Для добрых спраў не трэба нагоды. Навагодні марафон у Ляхавічах дорыць падарункі дзецям

Адной з важных падзей рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” штогод становіцца абласное дабрачыннае свята. 29 снежня яно сабрала рабят з усіх раёнаў Брэстчыны ў цэнтры маладзёжнай творчасці. 15 паспяховых і таленавітых юных ляхавічан – пераможцаў алімпіяд і конкурсаў прынялі ўдзел у яркім і відовішчным ранішніку. Было падрыхтавана мноства святочных сюрпрызаў, сярод якіх самым запамінальным стала прадстаўленне па матывах казкі “Дванаццаць месяцаў”. Намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык падкрэсліў, што такія мерапрыемствы пакідаюць добры след у дзіцячых душах і з’яўляюцца стымулам для дасягнення высокіх вынікаў.

84 дзіцяці-інваліды, што жывуць у нашым раёне, атрымалі ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі навагоднія падарункі. Іх дапамагалі збіраць нераўнадушныя землякі. На працягу амаль месяца супрацоўнікі ЦКРНіР актыўна запрашалі падзяліцца цяплом свайго сэрца з тымі, хто ў гэтым мае асаблівую патрэбу. “ЛВ” ужо расказваў чытачам пра дабрачынныя акцыі і іх удзельнікаў. 29-30 снежня праходзіла акцыя “Рабіць дабро – так проста” ў магазіне “Верас”. За два дні ляхавічане сабралі больш за 2 мільёны рублёў, купілі салодкіх падарункаў амаль на 640 тысяч рублёў. Дарэчы, самі супрацоўнікі “Вераса” дадалі да агульнай сумы яшчэ 420 тысяч рублёў.

Падчас навагодняга марафону на рахунак ЦКРНіР было пералічана 5 мільёнаў 770 тысяч рублёў, больш за 8 мільёнаў ахвяравалі спагадлівыя землякі, калектывы прадпрыемстваў і арганізацый, больш як на 10 мільёнаў рублёў закуплена падарункаў для рабят з абмежаванымі магчымасцямі. Днямі свой уклад у дабрачынную скарбонку ўнесла Свяціцкая СШ.

Падарункі ўжо знайшлі сваіх гаспадароў. А грашовыя сродкі, па словах дырэктара цэнтра Наталлі Маслоўскай, пойдуць на набыццё рэабілітацыйнага абсталявання для выхаванцаў цэнтра. Супрацоўнікі ЦКРНіР вельмі ўдзячны ўсім нераўнадушным за актыўны ўдзел у дабрачыннасці. А 12 студзеня калектыў цэнтра запрашае гасцей на традыцыйныя калядныя сустрэчы, што сталі за гады правядзення своеасаблівым днём адчыненых дзвярэй установы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *