешне, не абмяжоўваецца. Камусьці з нашых землякоў патрэбна кансультацыя, хтосьці да сустрэчы са спецыялістамі ТЦСАН і не ведаў, што можа прэтэндаваць на матэрыяльную, адрасную ці гуманітарную дапамогу. Іншаму падкажуць, што няма неабходнасці самому купляць мыліцы, кіёк, інвалідную каляску ці іншыя сродкі рэабілітацыі – ёсць магчымасць узяць напракат у ТЦСАН. Для аднаго самым надзённым пытаннем з’яўляецца рамонт печы, а для другога, магчыма, устаноўка аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка ў якасці засцерагальніка ад нечаканага пажару. Пры неабходнасці аказваюцца паслугі сядзелкі, самыя розныя разавыя платныя паслугі (ад прыгатавання ежы да мыцця вокнаў), праводзіцца комплекснае абслугоўванне.
Дарэчы, па колькасці наведванняў і зваротаў у разліку на 10000 насельніцтва Ляхавіцкі ТЦСАН лідзіруе ў вобласці. Магчыма, таму што, згодна абласной статыстыкі, у нашым раёне сацыяльнае абслугоўванне найбольш даступнае, блізкае да людзей. У раёне 5 дамоў сацыяльных паслуг, якія сталі галоўным і часта адзіным сацыяльна-культурным аб’ектам у сваіх населеных пунк-тах. ДСП дзейнічаюць у Шавялях, Завінні, Гуце, Стральцах і Цыгані. А ў аграгарадку Востраў маецца стацыянарны філіял цэнтра па надомным абслугоўванні. На 146 падапечных тут інспектар і 14 сацыяльных работнікаў, кожны паспявае дапамагаць па 8-12 адрасах.
Наогул жа, на надомным абслугоўванні ў райцэнтры і 80 вёсках – 564 чалавекі. Галіна Пішч пераканана, што лічба можа быць нашмат большай. Не ўсе згодны прыняць дапамогу, нават многія з тых, хто відавочна мае патрэбу, адмаўляюцца ад надомнага абслугоўвання – не гатовы плаціць.
Сёння дамашняе абслугоўванне бясплатнае для ветэранаў вайны і іх сем’яў, а таксама тых, хто мае статус былых вязняў фашысцкіх канцлагераў. Астатнім за паслугі сацыяльнага работніка даводзіцца разлічвацца па вызначаных аблвыканкамам тарыфах, сума залежыць ад рухальнай актыўнасці чалавека. Максімальная, па інфармацыі дырэктара ТЦСАН, каля 200 тысяч рублёў у месяц для ляжачых падапечных (такія людзі знахо-дзяцца на абслугоўванні часова – пакуль не вырашыцца іх далейшы лёс). За гэтыя грошы сацыяльны работнік будзе наведвацца штодзень, акрамя выхадных, гатаваць абед, карміць, прыносіць прадукты з магазіна, прыбірацца ў доме, аплачваць камунальныя паслугі і г.д. Зразумела, што такая нязначная сума не ў стане пакрыць затраты на абслугоўванне, і абсалютную большасць расходаў на гэта бярэ на сябе дзяржава.
Для тых адзінока пражываючых землякоў, хто перамяшчаецца сам, аплата яшчэ меншая – 122 тысячы. А для сацыяльнага работніка распрацавана дакладная інструкцыя, у якой, напрыклад, акрэслена: наведванне падапечных 2-3 разы ў тыдзень, двойчы на тыдзень прынесці па 7 кілаграмаў дроваў і па 2 вядры вады. Вось толькі хто звяртае ўвагу на такія дробязі і дакладна лічыць кілаграмы і вёдры…
Праўда, не сакрэт і тое, што некаторыя падапечныя часам жадаюць нагрузіць сваіх “даглядчыкаў” і іншымі справамі. Напрыклад, апрацоўкай прысядзібнага ўчастка. І хаця гэта не ўваходзіць у кола абавязкаў сацыяльнага работніка (ён павінен усяго толькі дапамагчы знайсці чалавека для апрацоўкі ўчастка і вырашыць некаторыя іншыя арганізацыйныя пытанні), усё ж супрацоўнікі ТЦСАН ідуць насустрач. “У разумных межах, – дадае Галіна Пішч. – Тых, хто лічыць, што сацыяльны работнік абавязаны выкапаць 20 сотак бульбы, каб забяспечыць чыіхсьці дзяцей і ўнукаў на зіму, даводзіцца расчароўваць.”
Увайсці ў чужы дом з добрымі намерамі – мала. У кожнага падапечнага – свой характар, не заўсёды, дарэчы, ужыўчывы. І калі нехта скажа, што стаць сваім для чужога чалавека проста, і на гэта здольны любы, — ён пакрывіць душой.
“Нашы сацыяльныя работнікі малайцы. Для многіх прафесія сапраўды стала справай жыцця. І вельмі прыемна, калі людзі гэта разумеюць і цэняць”, – адзначае кіраўнік тэрытарыяльнага цэнтра.
Што датычыць калектыву ТЦСАН, то сёння ў ім і сапраўды цяжка знайсці выпадковага чалавека – такія тут надоўга не затрымліваюцца. А хто прыйшоў і застаўся – прафесіяналы сваёй справы. Тыя, хто са спагадай выслухае і зробіць усё магчымае, каб дапамагчы. Хто з усёй душой арганізуе дабрачынныя акцыі і першым у іх удзельнічае. Хто не стамляецца прыдумваць новыя цікавыя і захапляльныя справы для сваіх падапечных, ініцыюе новыя формы сацыяльнага абслугоўвання.
Дарэчы, у ТЦСАН сёння сур’ёзна вывучаецца пытанне аб адкрыцці аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей, наспела неабходнасць стварэння аддзялення кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў. На парадку дня – пытанне з падборам памяшканняў. Патрэбны і новыя штатныя адзінкі.
Пакуль жа нашы немаладыя землякі з энтузіязмам наведваюць клубы “Залаты ўзрост” і “Аптыміст”, “Мой файл” (тут пажылым людзям дапамагаюць асвоіць навыкі работы на камп’ютары), “Гаспадынька”, “Спадчына” (клуб аб’яднаў аматараў літаратуры), школу здароўя “Павер у сябе” і іншыя. Дапамагаюць ім у гэтым супрацоўнікі аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі. Яны ж арганізавалі “Вясёлку надзеі” для сем’яў, што выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, і клуб “Адлюстраванне” для тых, хто мае статус сіраты, “Школу маладых бацькоў”, сабралі групу псіхалагічнай дапамогі для сем’яў з так званай групы рызыкі.
5 гурткоў дзейнічае ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў. А яшчэ тут пастаянна шукаюць магчымасці арганізаваць для сваіх наведвальнікаў экскурсіі, бо для людзей з абмежаванымі магчымасцямі гэта выдатны і часта адзіны шанц “выйсці ў людзі”.
Пералічыць усё зробленае і запланаванае ў цэнтры немагчыма. Таму абмяжуемся ўжо згаданым. Варта толькі дадаць, што большасць мерапрыемстваў ладзіцца за бюджэтныя сродкі. Але здараюцца і прыемныя выключэнні. “Летась важкую дапамогу аказалі малочны завод і “БелДан”, за спонсарскія сродкі для інвалідаў была арганізавана паездка ў сталічны цырк, набыты ЖК-тэлевізар у аддзяленне дзённага знаходжання. Сёлета наш сусед “Трансэлектракамплект” падарыў 3 лаўкі і кветніцу на агульную суму 16 мільёнаў рублёў – для нас гэта сур’ёзная падтрымка,– дзеліцца прыемным Галіна Пішч. І прыгадвае яшчэ адзін факт, на жаль, не такі аптымістычны: –На 70 нашых пісьмаў з просьбай аказаць пасільную дапамогу, адгукнуліся сёлета толькі 3 прадпрымальнікі.”
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *