Пушчанскія падарожжы. Адно з выдатнейшых месцаў Беларусі і Брэсцкай вобласці – славутая Белавежская пушча

Адно з выдатнейшых месцаў Беларусі і Брэсцкай вобласці – славутая Белавежская пушча. Самы велічны і вялікі лес у Цэнтральнай Еўропе раскінуўся на плошчы 153 тысячы гектараў. Маляўнічая прырода, неверагоднай прыгажосці старажытныя дрэвы, у тым ліку дуб-патрыярх, узрост якога больш за 6 соцень гадоў. Паветра чыстае і гаючае. А тутэйшыя насельнікі – зубры – даўно сталі сімваламі Белавежскай пушчы.

З усіх куткоў Беларусі і замежжа едуць турысты ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза, каб упэўніцца: цуды і казка сапраўды існуюць. Сустракае шматлікіх гасцей каларытны персанаж – Баба Каргота, якая з жартамі, прымаўкамі і загадкамі суправаджае да варот рэзідэнцыі. Лясныя сцежкі прыводзяць да разнога драўлянага церама. Праўду кажуць, што кожны дарослы ў душы дзіця. Гучна клічуць-зазываюць госці навагодняга героя. Пушчанскі Дзед Мароз заўсёды ў шыкоўным казачным абліччы. І якая ж мілагучная і напеўная ў яго мова — родная беларуская!

Тут шмат чароўнага і незвычайнага: мудрагелістыя скульптуры і драўляныя кампазіцыі, арыгінальныя пабудовы. Падлічыш каля міжнароднай казачнай вярсты (такіх дарожных знакаў у свеце толькі 7) адлегласць да рэзідэнцый сяброў Дзеда Мароза; разгледзіш казачную карту Расіі і Беларусі (яна аб’яднала рэзідэнцыі 21 казачнага чараўніка дзвюх краін); дакранешся да камянёў чароўнага млыну, які за імгненні перамеле дрэнныя ўчынкі ў пыл і пясок; наведаеш майстэрню Матухны-Зімы і музей ледзянога побыту, падыдзеш на Паляне 12 месяцаў да “свайго”, загадаеш мару каля елачкі споўненых жаданняў, павесіш на яе званочак на ўдачу і, як у дзяцінстве, паводзіш карагод… У скарбніцы, дзе Дзед Мароз захоўвае свае галоўныя багацці – пісьмы, малюнкі і вырабы дзяцей, разумееш, колькі ж рабят сталі больш шчаслівымі, калі напісалі яму. І абавязкова прысядзеш у асаблівае крэсла Дзеда Мароза – жаданні, загаданыя ў ім, спраўджваюцца. Не верыце – праверце!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *